Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Трывожнае шчасце
Трывожнае шчасце - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Трывожнае шчасце

Электронная книга - «Трывожнае шчасце». Краткое содержание книги:

У пенталогіі «Трывожнае шчасце» народны пісьменнік Беларусі Іван Шамякін на аснове ўласна перажытага паказаў лёс усяго пакалення, якое прайшло праз цяжкія выпрабаванні вайны і ў нялёгкіх пасляваенных умовах аднаўляла родны край.
1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 251
Перейти на страницу:

— Чаго ты? — здзівілася гаспадыня.

— Я вельмі баюся, што ён памрэ, — як дзіця, усхліпнула Саша.

— Другога знойдзеш, — магчыма, хацела пажартаваць гаспадыня, але сама пасля была не рада: Саша адхіснулася, і вочы яе бліснулі іскрамі гневу і варожасці.

— Як вам не сорамна, Аня! Вы самі пахавалі мужа. Я кахаю яго, ён мне даражэй за ўсё на свеце… даражэй жыцця…

Ані да болю стала сорамна, яна таксама заплакала.

— Даруй, Шурачка, хіба я хацела паганае сказаць, так… не ўтрымала языка… Божа мой, такі наш лёс жаночы!..

— Я зараз жа паеду да яго. Яму будзе лягчэй, калі я буду пры ім…

— Як ты паедзеш? А работа?

— А што работа? Хіба што здарыцца за дзень-два? Я ж хутка вярнуся… Я толькі пабачу яго, суцешу…

— Але ж закон гэты…

Сапраўды, незадоўга перад гэтым выйшаў закон, згодна з якім за прагул, за спазненне на работу аддавалі пад суд. Сашу, добрасумленную ва ўсім, крыштальна чыстую, заўсёды страшыла думка, што і яна можа неўзнарок трапіць на лаву падсудных. А як яна дакажа, што ёй трэба было абавязкова ехаць, яны ж нават не запісаны ў загсе?

— Не, я паеду. Што будзе — тое і будзе, а я не магу не ехаць.

— То папрасі ў старшыні каня, я падвязу хоць цябе…

— Дзе яго знойдзеш, старшыню! Ды і лепш, каб ніхто не ведаў. Я пайду да Рэчыцы… Паспею на рабочы поезд.

— Проці ночы ў такую дарогу? Божачка мой! — спалохалася гаспадыня.

— Аня, вы не адгаворвайце мяне. Я не маленькая. Што мне ноч!..

З сабой, акрамя грошай, завязаных у насавой хустачцы, яна ўзяла белы халат, бо ведала, што без яго цяжка будзе прайсці ў бальніцу.

Яна не ішла, яна бегла, адна сярод ночы і сярод поля. Над ёй было зорнае неба, бязмоўнае і бясконца далёкае, а да самай дарогі падступалі пасевы высокага спелага жыта, пшаніцы, ячменю. Збажына жыла: у ёй нешта шапталася, звінела, уздыхала. Гэтая блізкасць нечага жывога бадзёрыла і адначасова страшыла. З-пад ног час ад часу ўзляталі начныя птушкі, ледзь не б'ючы крыламі па твары. Спачатку Саша палохалася, нават ускрыквала ад страху, потым прывыкла і не звяртала ўвагі.

«Чаго мне баяцца, калі хворы Пеця? Слаўны мой, любы, каб я была гэтай птушкай, я даўно прыляцела б да цябе… Я не магу ляцець — я буду бегчы. Бегчы!.. А чаго бегчы? Усё адно прыйдзецца чакаць поезда. А калі спазнюся? Лепш раней прыйсці…»

Дзе-нідзе пачалі жаць, і на полі стаялі бабкі, здалёк падобныя ў цемры на постаці людзей. Адна з такіх постацей раптам прыўзнялася і кінулася ўцякаць. Саша спалохалася і таксама пабегла. Бегла так, што здавалася, сэрца вось-вось выскачыць з грудзей. Але яна падумала пра Пятра — і страх знік. Праходзячы паўз вёску, яна зноў убачыла, як з прыдарожнай лаўкі ўсхапіліся і пабеглі дзве постаці. Яна падышла так блізка, што добра разгледзела дзяўчыну і хлопца — закаханых, і раптам здагадалася, чаму яны ўцякаюць. Каб не несці халат у руцэ, яна надзела яго і выглядала белай зданню. Яна скінула халат, пайшла павольней. На ўсходзе заружавела неба: канчалася кароткая летняя ноч…

Старому вартаўніку пры бальніцы Саша сказала, што яна практыкантка, і як пропуск паказала халат. Яна баялася спытацца ў каго-небудзь з сясцёр, дзе ён ляжыць, — а раптам скажуць, што яго ўжо няма! — і цішком абыходзіла ўсе палаты аддзялення па чарзе. Адчыніла дзверы адной палаты і ўбачыла ў куце схіленую перад ложкам постаць сястры, і адразу кальнула ў сэрца: ён там! Яна хутка пайшла да ложка. Хворыя ўзнімалі галовы і са здзіўленнем глядзелі на яе. На гук крокаў павярнулася сястра. Саша пазнала Любу і… спынілася, варожае пачуццё варухнулася ў яе грудзях: Пятро расказваў, як Люба хацела прывабіць яго.

— Ты? — крыху здзіўлена спытала Люба. — Гэта ён цябе клікаў увесь час — Саша, Саша? Цяпер я разумею. — Яна крытычна агледзела Сашу, іранічна ўсміхнулася.

Дзякуючы дапамозе бацькі, дырэктара саўгаса, Любе ўдалося пераехаць у горад, і цяпер яна працавала старшай сястрой аддзялення. А галоўнае — у горадзе яна мела жаніхоў і была ўпэўнена, што хутка выйдзе замуж. Жыццё ў горадзе, жаніхі, пасада — усё разам давала ёй падставы ганарыцца, весці сябе важна і глядзець на такіх, як Саша, «вясковых», з вышыні свайго ўяўнага становішча. Праўда, на Пятра яна хоць і была злосная, але да хворага ставілася ўважліва і нават пахвалілася сёстрам, што хлопец гэты некалі ад кахання траціў розум і пехатой за паўсотні кіламетраў бегаў да яе ў вёску. З'яўленне Сашы крыху ўзлавала яе. «Жонка!» — зняважліва падумала яна і спытала:

1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 251
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)