Турба-Элік і яго сябры
- Автор: Ляхновіч Элеанора
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Жанр: Сказки народов мира
Электронная книга - «Турба-Элік і яго сябры». Краткое содержание книги:
У машынак ад здзіўлення адчыніліся капоты — так уразіла іх каменная прыгажосць! Яны стаялі сярод паўночных камянёў ціха і насцярожана. Нязвыклая цішыня іх чамусьці палохала. А баяліся яны нездарма! Бо ў скрыні з каменнямі жыў грозны вартавы — Папяровы Дыназабр! Яго зрабіў Глеб. А было гэта вось так.
Папяровы Дыназабр
Аднойчы вечарам Глеб намаляваў на паперы дракона. Потым размаляваў яго каляровымі алоўкамі і выразаў з паперы нажніцамі. Затым прыладзіў яму лапы і крылы — дракон атрымаўся вельмі прыгожы і лагодны! Хлопчык задаволена агледзіў свой твор… але раптам прыжмурыўся і пагрозліва рыкнуў:
— Дыназабррр!
Дракон адразу ж пераўтварыўся ў грознага Дыназабра. Глеб паставіў яго на паліцу і пайшоў спаць.
…Дыназабр агледзіўся, паварушыў лапамі, расправіў крылы — і паляцеў. Ляціць і грозна рыкае:
— Абрр-забрр, абрр-забрр…
Пераляцеў цераз пакой, дзе спаў хлопчык, паляцеў у залю. Палятаў у цемры. Знайшоў самы ціхі і цёмны куток — пад дыванам. У куце ён абачыў цёмную скрыню. У скрыні — паўночныя камяні. Яшчэ раз папераджальна рыкнуў і схаваўся ў каменнях.
Так Папяровы Дыназабр стаў вартаўніком Паўночных Гор.
Ратаванне Сонейка
На Поўначы зрабілася цёмна. Машынкі ўключылі фары і павольна паехалі па вузкай горнай дарозе. Першым ехаў Сонейка, за ім — Турба-Элік, за Турба-Элікам — Гонка-Стрыж. Раптам Сонейка бачыць: перад ім вялікая чорная пячора — і кліча да сябе сяброў:
— Элік! Стрыж! Хутчэй сюды! Я абачыў пячору-нару! Яна нагадвае тунэльны гараж! Паехалі туды, пагуляем!
— А я не паеду, — кажа Гонка-Стрыж. — Мне ўсяго 4 гады і я баюся ехаць у невядомы тунэль.
— А я не баюся, бо я — адважны ратаўнік! — сказаў гэтак Сонейка і рушыў у пячору. За ім — Турба-Элік. Раптам Сонейка як закрычыць:
— Вой! Сябры! Ратуйцеся! Мяне схапіў нейкі страшны звер і трымае за колцы! Ая-яй! Ратуйце…
Спалоханы Турба-Элік заднім ходам на 3-яй хуткасці выскачыў з небяспечнага тунэля. Машынкі так пералякаліся, што з перапуду ўключылі ўсе свае аўтасігналы: гудкі, аварыйкі, сігналізацыі,і нават «дворнікі»…
Нават калі яны супакоіліся, у гарах доўга яшчэ гуло рэха: бі-бі-бі, бу-бу-бу… Потым ізноў стала ціха. Сябры сталі думаць, што ім рабіць. Думалі яны, думалі і прыдумалі — трэба ратаваць свайго сябра. Турба-Элік і кажа:
— Я паеду на перагаворы са страшным зверам, што жыве ў пячоры, а ты, Стрыж, заставайся тут.
Турба-Элік паехаў павольна, пасвяціў у цёмны тунэль фарамі: нічога няма. Яшчэ праехаў. Запаліў фары дальняга бачання, паглядзеў: нікога няма. Бібікнуў… і бачыць: зыркаюць на яго грозныя зялёныя вочы, а страшная пашча рыкае — абрр-забрр… Турба-Элік з перапуду аж заглох. А страшны звер падпоўз да машынкі — здаецца, вось-вось праглыне яе… І раптам — з явіўся Стрыж!
— Пік-пік! Не бойся, Турба-Элік! Я з табой! Мы разам будзем біцца са страшным зверам і пераможам яго!
— Не трэба са мной біцца, — кажа звер з пячоры, — і я не страшны, а гррозны Папярровы Дыназабрр, вартаўнік Паўночных горр!
— Калі ты не хочаш біцца, тады аддавай так нашага сябра, Сонейка, якога ты захапіў у палон!
— Сонейка не аддам, яшчэ і вас сцапаю!
— Навошта мы табе? — дзівяцца машынкі.
— Ох… Мне патрэбны сябры, — уздыхнуў Дыназабр, — бо я вельмі адзінокі і мне сумна сьцерагчы гэтыя камяні і горы.
— А навошта табе сьцерагчы горы, га, Папяровы Дыназабр? Няўжо іх можна скрасьці? — дапытваюцца машынкі.
— Горы скрасьці немагчыма, — адказвае Дыназабр. — Насамрэч я сцерагу горную цішыню.
— Цішыню???
— Так, цішыню. Ва ўсім свеце ёсць адзінае месца, дзе яшчэ можна пачуць цішыню — гэта горы. Людзі наўмысна прыязджаюць ў горы, каб паслухаць цішыню. Потым яны ходзяць па гарам, любуюцца імі, малююць — я іх не чапаю. А вось свавольнікаў, якія крычаць у гарах, шкодзяць і смецяць, на машынах ездзяць і бібікаюць, я пужаю: сяджу ў пячоры і грозна рыкаю — абрр-забрр! Аж камяні трасуцца! Шкоднікі пужаюцца і больш не лезуць ў горы — баяцца землятрусу.
— А якая яна, горная цішыня? Я ніколі не чуў цішыні, - задуменна сказаў Турба-Элік, — бо ў мяне амаль заўсёды працуе матор.