Станаўленне
- Автор: Далідовіч Генрых
- Год: 1985
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Станаўленне». Краткое содержание книги:
Пісьменнік імкнецца пазнаёміць юнацтва ca светам дарослых людзей, не асцерагаецца падкрэсліць яго складанасць, але пры гэтым найперш выяўляе ідэалы маралі, шчырасць, чуласць, паэтызуе дзіцячы i юнацкі свет, першае пачуццё i каханне.
…Калі мінулі ўжо Дзераўную, яшчэ некалькі мястэчак за ёю, уехалі ў стараваты лес. За гарою, перад павароткаю, маленькі чарнаваты конік, які ішоў ззаду i ўсю дарогу намагаўся не адстаць, прыпыніўся. За ім стаў i абоз. З калёс саскочыў пажылы гаспадар, сагнуўся. Следам за ім злез з воза i невысокі немец, трымаючы ў руцэ аўтамат, гэтаксама прысеў i пачаў пазіраць на задняе крывое кола.
Казікаў бацька, які ўвесь час азіраўся i ўбачыў гэта, турзануў, каб конь пабег, i за павароткаю, калі не было відаць задніх калёс, звярнуў налева i пачаў хлістаць лейцамі каня па нагах.
— Бронісь, што ты робіш? — аж жахнулася маці.— Заб’юць жа! Паб’юць, як i Навіцкіх…
Конь спачатку рвануўся, відаць, спалохаўся, а пасля шпарка пабег па лесе. А бацька, не слухаючы маці, паганяў i паганяў яго — калёсы трэсла, падкідала на пнях. Колькі разоў задняя вось ледзь не чаплялася за камлі хвоек, але саслізгвала, толькі да белай смалы здзірала з ix кару. Мільгалі ў вачах хвойкі, ядлоўцавыя кусты, чарнічнік. А бацька сцёбаў i сцёбаў каня лейцамі.
Нарэшце, калі лес памаладзеў i пагусцеў, задняя вось зачапілася ўсё-такі за камель невысокай таўставатай хвойкі — конь раптоўна стаў, аж трэснула дуга, ірвануўся, але не змог скрануць калёсы. Цяжка, раздзімаючы i ўцягваючы жывот, дыхаў, спалохана азіраўся.
— О божа! — уздыхнуўшы, прашаптала збялелая маці, азірнулася i хапілася рукою за левую грудзіну. — Думала, што зачэпімся ля дарогі, станем, убачыць гэта каторы — i бабахне ў спіны… Цяпер жа наш чалавек як муха… I ніхто вінаватага шукаць не будзе… Як во i за Навіцкага…
— Ціха, — сказаў бацька, саскочыў мякка на зямлю i прыслухаўся: па лесе кацілася грукатлівае рэха, чулася, як гудуць матацыклы.
— Але ж ты i адчайны…
— Лепш тут галадаць, спаць пад акрытым небам, чым у чужыну ехаць, — адказаў бацька. — Пастаім ці паедзем?
— Давай ад’едземся яшчэ ад дарогі,— сказала маці.— Не дай бог агледзяцца, пойдуць па следзе…
— Слядоў не будзе: на гары i збоку дарогі трава была… — супакоіў яе бацька. — Паедзем… Можа, ружэвіцкі дзядзька твой прыме нас? Ружэвічы ж, гаварыў Шыдлоўскі, не будуць паліць.
— Надта ж ён скупы ды звяга вялікая, гэты дзядзька… — адказала маці.— Задушыць нас работаю…
— Што ж зробіш. Мы ўжо не гаспадарэ, а пагарэлыя бежанцы… Трэба думаць, як выжыць, дзяцей выратаваць… — з сумам прамовіў бацька, падышоў да хвоі, упёрся i адцягнуў ад яе задок калёс. — Але, дасць бог, можа, як выжывем. Ды i барадаты парцізан гаварыў, што ў бядзе нас не пакіне, аддзякуе…
Бацька, як адвалок ад хвоі калёсы, нагнуўся, выцер аб высокі верас рукі, цмокнуў на каня i пакіраваў яго далей ад дарогі, туды, куды пазіралі вочы i цягнуўся сіні горкі дым…
Саладуха
Стаў новым свет, а губы пахлі дымам,
Бо мы з снарадных конавак пілі…