Журавінка
- Автор: Барадулін Рыгор
- Год: 1972
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Юмористические стихи
Электронная книга - «Журавінка». Краткое содержание книги:
У кнігу Р. Барадуліна ўвайшлі гумарыстычныя вершы, пародыі i эпіграмы. Дасціпным i трапным словам паэт бічуе ўсё адмоўнае, што яшчэ трапляецца ў нашым жыцці.
Перейти на страницу:
АДВЯЧОРКАМ
Пераходзіць каторы раз
Чорны кот радыёлам дарогу.
Недзе ў змроку трактар заграз,
Цягне ўпарта сябе самога.
Хай бы норму сваю ўзараў —
Я жадаю трактару ўдачы.
I ад спраў
i ад тэлестраў
Засынаюць мае Ушачы.
Хоць багата ўжо лютых зім,
Жарка ў грубках гарыць алешнік,
З расцяробаў,
на злосць усім,
Зноў сваё заладзіў насмешнік:
— Цімох,
Цімох,
Павёў дзяўчыну ў мох,
у мох,
Прытуліў,
паваліў
Ох-ох-ох-ох-ох!..
«Непапраўны стары звадыяш!» —
Салаўя лагодна ўшчуваю.
Болей цягне сказаць:
— Ды я ж...
Я сябе юнаком адчуваю.
Гэта хлусяць,
што пастарэў,
Што чаканую
ўжо сустрэў.
Салаўі не лічаць гадоў,
Салаўі не пяюць калыханку.
Зноў праводзіць
яе гатоў
Да світання
ад весніц да ганку...
ЧЭРЦІ ЖЭНЯЦЦА
Хоць на хрэсьбінах не
(Што там зменіцца!),
Чорт жывучы,
Як на здзіў,—
Чэрці жэняцца!
Калі хоча стары
Паджэньшэніцца,
Тут да трох не гавары,—
Чэрці жэняцца!
Да сівой барады
Прыкішэніцца
Хоча юная,
Тады,—
Чэрці жэняцца!
Маладая
З маладым
Зноў каршэняцца,
Значыць,
Сварка йдзе на ўздым,
Чэрці жэняцца!
Хлопец юны,
A ў гадах
Шэфава пляменніца:
Будзе месца,
Будзе дах,—
Чэрці жэняцца!
Хай пярун
Віры знясе,
Там дзе чэрці водзяцца.
Вас да д'ябла,
Чэрці ўсе,—
Час разводзіцца!
ДЗЬМУХАЎЦОВЫ ПУХ
На галавы з'інелы луг
Нахабніста-вясёлы,
Спадае дзьмухаўцовы пух,
Садзіцца без дазволу.
Машын —
Вясёлых сакатух
Аснежыліся колы.
Спадае дзьмухаўцовы пух
Цнатліваю назолай.
На дзьмухаўца адзіны дзьмух
Ён, як Адам той,
Голы.
Спадае дзьмухаўцовы пух —
Святлее ўсё наўкола...
ХТО НА ПАСАДУ ПРЫМЕ!..
Змяняўся з лютым сакавік
У згодзе ды ў дамове.
Завёўся неяк дамавік,
Завёўся ва ўстанове.
Смерць крытыканам-крыкунам
Ён лепшы выручальнік.
Сам ведаў,
Што абедаў нам,
А нам —
Што сніў начальнік.
Настаў спакой.
Навошта злосць!
Навіны ўсе прымалі
На самай зручнай
Што ні ёсць
Ультракароткай хвалі.
I так стараўся дамавік,
Адвык
Ад рэзкіх рухаў.
Знік
Цень яго,
Прапаў язык.
Маўчаў i толькі слухаў.
Віноўнікаў шукаць дарма!
Зацішша на выгодзе.
Паклёпнікі?
Такіх няма!
Ёсць дамавік, дый годзе.
Каму, як кажуць,
Па каму,
Каму па два нібыта.
Ды што казаць,
Калі,
Каму,
Аднойчы пераблытаў.
Перастараўся дамавік,
Як той каваль няўдалы,
Што звёў калісь лямех
на пшык,
I справа заняпала.
У гнева цяжкая рука,
Ён пасмяяцца рады,
i выгналі дамавіка,
Або знялі з пасады.
Што шаптуны?
Што маўчуны?
Бяда адміністрацыі!
Ішла зарплата i чыны.
i раптам —
Ён без працы!
Ён не спакойны тылавік,
Знаём з франтамі ўсімі.
Пакуль свабодны дамавік...
Хто
на пасаду
прыме?..
ЯК «СПІЎСЯ» СЛОН
Слану ў цырку на час халадоў выдаецца літр гарэлкі.
Перейти на страницу: