Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 241
Перейти на страницу:

Пятрусь задумліва пастаяў яшчэ на тым месцы. Ён не ведаў, ці так зрабіў, як патрабаваў вайсковы абавязак, мо’ ён і памыліўся тут, падараваўшы жыццё ворагу. Але неяк ён не мог забіць таго чалавека — такая ўжо, пэўна, была яго слабасць.

Калі ён вярнуўся адзін, старшына сустрэў яго позіркам, поўным здзіўлення:

— Пусціў?

— Пусціў.

— Дурань! — коратка вызначыў хлопец. — Пабачыш, як ён заўтра табе галаву прастрэліць.

Рэштку таго дня яны паціху ішлі воддаль дарогі, але ўвесь час стараючыся трымаць яе ў полі зроку. Часам яна знікала за пагоркамі і ляскамі, але потым зноў з’яўлялася, бліскаючы дзе на павароце, ззяючы бялюткімі ізалятарамі на слупах. I ўсё пылілі, пылілі па ёй шматлікія аўтакалоны, матацыклы і фурманкі. Сержант са старшыной усюды, дзе бачна было, назіралі за ёй. Пятрусь маўчаў, сцяўшы вусны, а Агальцоў казаў, злосна бліскаючы чорнымі вачыма:

— Чакай, сцямнее — мы табе наладзім музыку.

Яму вельмі спадабалася ўчарашняя язда, і ён усё чакаў ночы, каб зноў захапіць «добры дрындулет». Але здарылася так, што ўжо ні старшыне і нікому з іх групы не давялося больш пракаціцца па спакуслівай ладнай дарозе.

Ужо незадоўга да захаду сонца яны ўсёй групай узняліся па духмянай збажыне на пагорак з некалькімі развалістымі старымі соснамі. Як выявілася зблізку, тут былі могілкі, недалёка ўнізе тулілася ў садках вёска. У Петруся яшчэ з дзяцінства захавалася да могілак нейкае няпэўна прыкрае адчуванне, і ён, пэўна, абмінуў бы іх, але трэба было ўгледзець, дзе апынулася тая дарога. Вузкай сцяжынкай між абкладзеных каменнямі магіл яны з Агальцовым падышлі да таўшчэзнай сасны, што некалькі асобна ад сваіх суродзічаў высілася над крыжамі на самай выспе. Нупрэеў з дзедам і астатнія байцы засталіся на вобмежку.

Дарога была недалёка. Яе стужка віднелася то там, то тут, перабягала нізінкі і хавалася за пагоркамі. Пятрусь ужо нагледзеў, куды кіраваць адсюль, каб не адбіцца ад яе да ночы, і тады нечакана ўвагу абодвух прыцягнула не зусім звычайнае відовішча.

Не дужа далёка, мабыць, кіламетры з два цераз нізіну, з-за пагорка з’явіўся на дарозе нейкі натоўп людзей. Адсюль нельга было разгледзець, было гэта войска, ці простыя людзі, як яны ішлі і што неслі з сабой. Але было відавочна, што там вельмі многа людзей — галава гэтай працэсіі спускалася ўжо да нізу пагорка, а канца яшчэ не бачна было. Яна рухалася марудна, ці мо’ гэта здавалася так здалёку, вецер адносіў з дарогі ўзняты нагамі пыл.

Хлопцы ўпіліся вачыма ў тое шэсце, прыўзняліся за сасной. Агальцоў высока на лоб ссунуў свае прыгожыя бровы і няпэўна вымавіў:

— Немцы?! Ці не адступаюць?

Але гэта былі не немцы. Калі ўся калона выцягнулася на адхон пагорка, Пятрусь разгледзеў там знаёмыя постаці ў жаўтлявых, выгарэўшых кашулях, прыкмеціў, як бяссільна сунуцца яны па пыльнай дарозе, не ўзнімаючы ад зямлі сваіх ног. А абапал калоны праз колькі крокаў адзін ад аднаго з нарыхтаванымі аўтаматамі ў руках ішлі немцы.

Старшына таксама хутка зразумеў у чым справа, і яны паглядзелі адзін на аднаго тымі выразнымі кароткімі позіркамі, у якіх было і хваляванне, і рашучасць, і ўзаемнае разуменне.

— Слухай, давай назад, туды, дзе лясок! — шапнуў старшына, які, як заўсёды ў такіх выпадках, адразу ўзгарэўся імклівым намерам.

— Чакай, трэба палічыць, колькі іх.

Яны ўдвух, наколькі гэта было магчыма здалёк, палічылі канваіраў. У Петруся іх набралася трыццаць, у Агальцова — дваццаць шэсць.

— Шмат, халера, — сказаў ён.

— Шмат, а як зробім? — пытаў сержант, напружана думаючы, як адолець гэткую групу добра ўзброеных, гатовых да бойкі ворагаў. Але Агальцоў таксама не меў ніякага плана, а час ішоў, калона набліжалася, і трэба было нешта рабіць.

Хлопцы адскочылі ад сасны, кінуліся да сваіх.

— У ружжо — бегучы, крыкнуў Пятрусь. — За мной!

З усяе сілы ён пусціўся па збажыне ў лагчыну, за якой на другім пагорку пачыналася кустоўе і дзе павінна была недзе праходзіць тая дарога. Урассыпную за ім кінулася восем байцоў, лічачы і дзеда, які ва ўсіх вайсковых справах, як умеў, хадзіў пад маладых.

Абліваючыся потам і перакідваючы з пляча на плячо пацежалелы аўтамат, Пятрусь імчаў па кустоўі. Ён усё непакоіўся, каб не спазніцца выйсці на дарогу і каб не згубіць часам каго ў гэтых зарасніках.

Дарога ўрэшце з’явілася перад байцамі — яна тут пралягала па адхоне, зарослым алешнікам і ляшчыннікам. Месца было не дужа здатнае для засады, кустоўе нясмела тоўпілася крокаў у дваццаці ад дарогі і бліжэй не падступала да яе. Гэтая яе старана ад канавы ўзнімалася на пагорак, а тая адхоніста спускалася ўніз, дзе не дужа густое кустоўе хутка знікала і пачыналася сенажаць.

1 ... 24 25 26 27 28 29 30 31 32 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)