(Другазаконьне, 30:6)
Сэрца – гэта месца, куды сьцякаецца й адкуль пад ціскам па ўсім целе разыходзіцца кроў. Столькі рэчак і крыніцаў віруе ў Беларусі! Столькі крыві перапампавала гэтая зямля!.. Сэрца – гэта бясконцыя рытмы перажываньняў, правалы бяды й усплёскі шчасьця: Боль, жарсьці, найвышэйшыя падзеі адбываліся й адбіваюцца ў трапяткой Беларусі. Сэрца – гэта дух, які натхняе й ажыўляе ўсю істоту; гэтак жа, напоўненая пакутай, малітвай і любоўю, аддавала сябе, памірала за ўсіх блізкіх і асьвячала Эўропу хрысьціянская Беларусь.
Транспарт, сувязь, інфармацыя, тэлекамунікацыя – уся кроў сучаснае цывілізацыі спрацуе ў беларускім сэрцы, калі Беларусь абудзіцца й задыхае на поўныя грудзі. Сэрца – гэта галоўнае скрыжаваньне. Таму наш галоўны нацыянальны рэсурс – гэта ня проста "геаграфічнае становішча", а кардынальнае. Сардэчнасьць – ва ўсіх сэнсах.
Сэрца – сымбаль любові. Краіна, якая ўвесьчас ахвяравалася за блізкіх, шчырая й пакорлівая, як ягня; краіна, што прытуліла Ізраіля, краіна, дзе нават мова, сьпевы й імёны створаныя дзеля любові (бо ад паўнаты сэрца гавораць вусны!), дзе ласка й пяшчота складаюць сутнасьць любое часьцінкі, любога імгненьня – гэта тое сэрца, што разрываецца ад любові нават да ворагаў. Ці не таму сярод прычынаў сьмерці ў беларусаў на першым месцы (да 50%) – хваробы сэрца?
“Дабраславёныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць!”
(Мацьвея 5:8)
Кожны беларус мае ў грудзях Сэрца Эўропы. Маленькая Беларусь б'ецца ў табе. Ты чуеш?..
II. БЕЛАРУСКАЯ ГІСТОРЫЯ
Тысячу гадоў таму хтосьці ўпершыню укленчыў на гэтае зямлі, каб памаліцца Ісусу Хрысту.
Так пачалася гісторыя Беларусі.
Тое, што адбывалася ў геаграфічным цэнтры Эўропы дагэтуль, было перадгісторыяй.
І толькі тады, калі тут зьявілася Слова, пісьменнасьць і ясная духовая сьвядомасьць – немая дагэтуль зямля атрымала імя, набыла сэнс і сталася Беларусьсю.
Гісторыя чалавечага сэрца ў ягоных узаемадачыненьнях з Хрыстом зрабілася гісторыяй Сэрца Эўропы.
Гісторыя – найбольш магутны пласт нацыянальнай ідэі.
Гісторыя – казырны аргумант у спрэчках.
Гісторыя – самае відавочнае пацьверджаньне Боскага пакліканьня для Беларусі.
Чым глыбей вывучаеш беларускую гісторыю, тым больш пераконваесься: Бог рыхтаваў гэтую зямлю й гэты народ у сэрцы Эўропы да чагосьці вялікага й цудоўнага.