Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры студыёзуса Вырвіча
Авантуры студыёзуса Вырвіча - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры студыёзуса Вырвіча

Электронная книга - «Авантуры студыёзуса Вырвіча». Краткое содержание книги:

Гэта другая кніга, якая расказвае пра прыгоды ў XVIII стагоддзі маладога шляхціца Пранціша Вырвіча і доктара Баўтрамея Лёдніка з Полацка. Цяпер Пранціш стаў студэнтам Віленскай акадэміі, а доктар Лёднік, былы слуга Пранціша, — суровым прафесарам гэтай акадэміі. Абодвум ліцвінам давядзецца выпраўляцца ў небяспечную вандроўку ажно ў Ангельшчыну, праз усю Еўропу, ажыўляць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіваць сапраўднага цмока, уцякаць ад чумы, зарабляць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе і выблытвацца з магнацкіх інтрыгаў вакол трона Рэчы Паспалітай…
1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 124
Перейти на страницу:

— Хіба гэта па-людску — сярод бела дня… Уламлівацца ў дом да сумленных прафесароў… Святыя ўгоднічкі, што ж гэта робіцца…

Лёднік перахапіў запытальны позірк Пранціша.

— Не прадставіліся госці. Незнаёмыя, і не самага высокага палёту, так, прыхлябальнікі панскія. Але не Багінскіх — таму што патрабавалі, каб ці малюнак ляльчын аддаў, ці ляльку пачыніў. А калі прысягнуў ім, што малюнкаў няма, а аўтамат пачыніць немагчыма, бо страчаная важная дэталь, хацелі мяне з сабою звалачы. Залфейцы пагражалі, ірады.

— Ну і? — не вытрымаў Вырвіч. Лёднік скупа ўсміхнуўся.

— Давялося ўспомніць тое-сёе з былых навыкаў. Не забіваў, толькі пагнаў.

Пранціш хмыкнуў, уявіўшы, як раз’юшаны Лёднік учыніў нападнікам маленькі Грунвальд.

— Можа, заявіць у гродскі суд? Ты ж суддзю лечыш, мо паспрыяе? — з надзеяй папытала Саламея. Лёднік пагладзіў яе па галаве і ўздыхнуў:

— Яны ж не самі па сабе прыходзілі, за імі — магнацкая сіла… Забылася, як Валадковіча спрабавалі асудзіць? З усяго княства давялося саюзнікаў збіраць, ды не нашага рангу… Стралою камень не праб’еш.

Пранціш падняў згубленыя злыднямі шаблі, разгледзеў:

— Гербаў няма. Звычайныя аўгустоўкі.

— Вой, што ягоная мосць пан Баўтрамей тут утварыў! — заныў Хвелька. — Ганяў яснавяльможных паноў, як прусакоў… Вой, прыйдуць нам цяпер помсціцца, пасякуць на кавалачкі… Ото ж пан мой былы, ягоная мосць Малахоўскі, калі ягоны вельмішаноўны сусед…

— Сціхні! — абсек слугу Лёднік. — Кожнаму час Богам вызначаны, не схаваешся, як мыш пад місай. Прыбірай лепей у хаце.

Пранціш злосна кінуў на падлогу варожыя шаблі.

— Вось што, Бутрым, давай я скажу сваім хлапцам — паселяцца тут са мной, будзем вартаваць, каб чаго не выйшла! У нас банда — уга! Вінцук Недалужны адзін чатырох раскідае…

— А можа, з’ехаць у Полацак? Ці ў Караблі? — падала голас Саламея. — У Полацку бацькаў дом жа яшчэ не прадалі… І ў Караблях тых, гетманам падораных, дамок маецца, дзе аканом жыве. Урэшце, табе ж прапаноўвалі месца ў Пражскім універсітэце…

— Каб я хаваўся за спінамі студэнтаў? Альбо ўцёк з Вільні, з акадэміі, кінуў кафедру, якую ледзь удаецца адстойваць? — Лёднік пагардліва пакрывіў вусны. — Не дачакаюцца. А вось вы, ваша мосць пан Вырвіч, заўтра ж перасяляйцеся назад у канвент. А цябе, Залфейка, я, бадай, і праўда адпраўлю ў Полацак… Наведаеш і Караблі — як там твае рэспубліканскія рэформы дзейнічаюць у нашых падданых у колькасці аж дванаццаці дымоў.

Што скажуць няўхвальнае і рэзкае на такія прапановы Саламея і Пранціш, можно было прадбачыць…

Наступны дзень Пранціш змарнаваў на тое, каб умацаваць прафесарскі дом на манер сапраўднага замка. Да таго ж, калі падняцца па драўляных сходах на гарышча, у каменнай сцяне меліся невялічкія амбразуры, якія звычайна заторкваліся драўлянымі цурбачкамі. З амбразураў адкрываўся выдатны далягляд на ўвесь двор. Студыёзус падрыхтаваў на гарышчы стрэльбы, порах і кулі, і пісталеты зарадзіў, і жалезны прэнт прывалок, вароты замыкаць дадаткова… Піфагор вельмі сур’ёзна выслухаў настаўленні студыёзуса наконт больш суровага абыходжання са злодзеямі і весела лізнуў маладога гаспадара ў нос.

— Трымалі б цябе, як іншыя паспалітыя людцы, на ланцугу, у голадзе, ды кіем выхоўвалі — болей карысці было б… — прабурчэў Пранціш.

Вечары рабіліся ўсё даўжэйшыя і цямнейшыя, свечак сплывала ўсё больш, да абурэння Хвелькі, і Лёднік усё даўжэй заседжваўся ў сваёй хатняй лабараторыі — але не для таго, каб разгадаць загадку васковай лялькі, а каб нарыхтаваць лекаў — і дзеля акадэмічнай аптэкі, і дзеля сваіх пацыентаў, і для Хвелькавай пячонкі… А яшчэ — ад сардэчнай хваробы ды ад алергіі… Пранціш ведаў, для каго доктар рыхтуе адмысловыя шкляніцы з мікстурамі: для пані Агалінскай і ейнага малодшага сына. Прафесар, як толькі мог часта, сустракаўся з малым, нават навучыў грамаце, дакладней, прымусіў накрэмзаць на паперцы ледзь чытэльнае «Аляксандр». І тую паперку таемна насіў пры сабе, у чым нізавошта не прызнаўся б, бо высмейваў жа сентыментальнасць у іншых…

І зноў няшчасце здарылася, калі трохі адпусціла трывога. Нейкі батлейшчык тузануў за вяровачкі, і лялькі падскочылі і замітусіліся ў адчайных скоках… Лёдніка і Пранціша перастрэлі па-нахабнаму, проста перад прафесарскім домам. На гэты раз шасцёра, у іх былі абыякавыя фізіяноміі наймітаў, якім не ўпершыню забіваць людзей незнаёмых, да якіх асабіста ў іх нічога ніякага. Але справа ёсць справа, і яны яе робяць добра.

1 ... 27 28 29 30 31 32 33 34 35 ... 124
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)