Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі
- Автор: Пясецкі Сяргей
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: VivaFutura
- ISBN: 985-6056-37-0
- Переводчик: Алесь Астраўцоў
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі». Краткое содержание книги:
– Пры паліцыі альбо немцах, калі прыйдзецца да мяне звярнуцца, кажы мне: мама. А пры суседках ці ўвогуле калі трэба, называй мяне пані Юзэфа.
Вельмі ўсцешыўся я з гэтага. Пачуўся так, быццам на свет наноў нарадзіўся. Зразумеў, што памешчыца гэта загінуць мне не дасць. Ад радасці дык нават слёзы ў мяне з вачэй пайшлі. Схапіў я пані Юзэфу за руку і пацалаваў.
– Дзякуй вам вялікі, – сказаў ёй. – Пакуль жыць буду, не забуду гэтага, і калі буду ў стане, аддзячу за ўсё, бо загінуў бы без пані.
А яна сказала:
– Богу аддзяч, што ёсць тут добрыя людзі і што маюць сэрца нават для сваіх ворагаў, калі тыя ў няшчасці. А ты, я бачу, малады і дурны, дык можа, яшчэ не зусім сапсуты. Таму я цябе выратую, як здолею.
Вось такім чынам я і застаўся там. Спаў і надалей у адрыне, а ўдзень ужо смела па ўсім фальварку хадзіў. Работы было шмат, таму працаваў цэлымі днямі. Зрэшты, і пані Юзэфа цяжка працуе. Нават болей і лепей за мяне. Бо я толькі ад яе рабоце вучуся.
Я вельмі шчаслівы чалавек. Нядаўна яшчэ думаў, што загіну пэўна. І загінуў бы дзе-небудзь ад голаду альбо ад холаду, альбо ад рук немцаў. А цяпер маю і дом, і ежу, і добрую апратку, і дакументы, і гаспадыню, якая да мяне як маці да сына ставіцца. Але дзе там як маці да сына?!… Ад маці сваёй я нічога, акрамя лаянкі, не чуў. А як малы быў, дык яшчэ і біла часта. А пані Юзэфа ніколі дрэннага слова не скажа. І дбае, каб быў сыты, чысты, у бяспецы. Я ёй гэтага ніколі не забуду і, канешне, як толькі будзе магчымасць, аддзячу. Няхай ведае, што мы, бальшавікі, вельмі добрыя і ўдзячныя сэрцы маем!
Таварышу У. Чэрчылю.
3 кастрычніка 1941 года.
Фальварак Буркі.
Пісаць няма калі.
Работы шмат, бо працуем мы толькі ўдваіх… Аднак я буду гэтыя свае Запіскі патроху далей працягваць. Вырашыў я прысвяціць іх таварышу У. Чэрчылю. Так. Бо аказалася, што гэта вельмі вялікі і важны чалавек. Шкада толькі, што не камуніст ён і што англічанін. Аднак цяпер ад яго залежыць перамога ў вайне… Усё гэта дакладна мне пані Юзэфа растлумачыла. Бо перад тым уся палітыка ў мяне ў галаве пераблыталася.
Праз пару тыдняў пасля майго прыходу на фальварак я падчас вячэры пачаў моцна Сталіна клясці. Ведаў, што яго палякі не любяць і хацеў такім чынам пані Юзэфе дагадзіць. А яна сказала:
– Грашыш ты, хлопча! Нельга так брыдка праклінаць. Гэта сведчыць пра недахоп добрага выхавання. А што новая вайна распачалася, дык Сталін яе зусім не хацеў. Гэта Гітлер на Расію напаў, як папярэдне на Польшчу. Гэта ягоная сатанінская справа!
Я на яе ажно вочы ад здзіўлення вытарэшчыў. Нават спалохаўся, бо падумаў, што, можа, яна камуністка альбо агентка НКВД. А яна далей гаварыла:
– Ты цяпер з’яўляешся нашым саюзнікам, бо 30-га ліпеня Сталін і Молатаў у Крамлі ў Маскве дамову з нашым галоўным правадыром генералам Сікорскім заключылі. І цяпер палякі і расіяне будуць змагацца за вызваленне Расіі і Польшчы ад супольнага ворага, Гітлера. А калі пераможам яго, тады Польшча будзе зноў вольная і ў Расіі іншае жыццё пачнецца. Бо ваш урад будзе вымушаны паклапаціцца аб расійскім народзе, які ў выніку вайны дужа пацярпеў. Дапускаю нават, што і ў вас таксама дэмакратычныя асновы ўвядуць.
– А раптам не пераможам Гітлера, бо вельмі гэта спрытны камандзір і магутную армію мае.
А яна сказала:
– Гэта нічога. Можа, мы б самі і не перамаглі, але нам Англія дапаможа.
– Англія?! – спытаўся я і адчуў, што мне ў вачах цёмна робіцца і пачынаю вар’яцець.
Падумайце сабе, людцы: да чаго дажыў Савецкі Саюз!… Тая самая Англія, якая столькі перашкаджала нам у дабрабыце жыць і працаваць; якая хацела зрабіць з нас нявольнікаў і абрабаваць расійскі народ, будзе цяпер нас вызваляць ад Гітлера, які быў такім вялікім нашым сябрам. Адчуў я, што ўжо зусім нічога зразумець не магу. А пані Юзэфа так далей гаварыла:
– Натуральна, Англія. Гэта вялікі народ, стваральнік магутнай цывілізацыі. За імі таксама і Амерыка возьмецца, калі трэба будзе… Ёсць у Англіі выдатны палітык, Уінстан Чэрчыль ягонае імя. Ён Гітлера абавязкова пераможа. Пакуль ім цяжка, бо яны не былі падрыхтаваныя да вайны. Але маюць выдатную прамысловасць, таму вельмі хутка ўзброяцца і адразу з Гітлерам пакончаць.
З таго часу яна пачала мне шмат пра Англію і Амерыку апавядаць. Гаварыла, што Англія ніколі ніводнай вайны не прайграла і што супольна з ёю пяцьсот мільёнаў чалавек працуюць. І што ўжо шмат сотняў год на іх зямлі вораг не быў. Што здолела нават Напалеона перамагчы. Таму і Гітлеру абавязкова рады дасць.
Але мяне найбольш зацікавіў Чэрчыль, бо аказалася, што гэта менавіта ён мусіць Гітлера перамагчы. Я паволі нават пачаў верыць пані Юзэфе, бо пераканаўся, што яна шмат ведае аб тым, што ў свеце робіцца. Нават аб нашым Савецкім Саюзе шмат цікавых рэчаў мне апавядала. І адкуль толькі баба ўсё гэта ведае?!
Вось таму я вырашыў гэтыя мае Запіскі Чэрчылю прысвяціць, каб ён ведаў аб тым, як я моцна яго шаную. Бо неўзабаве англічане сюды прыйдуць, каб немцаў выгнаць. А калі прыйдуць, каб нас вызваліць, дык, ясная рэч, застануцца назаўсёды, каб з людзей адпаведны барыш за вызваленне для сябе спагнаць. Таму варта забяспечыцца і ў выпадку патрэбы мець магчымасць давесці англійскаму НКВД, што я іхняга правадыра вельмі шаную. Шкада толькі, што не маю партрэта Чэрчыля, каб загадзя павесіць, а не тады толькі, як Цэнтральны Камітэт Англійскай капіталістычнай Партыі выдасць такі загад.
Таварышу І.В. Сталіну.
17 кастрычніка 1941 года.
Фальварак Буркі.
Аказалася, што Сталін, хаця і грузін, не быў ніколі здраднікам Расіі. Проста Гітлер яго хітра ашукаў. Ён наўмысна доўгі час прыкідваўся сябрам, каб разам палякаў разбіць, бо Францыі баяўся. Потым абраў спрыяльны момант і, па-здрадніцку парушыўшы міждзяржаўныя дамовы, напаў на нас. Але гэтага яму таварыш Чэрчыль не даруе. Бо англічане – народ з вялікім гонарам і не любяць, калі хто-небудзь слова не трымае. Вось.
Заўважыў я, што пані Юзэфа заўсёды перад ежай кароткую малітву прамаўляе. А аднойчы яна ў мяне спытала:
– Ты, пэўна, не хрышчаны, бо ніколі нават не перахрысціўся.
Ня ведаў я, што ёй на гэта адказаць, але вырашыў схлусіць.
– Мяне маці сама ахрысціла, калі быў малым дзіцёнкам. Але маліцца не навучыла.
– Ведаю, што ў вас рэлігія знаходзіцца пад пераследам, – сказала пані Юзэфа. – Але гэта вельмі дрэнна. Я табе зараз растлумачу, чаму. Бо табе цяжка гэта зразумець. Вось, напрыклад, я хрысціянка. Гэта значыць, стараюся паступаць у сваім жыцці так, як нам Хрыстос наказаў. А найважнейшы ягоны наказ: “Любі бліжняга, як сябе самога”. Як ты лічыш: дрэнна так паступаць ці добра? Ці лепей любіць толькі сябе, а іншых ненавідзець?… Каб я не была хрысціянкай, дык і цябе з той бяды, у якой ты як чалавек апынуўся, не ратавала б. Навошта рызыкаваць дзеля чужога чалавека і да таго ж яшчэ ворага нашага. Бо ведаю, што вас вучылі толькі нянавісці і да Бога, і да іншых людзей. Але паколькі Хрыстос нам казаў нават ворагам прабачаць, а людзям у няшчасці дапамагаць, таму і я табе дапамагла. Вось: дапамагла табе толькі таму, што я хрысціянка. Ці гэта дрэнна?
– Гэта вельмі добра, пані Юзэфа! І я велізарна вам за гэта ўдзячны. Але Богу маліцца не ўмею. Запозна мяне гэтаму вучыць.
Некалькі разоў мы пра рэлігійныя справы размаўлялі. І ўрэшце я нават згадзіўся з тым, што хрысціяне – гэта не зусім подлыя людзі. Натуральна, не сказаў я ёй таго, што насамрэч думаю. Што кожная рэлігія – гэта махлярства, капіталістычныя хітрыкі і опіум для беднага люду. Гэтаму нас навучыла партыя, і так яно і ёсць. Бо каб рэлігія была чымсьці добрым, дык чаму такія мудрыя людзі, як Ленін і Сталін, лічылі яе шкоднай для пралетарыяту? Нават дапускаю, што гэта ўвогуле жыдоўская работа. У нас Троцкі здрадзіў Савецкаму Саюзу. А Хрыстос, напэўна, таксама быў рэакцыяністам і прыслугоўваў англа-амерыканскім капіталістам. Але гэтага я пані Юзэфе не сказаў, каб не зразумела часам, што я – чалавек культурны, а не нейкі там радавы, мужык ці рабочы.
Аднойчы яна мне сказала:
– Ведаеш што, Янка, паколькі ты хрысціянін, варта табе вывучыць хаця б адну малітву. Ёсць прыгожая малітва: Ойча наш. Пакінуў яе для нас сам Хрыстос. Калі ты пажадаеш і будзеш у стане, яна ўкажа табе ўсе тыя дарогі, якімі чалавек павінен кіравацца ў жыцці, асвеціць іх. Я навучу цябе гэтай малітве. А ты яе, для дабра сваёй душы, хоць раз у дзень прачытай, каб табе ў жыцці лепей вялося і каб зразумеў, што маеш у сабе несмяротную душу, а не пустку, якую бальшавікі запоўнілі злосцю і нянавісцю да людзей.