Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0123-0
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 6». Краткое содержание книги:
У шосты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Абеліск» (1971 г.), «Пайсці і не вярнуцца» (1978 г.) і раман «Кар’ер» (1986 г.).
Як ні дзіўна атрымалася, але і мы ненаўмысля пацвердзілі гэты дурацкі міф паліцая. Аказалася во як. Ужо ўлетку, калі насталі для нас гарачыя дзянёчкі і набралася нямала забітых і параненых, патрэбавалі неяк у брыгаду даныя аб стратах за зіму і вясну. Кузняцоў склаў спіс, прынёс сам з Селязнёвым на подпіс і пытаецца: «Як будзем паказваць Мароза? Можа, лепей зусім не паказваць? Падумаеш, два дні ўсяго ў партызанах пабыў». Тут, ведама, я запярэчыў. «Як гэта не паказваць? Што ж ён тады, седзячы на печы памёр?» Селязнёў, памятаю, нахмурыўся — ён не любіў успамінаць тую гісторыю з Марозам. Падумаў і кажа Кузняцову: «А што круціць! Так і напішы: папаў у палон. А далей не наша дзела». Так і напісалі. Прызнацца, я тады прамаўчаў. Ды і што б я сказаў. Што сам здаўся? Хто б гэта зразумеў? Так да нямецкага дадаўся яшчэ і наш дакумент. I паспрабуй цяпер абвергнуць гэтыя дзве паперкі. Лягчэй аказалася Волгу з Донам злучыць, чым да гэтае ісціны дакапацца. Дзякуй вот нашаму Міклашэвічу. Ён усё ж дакапаўся.
Да. А ў Сяльцы тады што ж? Аказаліся ўсе ў зборы, можна было адпраўляць у паліцэйскі ўчастак. Пад вечар вывелі ўсіх семярых са свірна, усе стаялі на сваіх нагах, апроч Бародзіча. Той быў збіты да крыві, і два паліцаі ўзялі яго пад пахі. Астатніх пастроілі па два і пад канвоем пагналі да шашы.
Вось тут ужо блізка фінал, і што і як было далей, мне расказваў сам Міклашэвіч.
Хлопцы яшчэ ў свірне дужа апанурыліся, як пачулі ў двары голас Алеся Іванавіча. Рашылі — схапілі і яго. Дарэчы, да самага іх канца так ніхто і не падумаў інакш — лічылі, не ўбярогся настаўнік, папаўся немцам. I ён ім нічога не сказаў пра сябе. Толькі падбадзёрваў. Сам стараўся вясёлым быць, наколькі, вядома, гэта яму ўдавалася. Казаў, што жыццё чалавечае надта несувымернае з вечнасцю і што ці пятнаццаць гадоў, ці шэсцьдзесят — усё не болей чымсьці імгненне ў вечнасці часу. Яшчэ казаў, што тысячы людзей хоць бы ў тым жа Сяльцы нарадзіліся і адышлі ў нябыт за вякі, і ніхто іх не ведае, не памятае. А вось іх будуць памятаць, і ўжо ў тым іхняя ўзнагарода. Найвялікшая з усіх магчымых у свеце ўзнагарод.
Мусіць, гэта тады ўсё ж мала іх суцяшала. Але тое, што з імі быў іхні настаўнік, іх заўсёдны Алесь Іванавіч, вядома, аблягчала незайздросны іх лёс. Хоць, пэўна, яны б тады шмат далі, каб ён уратаваўся — яны-то яго шанавалі, як бога.
Расказвалі, як вывелі іх на вуліцу ад старасты — збеглася ўся вёска. Паліцаі пачалі адганяць. I тады старэйшы брат гэтых блізнятаў Кажаноў — Іван вылез наперад і да нейкага немца: «Як жа так, маўляў, вы ж казалі: калі прыйдзе Мароз, дык хлопцаў адцусціце. Пусціце ж цяпер». Немец яму парабелумам у зубы, а Іван яму ботам у жывот. Ну той і стрэліў. Іван так і скорчыўся ў гразі. Што там усчалося тады: гвалт, слёзы, праклёны. Ну але ім што — павялі хлопцаў.
Вялі па той самай дарозе цераз масток. Масток направілі трохі, пешкі можна было прайсці, а фурманкі яшчэ не ездзілі. Ішлі, як я ўжо гаварыў, парамі: наперадзе Мароз з Паўлікам, за імі блізняты Кажаны — Астап і Цімка, потым аднафамільцы — Смурны Яўген і Смурны Коля. Ззаду два паліцаі вялі пад рукі Бародзіча. Паліцаяў, казалі, было чалавек сем і чатыры немцы.
Ішлі моўчкі, гаварыць не давалі. Ды і не хацелася, мусіць, гаварыць. Зналі ж, вядуць на смерць. Бо што іх яшчэ магло чакаць у мястэчку. Рукі ва ўсіх былі звязаны ззаду. А наўкола разлегліся палі, знаёмыя ад маленства мясціны. Прырода ўжо дружна кіравала к вясне, на дрэўцах парастрэскаліся пупышкі. Вербіны стаялі бухматыя, абвешаныя жоўтымі махрамі ў голлі. Казаў Міклашэвіч, такая журба напала на яго, што хоць крычы. Яно і зразумела. Каб хоць пажылі, а то па чатырнаццаць — шаснаццаць гадоў хлопцам. Што яны бачылі?