Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)
- Автор: Ницше Фридрих Вильгельм
- Язык: белорусский
- Переводчик: Василий Сергеевич Сёмуха
- Жанр: Философия
Электронная книга - «Так сказаў Заратустра (на белорусском языке)». Краткое содержание книги:
А вы, знакамiтыя мудрацы, слугi народа, - як можаце вы ляцець разам са мною.
Так сказаў Заратустра.
Начная песня
Вось ноч: грамчэй загаварылi ўсе струмянiстыя крынiцы. I мая душа таксама струмянiстая крынiца.
Вось ноч: прачынаюцца песнi закаханых. I мая душа - песня закаханага.
Нешта неспатоленае, неспатольнае ёсць ува мне; яно хоча голасу. Нейкая прага кахання ўва мне, яна гаворыць голасам кахання.
Светлы я; о, калi б я быў ноч! Але ў тым мая самотнасць, што я аперазаны святлом.
О, калi б я зрабiўся цёмны, як ноч! Як бы я пiў з грудзей святла!
Як бы я дабрасловiў вас самiх, iскрыстыя зоркi i светлячкi начныя ўгары! Якi б я быў шчаслiвы ад дарункаў вашага святла!
Але ў ззяннi сваiх прамянёў я жыву i п'ю полымя, якое шугае з мяне.
Я не ведаю радасцi таго, хто бярэ; я няраз думаў: стакроць шчаснейшы той, хто крадзе, чым хто дае.
У тым беднасць мая, што мая рука нiколi не стамляецца дарыць; у тым дбайнасць мая, што бачу я вочы спрагненыя i цемру, прасветленую жаданнем.
О лiхая доля даравальнiкаў! О зацьменне сонца майго! О прага маёй прагi! О ненасытны голад перанасычанасцi!
Яны бяруць у мяне: але цi кранаю я iхнюю душу? Прорва памiж "дарыць" i "браць"; а наймалейшая прорва пераадольваецца ў апошнюю чаргу.
Голад нараджаецца з маёй прыгажосцi: наклiкаць на вас бяду, асвечаную мною, абабраць тых, што прынялi дарункi, - да зла iмкнецца мая прагнасць.
Адхапiць руку, калi ёй працягнута iншая рука; марудзiць, як вадаспад, якi спрабуе затрымаць сваё падзенне - да зла iмкнецца мая прагнасць.
Такая помслiвасць ад лiшнiцы маёй; такое падступства сочыцца з маёй самотнасцi.
Маё шчасце даравальнiка памiрае ў дараваннi, дабрачыннасць мая стамiлася ад лiшнiцы ўсяго!
Хто заўсёды дорыць, жыве ў небяспецы страцiць сорам; хто заўсёды раздае у таго рука i сэрца ў мазалях ад раздачы.
Мае вочы не слязяцца ад сораму за просьбiтаў; мае рукi агрублi i не дрыжаць ад напоўненасцi.
Куды падзелiся слёзы з вачэй маiх? Куды падзелася мяккасць майго сэрца? О самотнасць усiх, хто дорыць! О маўклiвасць усiх светланосцаў!
Шмат сонцаў кружыцца ў пустой прасторы: усяму цёмнаму гавораць яны сваiм святлом. А ў мяне яны нямыя.
О варожасць святла да ўсяго, што свецiцца: без жалю iдзе яно сцежкамi сваiмi.
У безданях сонца несправядлiвае да ўсяго светланоснага, халоднае да ўсiх iншых сонцаў - так робiць кожнае свяцiла свае кругi.
Нiбы буры, праносяцца сонцы шляхамi сваiмi, у гэтым iх жыццё. Сваёй няўмольнай волi наровяць яны, у гэтым iхнi холад.
Толькi вы адны, цёмныя ночы, здабываеце цяпло з усяго, што свецiцца! Толькi вы адны кормiцеся малаком з поўных грудзей святла!
Я скаваны лёдам, ён пячэ мне далонi! О, гэтая прага ўва мне, якая прагне вашае смагi.
Вось i ноч: каб я быў святлом! I прагаю Начнога! I самотнасцю!
Вось i ноч: быццам крынiца, лiецца з мяне жаданне гаварыць.
Вось i ноч: гавораць толькi струменi крынiчныя. I душа мая - струмянiстая крынiца.
Вось i ноч: толькi цяпер прачынаюцца песнi закаханых. I душа мая - песня закаханага.
Так спяваў Заратустра.
Скочная песня
Аднаго разу ўвечары iшоў Заратустра са сваiмi вучнямi праз лес; i, шукаючы крынiцу, выйшаў на зялёную лугавiну сярод дрэў i кустоўя: там скакалi дзяўчаты. Пазнаўшы Заратустру, яны перасталi танцаваць, а ён падышоў да iх з прыветлiвым тварам i сказаў:
"Скачыце сабе, скачыце, мiлыя дзяўчаткi! Не ненавiснiк забаваў са злымi вачыма, не вораг дзяўчат прыйшоў да вас.
Я - заступнiк Бога перад д'яблам, якi ёсць Дух Цяжару. Як жа мне, рэзваногiя, не любiць боскiх скокаў? Альбо прыгожых дзявочых ножак?
Праўда, я - лес i ноч цёмных дрэў: але хто не баiцца мораку, той знойдзе ружоўнiк пад маiмi кiпарысамi.
I спаткае маленькага бажка, наймiлейшага дзяўчатам: цiха спiць ён каля крынiцы, самкнуўшы павекi.
Вось як, сярод белага дня заснуў ён, гультай!
Мабыць, удосыць нагойсаўся за матылькамi?
Не сярдуйце на мяне, красунi-танцоркi, калi я крышачку пакараю бажка! Вядома, ён будзе плакаць i крычаць - але ён такi пацешлiвы, нават як плача!
Увесь у слязах ён пачне прасiць вас, каб вы паскакалi; а я паспяваю вам пад ваш танец: песню скочную, песню-смешку з Духа Цяжару - найвышэйшага i наймагутнейшага дэмана, пра якога кажуць, што ён "князь свету".
Вось тая песня, якую спяваў Заратустра, пакуль Купiдон i дзяўчаты скакалi:
"О Жыццё! Зiрнуў я нядаўна ў твае вочы, i мне здалося, што я апускаюся ў невымерную глыбiню.
Але не залатую вуду працягнула ты мне i смяялася з мяне, калi я называў цябе безданню.
"Так гавораць памiж сабою рыбы, - адказала ты мне, - якiя не могуць дастацца да дна; усё, што ў iх занадта глыбокае, яны называюць бяздонным i недасягальным.
А я толькi пераменлiвая i маю свой нораў, i ва ўсiм я жанчына, i зусiм не дабрадзейка.
I хоць вы, мужчыны, называеце мяне i "глыбокаю", i "вечнаю", i "таямнiчаю", але вы заўсёды адорваеце нас сваiмi дабрачыннасцямi, - эх вы, дабрадзеi!"
Так смяялася яна, недаверлiвая; але я ёй не веру, не веру яе смеху, калi яна лiхасловiць сама сябе.
А калi я сам-насам гаварыў са сваёй дзiкай мудрасцю, яна гнеўна сказала мне: "Ты жадаеш, iмкнешся i кахаеш - i таму толькi ты хвалiш Жыццё!"
Ледзь-ледзь не сказаў быў злосна ёй, угневанай, праўды; а нельга ж адказаць злосней, чым праўдаю сваёй мудрасцi.
Так яно ўсё памiж намi траiмi. Шчырым сэрцам люблю я толькi Жыццё i, сапраўды, найбольш тады, калi ненавiджу яго!
А што я прыхiльны да мудрасцi i часта нават аж занадта, - усё гэта таму, што ўжо ж вельмi яна мне нагадвае Жыццё!
Вочы Жыцця ў яе, усмешка i нават залатая вуда; што мне рабiць, калi яны такiя падобныя?
I калi аднойчы Жыццё спыталася: "Хто яна, твая мудрасць?" - я палка адказаў: "О! Мудрасць!
Прагнуць яе i не могуць насыцiцца, нiжуць вачыма яе покрывы, спрабуючы забрытаць у цянёты.
Цi прыгожая яна? Адкуль мне ведаць! Але i самым бывалым карасям яна прынада.
Яна зменлiвая i ўпартая; няраз я бачыў, як кусала яна сабе вусны i грэбенем наўмысна блытала валасы.
Магчыма, яна злая i iлжывая, i ва ўсiм - жанчына; але i калi бэсцiць сама сябе, нават тады здаецца сама спакушальнай".