Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 227 228 229 230 231 232 233 234 235 ... 268
Перейти на страницу:

Яму ўвогуле падабалася гэтая яе ўпэўненасць, ды ён і не сумняваўся, што прымуць і ў члены. Каб такую ладную адукаваную жанчыну да не прыняць! Ён ведаў, што прымалі і не такіх — нават цемнаватых і малапісьменных. Праўда, затое ўдарніц ці актывістак, як на льнозаводзе. А гэта ж такая разумненькая, да таго ж прыгожая. Нездарма са школы, дзе яна працавала адну зіму, адразу ўзялі ў жанаддзел райвыканкома. Цяпер яны разам з старой Шацман кіруюць усімі жанчынамі ў раёне. Во якая Паліна! I гэтая жанчына цяпер ляжыць з ім пад адным кажушком, гэтак міла лашчыцца да яго і цалуе. Няўжо яна пакахала яго? А чаму б і не! Што ён, які няўломак — дужы і рослы хлапец, не дурнейшы за іншых. Можа, сарамлівы крыху, нясмелы, асабліва з дзеўкамі. Але, кажуць, некаторыя дзеўкі нават любяць такіх, сарамлівых. Каб не нахабных. Значыць, і ён варты кахання, і вось яно — побач. Ад тае салодкае думкі зрабілася радасна і ганарліва, ён ажно пабольшаў ва ўласных вачах. «I гэта… Даўно ты пакахала мяне?» — нясмела папытаўся ён і знерухомеў у цемры. «Адразу, як убачыла», — хуценька адказала яна. «Праўда?» — «Анягож. Іначай хіба я прыйшла б да цябе і гэтак… аддалася». — «Ну, то дзякуй», — сказаў ён у замілаванні. Яна ціхенька і радасна засмяялася. «Дзякуем не адкупішся». — «А чым жа?» — «Каханнем, мядзведзька, каханнем…»

Ну ведама ж, каханнем, хіба ён не быў гатовы пакахаць яе. Ды ён ужо і кахаў, гатовы быў для яе на ўсё. Хоць бы і ажаніцца з ёй. Праўда, тут былі некаторыя свае хібы і першае з іх — невядома, як да таго паставяцца бацькі. Матка дык, мабыць, была б і рада, усё ж не каталічка, як Настачка. Але ж — бальшавічка! Тут ці не яшчэ большая перашкода для маці. Хаця што маці! Цяпер не тыя парадкі, каб зважаць на старасвецкія завядзёнкі бацькоў.

На золаку яна яшчэ спала пад кажушком, а ён злез з ложка — трэба было паглядзець, як пераначаваў конь. У хаце ўсе яшчэ спалі, апроч хіба гаспадыні, што якраз унесла з сянец абярэмак намерзлых дроў, грукнула перад прыпечкам. На прыпечку гарэла капцюшка, і ён, кінуўшы «дзень добры», выйшаў на двор.

У хату ён вярнуўся няхутка, доўга поркаўся ў хляўку, наскубаў мурожнага сенца для каня. А як прыйшоў, госці ўжо сядалі за стол, на якім смачна сквірчэла вялізная скаварада яешні. Ён павітаўся з гаспадаром, з Зарубам, які яшчэ без пінжака, у падцяжках прайшоў цераз пакой. Паліна ўжо сядзела ля кончыка стала і спакойна зірнула на яго. Ён трохі паўзіраўся ў яе мілы тварык, але нічагусенькі на ім не ўбачыў. Як заўжды, на людзях яна яго быццам і не заўважала, нібы не з ім, а невядома з кім пераначавала той раз у трысцене. Ягор трохі здзівіўся. Увогуле тыя староннія паводзіны Паліны былі для яго новыя і нечаканыя, але ён думаў: мабыць, так і трэба. Можа, гэта так і заведзена сярод перадавой пралетарскай моладзі. У той час, як Паліна стала для яго навек адметнай і роднай, ён для яе заставаўся той самы, што і раней. Бы нічога між імі і не здарылася. Не тое што ў вёсцы. I ён прыпамятаў, як аднойчы ўлетку пасля вечарынак апынуўся з Настачкай у пуньцы і як у іх там ледзьве не дайшло да таго самага, дык Настачка ажно спалохалася: як можна? Каб пасля вяселля. Але для вяселля трэба было назапасіць пасаг. А з пасагам у беднай Настачкі была пэўная нявыкрутка — што магла выдзеліць за дачкой яе ўдава-маці? Тут справа іншая — ім не патрэбны ні пасаг, ні шлюб, ні вяселле, яны без прымхаў. Во гэта перадавая, бальшавіцкая моладзь! Можа, і правільна. Цяпер так будзе ва ўсіх.

1 ... 227 228 229 230 231 232 233 234 235 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)