Пахвалі пражыты дзень
- Автор: Ткачев Василь
- Год: 1988
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Пахвалі пражыты дзень». Краткое содержание книги:
А Колька ўсё бегае. Ну няхай, няхай пагойсае, яму пасля ўчарашняга карысна. Паслухай, я табе скажу... Пра працэнты — хочаш? У нас каб больш працэнтаў даваць. Сто дзесяць, сто дваццаць... Чуеш? А калі і ўсе сто восемдзесят, а то і дзвесце — тады маланка, газета, падзякі. А я такіх людзей крытыкаваў бы. Смяешся? Крытыкаваў бы, як піць! Ты зрабі сто, але добра. А-а, бачу, не разумееш. Працэнт да працэнта павінен ісці, каб не больш і не менш. Калі ўсе па сто — самы раз, нам больш і не трэба. Роўненька будзем ісці, быццам за рукі ўзяўшыся, і цвёрда. Кожны дзень зробім тое, што і трэба. А то адны наварочаюць дэталей, валяюцца яны пад нагамі, блытаешся толькі ў іх, як у аўсе. Помніш, у дзяцінстве? Поле... Авёс... Жыта... Ну. А ты зрабі сто працэнтаў — і беражы сілу для наступнага дня. Смак павінен быць. Тут як з жонкай, ага. Калі часта, то... Ды што я табе расказваю, не маленькі.
Колька чэша. Не, міма. Гэта ён да Макаравіча паляцеў. Ён, Колька, таксама хацеў да цябе падысці, але пабаяўся. Яго разок у газетцы пра- нячаталі, то цяпер абыходзіць стараной карэспандэнтаў. Паслухай, я табе скажу... Вось зноў камбайн возьмем. «КСК». Начаплялі на яго жалеза — танк ідзе, зямля дрыжыць. Правільна? Правільна. А цяпер распранаюць, дэталі лягчэйшыя робяць. Трэба. Прыдумаюць нешта новае канструктары, знойдуць — і за гэта ім прэміі. За вынаходніцтвы. А каму, каму прэміі? 3 іх яшчэ вылічваць трэба, з канструктараў, таму што па іх жа віне наладкі, пераналадкі, новыя лініі, штампы... А цяпер давай усё па-новаму круці. Круцяць! За новую думку грошы плоцяць, а за старую па галоўцы гладзяць. Свае ж памылкі выпраўляюць за дзяржаўны кошт. Свае. Дык якія тут, пасуньцеся, прэміі? У мяне дружок, я ўжо гаварыў, у інжынерным корпусе засеў, то парасказваў. Гэта, відаць, у нас толькі так можна. Краіна багатая, грошай не шкада. А я б, каб вышэй сядзеў, паказаў бы ім, спецыялістам, маць іх!.. Выбачайце, калі што не так. Баліць. Ага.
Колькі там націкала? Што, ужо палова сёмай? Во разгаварыўся. А дзе ж Колька? Не, відаць, сёння не знойдзе. Асадзі назад. Не той час. Хоць і знойдзе, усё роўна не паспеем узяць. Пакуль дойдзеш, а там, як заўсёды перад канцом, чарга. Слухай, прымі назад пяцёрку... Не спатрэбілася. Трымай, значыць. Ты толькі на мяне не падумай нічога кепскага. Па мне што ёсць, што няма... Колька прычапіўся: давай, сусед, арганізуем. Распаліў апетыт, халера! Ну, Колька! Ну, пузыр! Пайду, спыню яго, а то так і будзе насіцца з пад'езда ў пад'езд, як пчала яго ўджаліла за адно месца. Пішаш нешта, гляджу? Ну, пайду... Не буду перашкаджаць... Хвядос, гаворыш, жыў? Добры чалавек. На майго дзеда падобны. А во, брат, і без камбайнаў былі ж яны, Хвядосы, а нас за вушы выцягнулі з балота. Такім помнікі трэба ставіць. Пайду я... Да пабачэння… Пішы, сусед, пішы... Пачытаем.
Жыў-быў буфет. У паважанай, саліднай арганізацыі. Месца для яго прызначылі ў падвале, за цяжкімі тоўстымі дзвярыма, і па збітых прыступках туды часта спускаліся саслужыўцы, усміхаліся Ларысачцы — так цёпла, міла яе называлі. Яшчэ б! Не будзеш артыстам, і хто ведае, ці атрымаеш жаданы пакунак. Мо і атрымаеш, але худы, ды і прысмакі ў ім будуць менш каларыйныя.
Ларысачка таксама ведала, каму ўсміхацца, каму — не. Навошта перад радавым супрацоўнікам выгінацца? I так добра будзе, перажыве. Вось калі сам Іван Іванавіч загляне — іншая справа, хоць Іван Іванавіч, трэба прызнаць, тут нёс высока марку кіраўніка ўстановы і ад буфета трымаўся падалей. Навошта спускацца па тых прыступках, калі Ларысачка сама прынясе пакунак. У кабінет. У шафу. Іван Іванавіч адлічыць грошы, а сам і не спытае нават, што ў пакунку. Зноў жа — навошта? Ведае: каго-каго, а яго буфетчыца не пакрыўдзіць, бо такое месца, як у падвале, пашукай яшчэ.