Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 1». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У першы том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Афганец» (1998 г.), «Ваўчыная яма» (1998 г.), а таксама апавяданньні і прыпавесьці, напісаныя ў 90-х і 2000-х гадах.
1 ... 230 231 232 233 234 235 236 237 238 ... 260
Перейти на страницу:

Хутка, аднак, выявілася некаторая ў тым недарэчнасьць: мабілізоўваць не было каго. Зьнікла насельніцтва. Частка — з голаду й хваробаў, частка таму, што наіўна паверыла, быццам яго няма й не было ніколі. Тыя ж, што засталіся, лічылі сябе электаратам для галасаваньняў і плебысцытаў, але не для вайны й не разумелі Жаха, бо даўно адвучыліся ад якой-небудзь мовы. Урадоўцы ж і адміністратары, учуўшы пра мабілізацыю, адразу паўцякалі на ўсход, бо даўно таемна служылі ня Жаху, а валадару Райскай дзяржавы — таварышу Гмаху.

Тое было нечувана й нясьцерпна. Зараджаны велізарнай касьмічнай энэргіяй (1000 кілавольт), Жах стрываць такога ня мог і задрыжэў, закалаціўся, загуў, закруціўся (звыш 1000 абаротаў у хвіліну), — падобна, як і тады, калі першы раз аб’явіўся у парлямэнце. Сьледам раздаўся выбух, накшталт чарнобыльскага, якога яшчэ ня чула плянэта. У неба ўзьняўся віхор чорнага дыму, пылу й смуроду, у якім зьнікла ўсё разам з Жахам.

Калі праз стагодзьдзе той пыл-дым патроху разьвеяўся, дык людзі з Усходу й Захаду ўбачылі гіганцкае правальле ў сярэдзіне кантынэнту. Глыбіня правальля была такая, што да дна не дасягаў зрок, шырыня таксама хавалася за краявідам. Між берагоў заўжды курэў шызы сьмярдзючы дым, зь якога часам выскокваў бязногі хвастаты Цмок. Ён куляўся, крыўляўся й рабіў нейкія знакі цікаўным вандроўнікам, што заўсёды тоўпіліся на краёх правальля, затым на тыдні й месяцы зьнікаў у прадоньні.

Людзі казалі, што гэта — урок чалавецтву за ягоную зьнявагу чалавечых і боскіх законаў быцьця…

Галоўны крыгсман

Вялікі Курфюрст Богададзенай Сьветлазарнай зямлі быў чалавек упарты. Палову гадоў свайго курфюрства ён вёў крывавыя войны: спачатку з паўночнымі суседзямі, пасьля — з паўдзённымі, а затым з усімі адразу. Той год ён пяты месяц трымаў у аблозе адмыслова ўмацаваны замак на Лесавым мысе. Посьпеху аднак ня меў, хоць і паклаў там палову войска, выдаткаваў ці ня ўсе фінансы курфюрства. Зрэшты, фармальна войскам камандаваў ня ён — для таго прызначаліся галоўныя крыгсманы, якіх за два гады Вялікі Курфюрст перабраў з тузін. Але ўсе яны ня спраўджвалі ягоных надзеяў, дарма губілі любімае курфюрстава войска, а замак з абпаленымі ды пашчэрбленымі сьценамі працягваў высіцца на мысе пад ненавіснымі варожымі сьцягамі на вежах. Вядома, такога нельга было стрываць, і Вялікі Курфюрст прымаў адпаведныя захады. Пасьля кожнага няўдалага штурму ён кідаў у склеп няўдачлівага крыгсмана і прызначаў новага.

На пачатку восені таго году сталася так, што колькі-небудзь вядомых вайсковых начальнікаў у Курфюрста не засталося — частка іх пагінула пад сьценамі замка, а частка апынулася ў сутарэньнях сталічнага гораду курфюрства. Лёс іх быў незайздросны, і яны ведалі тое. Як толькі замак будзе ўзяты, у гонар вялікай перамогі над паўночнымі, паўдзённымі ці разам узятымі землямі яны будуць страўленыя галодным ваўкам, што, загадзя налоўленыя, вылі побач у сутарэньні. Чакалі спажывы. Звычайна ў той час, як наверсе праводзілася цырымонія раздачы ўзнагародаў пераможцам, у сутарэньнях адбывалася пакараньне ворагаў — здрайцаў, няўмекаў, баягузаў, недарэкаў з ліку падданых Курфюрста. Можа, добра, аднак, што ў тое лета перамог не было, і хоць лік зьняволеных праз тое значна павялічыўся, але ўсе яны былі жывыя і спадзяваліся. Вядома ж, чалавеку ўласьціва заўжды спадзявацца. Нават калі падстаў для таго — ніякіх.

Пасьля таго, як апошняга крыгсмана без мяча і бяз латаў кінулі ў сутарэньне да астатніх, Курфюрст загадаў прыслаць да яго бібліятэкара Готліба.

Готліб той дзень, як і заўжды, сядзеў на версе доўгай драбіны і мяккім вароніным крылом зьмятаў пыл з таўшчэзных учарнелых фаліянтаў, якімі пад самыя скляпеньні быў напакаваны гэты пакой. Бібліятэкар звыкла клапаціўся пра іх — зьберагаў ад пылу і вільгаці, ад пацукоў і пажараў. Праз гэты свой клопат ён шэраг гадоў ня бачыў Божага сьвету і наўрад ці мог бы сказаць, якая пара на двары — вясна або восень. Ён ведаў шмат моваў, але над усімі аддаваў перавагу мудрай лаціне, на якой чытаў лёгка і зразумела. Праўда, ад недахопу сьвятла і ад кніжнага пылу ў яго сталі слабець грудзі і тупіўся зрок. Але ён не наракаў на лёс і не жадаў сабе іншае долі, чым тая, што меў з міласьцівае ласкі Курфюрста. Атрымаўшы высокі загад, ён борзьдзенька зьлез з драбіны, асядлаў старога мула і паехаў у войска, якое пяты месяц тузалася з непакорлівым замкам.

Надвячоркам ён дасягнуў Лесавога мысу і прадстаў перад сваім суверэнам.

1 ... 230 231 232 233 234 235 236 237 238 ... 260
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)