Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
— Добра, — шэптам сказаў Алесь.
— Я прыйшоў да вас, — шэптам сказаў бацька.
— Я прыйшоў да вас.
— У мяне няма нічога, акрамя вас.
— У мяне няма нічога акрамя вас, — ужо больш цвёрдым голасам паўтараў малады.
— У мяне няма нічога, акрамя магіл, бо я ваш сын.
— У мяне няма нічога, акрамя магіл, бо я ваш сын.
Бацька выпрастаўся, як ад нейкага натхнення.
— Я клянуся любіць вас.
— Я клянуся любіць вас.
— Я клянуся абараняць вашы магілы мячом і зубамі, нават калі мая магіла будзе далёка ад вас.
— Я клянуся… далёка ад вас.
— Бо я ўсё адно буду тут, з вамі. Ба мяне нельга аддзяліць ад вас.
— Бо я… з вамі… Бо мяне нельга аддзяліць ад вас.
— Пакуль не скончыцца жывот людскі на зямлі.
— Пакуль не скончыцца жывот людскі на зямлі.
— Аман.
— Аман.
VII
Лёгкі звон рынуў з вышыні званіцы на цвінтар, на людзей, што выходзілі з царквы, на навакольны парк. Званіца стаяла наўздалёк ад стройнай, са святла пабудаванай царквы, і ў вяроўках званоў біўся, як муха ў павуцінні, клышаногі званар Давід. Дзярбаніў і падцілінкваў так, што званіца як не бурылася.
А з царквы насустрач сонечнаму ліпеньскаму дню выходзілі людзі.
Алесь ішоў недзе пасярэдзіне працэсіі.
— На тваім пострыгу будзе хлопец, якому дадуць трымаць тваю пасму, — сказаў бацька. — Потым ты аддзячыш яму тым самым. Гэта азначае, што вы ўжо ніколі не будзеце ворагамі. Не маеце права.
— А калі і сябрамі не будзем?
Бацька легкадумна засмяяўся.
— Ніхто не прымушае. Але я думаю, вам будзе добра разам. Гэто ўжо маці і я пастараліся. Гэта сын майго лепшага друга, нябожчыка, — мяккая яму зямля, — Мсціслаў Маеўскі.
І вось цяпер Алесь ішоў і напружана чакаў, які ён будзе, гэты невядомы хлопец, з якім яны цяпер не маюць права быць ворагамі. Тое чаканне прымусіла яго быць няўважлівым да царквы і да набажэнства. Помніў толькі суровыя, нечалавеча вялікія вочы анёлаў, іхнія трошкі азызлыя твары і нясмелыя, уседаравальныя ўсмешкі. Помніў застылыя ўсплёскі іхніх крыл над яго галавой і незразумелыя па колеры, — ці ружовыя праз блакітнае, ці блакітныя праз ружовае, — складкі адзенняў. Помніў пералівістую, фіялетавую з золатам фелонь папа і тое, як падала ўніз ягоная епітрахіль — проста, бы драўляная.
Страшнае рыканне дыякана калыхала агеньчыкі свечак, прымушала часам дробна звінець шыбы. Страшнае, бы ў льва з пячоры, рыканне.
Усё гэта было як сон. Ён ведаў, што фрэскі іхняй старажытнай царквы былі дзівам, аб якім казалі ўсе альбомы, нават выдадзеныя ў Парыжы, што іхні пратаіерэй майстра і за гэта ўзнагароджаны камілаўкай, набедранікам і залатым наперсным крыжам, што загоршчынскага дыякана даўно збіраліся за яго дзівосны бас перавесці ў Магілёў і зрабіць іпадыяканам, каб прыслужваў толькі архірэю, ды пабаяліся псаваць адносіны са старым Загорскім. І ўсё гэта было як дурман, і ён бадай што ўзрадаваўся, калі набажэнства скончылася.
Ішоў з прыступак, скоса паглядаючы на новую асобу, якая звалася «пастрыжным бацькам». Пастрыжны ішоў з боку ад яго, ладны, чырвоны тварам, сівы грывай валасоў і кароткімі вусамі. На чырвоным загарэлым твары дзівоснымі здаваліся наіўна-сінія дзіцячыя вочы.
Гэта быў далёкі дзядзька Алеся, Пятро Басак-Яроцкі, гаспадар невялікага маёнтка, былы каўказскі афіцэр. На поясе ў Басака віселі срэбныя нажніцы.
І вось наперадзе Алесь убачыў кілім, а ля кіліма купку людзей. У баку ад іх стаяў хлопчык, якому было, напэўна, страшнавата ад урачыстасці цырымоніі. Белавалосы, з залацістымі вачыма — бы напоены сонцам мёд, — відаць, трошкі слабейшы за Алеся, больш хударлявы, ён стаяў на кіліме, трымаючы ў руках медальён на доўгім залатым ланцужку. Дзівосныя сонечныя вочы глядзелі трошкі ўгору.
Алесь не ведаў, куды яму ісці, і таму ледзь не зрабіў памылкі, накіраваўшыся да купкі людзей.
Басак-Яроцкі паклаў руку яму на плячо.
— Правей фронт, пляменнічак, — ледзь чутна сказаў ён.
Цяпер Алесь ішоў проста на хлопца. І ледзь ногі яго ступілі на пушысты вялікі кілім — са званіцы зноў грымнулі, радасна заліліся званы.
Хлопцавы вочы ласкава глядзелі на Алеся.
— Глядзець весялей, — шапянуў пастрыжны. — Падайце адзін аднаму рукі.
Алесь адчуў у сваёй руцэ руку Мсціслава.
У той жа самы момант усе астатнія, акрамя гэтых трох на кіліме, нават бацька, апусціліся на адно калена.
— Княжацкі сын Аляксандр Загорскі, сын Георгія, унук Данііла, праўнік Акіма і прапраўнік Пятра, схілі апошні раз сваю галаву.