Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Хрыстос прызямліўся ў Гародні

Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Краткое содержание книги:

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 171
Перейти на страницу:

— А можа…

— Хутчэй, братка, хутчэй.

Яны пусцілі коней наўскапыт.

…Калі яны праязджалі праз Ростань, рэдкія людзі былога натоўпу яшчэ аставаліся на ёй. Сядзелі ля ратушы, маўчалі. І маўчанне стала яшчэ больш хмурнае, калі ўбачылі конніка ў чырвонай масцы.

— Паскакалі, — сказаў Зянон, убачыўшы ката і ганца.

— Паскакалі, — Гіаў стругаў мечнай загатоўкай трэсачку.

Марка і Кляонік гулялі ў косці. Нічога не сказалі, толькі змрочна прасачылі за коннікамі.

— Каб самазванец — яны б так хутка па ката не паскакалі, не павезлі, — сказаў Дудар.

— Ясна, — жорстка кінуў Кірык. — Абмішуліліся мы. На нашых вачах другі раз Хрыста ўзялі, а мы далі ім узяць. Апошнюю нашу абарону перад мытарамі. Шкада.

— Кінь глупства вярзці, галава, — усміхнуўся Кляонік. — Проста чалавек. Людзі. Таму і шкада.

Каваль ужо амаль кіпеў:

— Раз хапаюць, раз адразу па ката ды на каразн — значыцца, гэта не проста людзі.

Вус глядзеў на свет змрочнымі вачыма праз бліскучыя залатыя пальцы.

— Да нас прыйшоў. Ведаў, што кепска.

— Каб нас абараніць, прыйшоў, — яшчэ ўзвысіў голас Вястун. — Каб горад свой абараніць. Ад голаду, ад іхняй чумы, ад падаткаў, ад манахаў. Сам Хрыстос! То што, дамо?!

І раптам ён ускочыў. Абвёў вачыма бязлюдную плошчу, сляпучыя пад сонцам муры, зачыненыя ад гарачыні аканіцы.

— Гэй, людзі!

Плошча маўчала.

— Людзі! — гаркнуў на ўвесь голас Кірык. — Забойства! Хрыстос прыйшоў у Гародню!

РАЗДЗЕЛ ІХ ДНО ПЕКЛА

Памыслі, мог я без вачэй вільготныхНа твар зямны глядзець, на воблік той,Так звернуты, што плач вачэй гаротныМіж ягадзіц каціўся баразной?!

Дантэ

Дзе ты, бяда, радзілася,Што за мяне ўчапілася?

Песня

Яны стаялі ў вялікай суднай зале, толькі цяпер не ля дзвярэй, а ля ўзвышэння, на якім высіўся стол. Нікога больш сёння ў зале не было: занадта важлівая была справа, каб дапусціць кагосьці з пабочных, хай сабе і багатых людзей.

Толькі гэтыя трынаццаць з трапяткімі адбіткамі полымя на тварах (перад імі стаяла жароўня, і ад яе агню, здавалася, былі ружовыя хітоны з радна і крывавыя твары). Ды яшчэ варта (латы іхнія ад вобліскаў наліваліся чырванню, дрыжэлі і нібыта плавіліся). Ды яшчэ кат са скрыжаванымі на грудзях, голымі па локаць рукамі ля дзвярэй у катоўню.

Ды яшчэ, высока за сталом, увесь вялікі гародзенскі сінедрыён. Войт Жаба ад замкавага і магістрацкага суда, адзін у двух іпастасях; Юстын і радцы — ад магістрата, радзецкага і лаўнічага суда; Балвановіч з чатырма бязлікімі папамі і Лотр з Камаром і Басяцкім — ад суда духоўнага.

Іосія паказаў вачыма Братчыку на канец прэнга. Каб даўжэйшы быў падважнік, канец гэты прасунулі ў адтуліну ля дзвярэй катавальні: правасуддзе прыгадала падсудным, што яно такое, намякнула, якое яно, прыўзняло з сапраўднага свайго аблічча краёчак самавітай і гожай маскі.

Круцельскі Юрасёвы твар скрывіўся. Ён уздыхнуў.

— Зала чалавеказнаўства, — прашаптаў іудзей.

Братчык нявесела ўсміхнуўся.

— Тут прызнаюцца ў тым, чаго не рабілі, — сказаў Іосія.

— Ну, гэта не навіна, — аднымі вуснамі сказаў Братчык.

Упаў удар молата.

— Дык вось, — сказаў Лотр. — Што прымусіла вас, агідныя ерэтыкі, імя Хрыста, Пана Бога нашага, і апосталаў ягоных сабе прыпісаць і прыўлашчыць?

— Мы ліцадзеі, — з воцатнай усмешкай сказаў лысы Мірон Жарнакрут. — Праўдзівей, я ліцадзей. Іх я проста ўзяў у сябры. Астатнія, былыя мае сябры, выгналі мяне.

— Разам з фургонам? — спытаў Басяцкі.

Маўчанне.

— Добра, — сказаў Лотр. — А што прымусіла вас, няшчасныя, пайсці з ім? Ну вось хаця б ты, мардаты? Як цябе?…

Малады бялёсы мардач спалохана заміргаў вачыма.

— Хлеб.

Сінедрыён нават не пераглянуўся. Але кожнаму нібы стукнула ў сэрца. Гэтыя дні… Суд над мышамі… Збіццё хлебніка… Сённяшняя анафема… Пабоішча на Ростані… Магчыма, змова… Агульнае незадавальненне… І тут яшчэ гэтыя.

— Хлеб? — з асаблівай значнасцю спытаў Камар.

У Братчыка нешта нібы заенчыла, замерла ўнутры. Спачатку Пархвер паказаў ім таямніцу Жалезнага Ваўка, якая, магчыма, магла ўратаваць караля ад нападу. Цяпер ім задалі гэтае пытанне. Ён зразумеў, што паратунку няма і што ведае гэта ён адзін.

Юрась пакасіўся на астатніх. Відовішча, вядома, не з лепшых. Радно, скураныя поршні, зблытаныя валасы. Морды людзей, што здабываюць штодзённую лусту хлеба круцельствамі і маной.

— Жарнакрут брэша, — сказаў ён. — Усе яны прысталі да мяне. Мы, вядома, трохі махлярылі, але мы не зрабілі нічога дрэннага. І нават калі мы зрабілі невядомы нам злачын — адказ мой.

Лотр глядзеў на яго дапытліва. Высокі, дужа добра збіты, валасы залатыя, а твар нейкі смешны: густыя бровы, вочы ненатуральна вялікія і празрыстыя, аблічча мятае. Чорт ведае, што за чалавек.

— Ты хто? Адкуль?

— Юрась Братчык з П'янага Двара. Пачынак П'яны Двор.

— Прасачы там, — сказаў Лотр пану земскаму пісару.

Пісар зашалахцеў вялізнымі аркушамі скураной кнігі. Гэта быў «Вялікі чарцёж Княства». Кардынал глядзеў у вочы чалавеку. Вочы не міргалі. Наадварот, Лотр раптоўна адчуў, што з іх нешта нібыта льецца і памякчае ягоны гнеў і ягоную цвёрдую рашучасць. Не магло быць сумнення — гэты запылены прайдзісвет, гэтая шэльма, што гандлюе ўласным круцельствам, нібыта рабіў яго, кардынала, дабрэйшым.

1 ... 26 27 28 29 30 31 32 33 34 ... 171
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)