Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Віленскія камунары [calibre 3.42.0]
Віленскія камунары [calibre 3.42.0] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Віленскія камунары [calibre 3.42.0]

Электронная книга - «Віленскія камунары [calibre 3.42.0]». Краткое содержание книги:

Віленскія камунары [calibre 3.42.0]
1 ... 22 23 24 25 26 27 28 29 30 ... 91
Перейти на страницу:

Плацілі мне паўрубля з галавы і «кармілі». Карміўся і начаваў я таксама па чарзе — тыдні два ці тры ў кожнага гаспадара, у залежнасці ад ліку «галоў», ці тое вучняў з яго сям’і.

Чаргаванне выклікала ў маіх хлебадаўцаў спаборніцтва, але не ў бок росту, а ў бок змяншэння: кожны стараўся накарміць мяне так, каб яго капейка не перайшла.

Праўда, яда была вельмі здаровая: капуста з грыбамі, бульба з алеем, гарох з бульбаю. Ніколі я раней не думаў, што мяшчане ядуць горш за мужыкоў. А ў гэтую зіму праканаўся.

Праўда што — такі я быў і «дарэктар»... Вучыў чытаць і пісаць па-польску. Чытаць як чытаць, а пісаць і сам добра не ўмеў. Сцішаў сваё сумленне тым, што ёсць «дарэктары», якія самі і чытаць не ўмеюць.

Аднак не слабасць мая ў польскім пісьме выклікала прэтэнзіі з боку маіх працадаўцаў. Пачалі яны наракаць, што мала вучу дзяцей пацерам. «Не відаць, каб і сам любіў маліцца і хадзіць да касцёла», — казалі яны мне проста ў вочы і ўпікалі сваімі паўрублямі і ядою.

Быў жа ў іх яшчэ і «накладны расход»: местачковы ўраднік. Між іншым, ён і развязаў мой лёс. Проста запрасіў да сябе, пачаставаў чаркаю гарэлкі і яечняю і сказаў:

— Вось што, падпольны дарэктар! Вучы дзяцей так, каб бацькі былі задаволены і плацілі мне акуратна. А то не стоіць аўчынка выдзелкі, і я цябе прыхлопну. Будзем шукаць другога...

І адпусціў мяне з мірам. А я быў вельмі рад прычыне і падаўся ў дымісію. Якраз канчалася зіма. Я і так насілу яе вытрымаў. Абрыдла мне маё жабрацкае харчаванне, абрыдла мне і ўся мая «педагагічная» дзейнасць.

За ўвесь гэты час адзіным блізкім мне чалавекам у Брудзянішках быў малады каваль Арон, Абрамаў сын, Залікаў унук, што жыў цяпер у хаце майго нябожчыка дзядулі. Хату мая маці прадала яго бацьку, за 25 рублёў.

І гэты, самы блізкі мне, чалавек часта вельмі трапна падсмейваўся з мае «дарэктарскае» работы. А жонка яго Ева заўсёды казала: «Лепей быць шаўцом у Вільні, чым дарэктарам у Брудзянішках».

Але мусіў я дабыць свой тэрмін — да вясны. Так-сяк яго дабыў. Зашумела веснавая радасць, прыляцелі з выраю жаўранкі і гракі, прыгрэла сонейка страшэнную гразь на брудзяніскіх вуліцах.

Калі я выязджаў, спякла мне Ева на дарогу добрую халу, а Арон падвесяліў мяне і сябе добраю пэйсахоўкаю. І раптам — зрабілася нам сумна расставацца...

— Ну, нічога, — наўмысля вясёла казаў Арон. — Спаткаемся, як будуць лепшыя часы!

— Лепшыя часы! — ківала галавою Ева, кормячы свайго крыклівага першынца сваёю худаватаю ўжо цыцкаю. — Можа наш кіндэр іх дачакаецца...

І я паехаў.

Усю дарогу было мне сумна, хоць такі цёплы ветрык навяваў у акно вагона і кожнае дрэўца пачынала так прыгожа зелянець...

Было гэта вясною 1914 года.

* * *

Прыехаўшы ў Вільню, знайшоў я сабе невялічкі, толькі павярнуцца, але асобны, пакойчык на Вялікай Пагулянцы, недалёка ад кватэры дзядзькі Туркевіча. І пакуль быў без работы, дык разоў колькі заходзіў да гэтага заўсёды вясёлага і гаманлівага чалавека. Ён працаваў цяпер столярам на камбінаце графа Тышкевіча і параіў мне паступіць туды табельшчыкам, бо якраз адкрывалася вакансія. Я і паступіў.

Ён жа першы параіў мне схадзіць калі-небудзь па беларускую вечарынку-суботнік, што адбываліся тады кожную суботу ў Беларускім клубе на Віленскай вуліцы, 29.

— Там табе, — казаў, — павесялее, а то ты нешта без пары нудны, Мацейка!

Пайшоў я. Спярша дзеля цікавасці, а потым — спадабалася.

Там былі невялічкія канцэрцікі, спевы, а пасля — скокі і розныя гульні. Хадзілі туды ў большасці вучні з настаўніцкага інстытута інстытута і хіміка-тэхнічнага вучылішча, розная служачая моладзь, дзяўчаты — дочкі дробных служачых і рабочых, а таксама дзяўчаты, што былі з вёскі і працавалі ў горадзе — хто хатняю прыслугаю, хто прачкаю, хто чым.

Танцавалі вальсы і мазуркі, полькі і кракавякі, але абавязкова таксама «Лявоніху», «Юрачку», «Мяцеліцу». І ўсе казалі адзін аднаму «ты», хоць бы і зусім яшчэ незнаёмыя, — так там было заведзена на беларускі народны лад. Ну і — танны буфет, і плата за ўваход усяго 10—15 капеек.

Не разумеў я тады, што гэткім спосабам уцягвалі беларускія нацыяналісты ў свае сеці «масу». І спадабаў хадзіць туды — от, каб пагуляць... Правадыроў жа беларускага нацыяналізму: братоў Луцэвічаў, прафесара Іваноўскага і іншых мы там і ў вочы не бачылі.

З вядомых людзей давялося мне там бачыць адзін раз Янку Купалу. Ён сарамліва і ціхавата, грудным голасам, прачытаў нам некалькі сваіх вершаў. Здаецца, паскакаў і полечку з нейкаю дзяўчынаю. Выпіў шклянку гарбаты ў буфеце і ціхенька пайшоў з клуба.

1 ... 22 23 24 25 26 27 28 29 30 ... 91
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)