Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Героі Элады». Краткое содержание книги:

Шмат вякоў назад на Балканскай паўвыспе пасяліўся народ, які потым пачалі называць грэкамі. У адрозненне ад сучасных грэкаў, мы называем той народ старажытнымі грэкамі, або элінамі, а іх краіну - Эладай.
Эліны пакінулі народам усяго свету багатую спадчыну: велічныя збудаванні, якія і да нашых дзён лічацца самымі прыгожымі на свеце, цудоўныя мармуровыя і бронзавыя статуі і вялікія творы літаратуры, якія людзі чытаюць і цяпер, хоць яны напісаны на мове, на якой даўно ўжо ніхто не гаворыць на зямлі. Гэта «Іліяда» і «Адысея» - гераічныя паэмы пра тое, як грэкі бралі ў асаду горад Трою, і пра вандроўкі і прыгоды аднаго з удзельнікаў гэтай вайны - Адысея. Гэтыя паэмы спявалі вандроўныя спевакі, і створаны яны каля трох тысяч гадоў таму назад.
Ад старажытных грэкаў засталіся нам іх паданні, іх старажытныя сказанні - міфы.
1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 47
Перейти на страницу:

Персей сказаў ім:

- Аддайце за мяне замуж Андрамеду, і я выратую яе.

Цар і царыца паабяцалі Персею аддаць за яго сваю дачку, а ў прыданае ёй - усё сваё царства, калі ён выратуе Андрамеду.

Між тым вялізная рыбіна ўсплыла на паверхню мора і набліжалася да берага, з шумам рассякаючы хвалі.

Персей у сваіх крылатых сандалях узняўся ў паветра і паляцеў насустрач страшыдлу. Цень героя лёг на ваду перад прагнай пашчай рыбіны. Страшыдла кінулася на гэты цень.

Тады Персей, нібы драпежная птушка, упаў з вышыні на страшыдлу і секануў яе мячом. Параненая рыбіна ў шаленстве пачала кідацца ва ўсе бакі, то нырала ў глыбіню, то зноў усплывала наверх. Кроў яе афарбавала марскую ваду, пырскі ўзляталі высока ўгору. Крыльцы на сандалях Персея намоклі, і ён ужо не мог трымацца ў паветры. Але тут ён убачыў камень, што тырчаў з вады, стаў на яго нагою і з усёй сілы хвасянуў мячом па галаве страшыдлы. Апошні раз пляснуў вялізны хвост, і страшная рыбіна пайшла на дно.

Цар і царыца і ўвесь народ Эфіопіі радасна вітаў героя. Царскі палац упрыгожылі кветкамі і зелянінай, усюды запалілі свяцільні, прыбралі нявесту, сабраліся спевакі і флейтысты, напоўнілі чашы віном, і пачалося вяселле.

На балі Персей расказваў Андрамедзе і яе бацькам пра свае вандраванні. Раптам пачуўся шум каля ўвахода ў палац, звон мячоў і ваяўнічыя крыкі. Гэта з натоўпам воінаў уварваўся ў палац былы жаніх Андрамеды, Фінэй. У руках ён трымаў кап'ё і цэліўся проста ў сэрца Персея.

- Сцеражыся, злодзей! - І воіны ўжо гатовы былі пранізаць коп'ямі ўсіх, хто быў на вяселлі.

Бацька Андрамеды паспрабаваў спыніць Фінэя:

- Не злодзей Персей, а збавіцель. Ён выратаваў Андрамеду ад страшыдлы. Калі ты кахаў яе, чаму не прыйшоў на бераг мора, як страшыдла прыплыло зжэрці яе? Ты ўцёк ад яе, калі яна чакала пагібелі, - чаму цяпер ты прыйшоў патрабаваць яе сабе?

Нічога не адказаў Фінэй цару і кінуў кап'ё ў Персея, але не пацэліў, - кап'ё ўпілося ў край крэсла, на якім сядзеў Персей. Персей схапіў кап'ё свайго праціўніка і кінуў назад - у твар Фінэю. Фінэй паспеў нагнуцца, кап'ё праляцела і параніла сябра Фінэя. Гэта быў сігнал для бітвы. Пачалася жорсткая, крывавая бойка. Ад страху ўцяклі з палаца цар і царыца разам з Андрамедаю. Прытуліўшыся спіной да калоны, са шчытом Афіны ў руках, Персей адзін адбіваўся ад раз'юшанага натоўпу. Нарэшце ён убачыў, што яму аднаму не адолець цэлае войска, і ён дастаў з торбы галаву Медузы.

Воін, што нацэліўся ў Персея, толькі зірнуў у твар Медузы - і раптам замёр з працягнутай рукой, і адразу ж ператварыўся ў камень. І ўсе, хто глядзеў на гэтую страшную галаву, спыніліся, замерлі, хто як быў, скамянелі навекі. Так і засталіся яны каменнымі статуямі ў палацы эфіопскага цара.

Персей з прыгажуняй Андрамедай заспяшаліся ў дарогу - на выспу Серыф. Персей жа абяцаў цару Палідэкту прынесці галаву Медузы.

Калі Персей з'явіўся на выспу Серыф, дык даведаўся, што яго маці Даная хаваецца ад Палідэкта ў храме і не асмельваецца выйсці адтуль ні ўдзень, ні ўночы.

Персей пайшоў у палац цара і застаў Палідэкта за абедам. Цар быў упэўнены, што Персей даўно ўжо загінуў дзе-небудзь у пустыні або ў акіяне, і вельмі здзівіўся, калі ўбачыў героя перад сабою.

Персей сказаў цару:

- Я выканаў тваё пажаданне - прынёс табе галаву Медузы.

Цар не паверыў, зарагатаў. Смяяліся з ім і яго сябры.

Персей выхапіў з торбы галаву Медузы і высока падняў яе.

- Вось яна - зірні на яе!

Цар паглядзеў - і скамянеў.

Персей не захацеў заставацца на Серыфе, зрабіў царом выспы старога рыбака, які калісьці вылавіў з мора скрыню з Данаяй і з ім, і падаўся з жонкай і маці на радзіму ў Аргос.

Аргоскі цар, даведаўшыся, што ўнук яго жывы і вяртаецца дадому, кінуў свой горад і схаваўся. Персей стаў царом у Аргосе. Ён аддаў Гермесу яго востры меч, Афіне - яе шчыт, добрым німфам - шлем-невідзімку, крылатыя сандалі і торбу, у якой хаваў сваю страшную здабычу. Галаву Медузы ён падарыў Афіне, і багіня з таго часу носіць яе, прымацаваўшы на сваім залатым шчыце.

Аднойчы ў Аргосе было свята, і безліч народу сабралася паглядзець на спаборніцтва герояў. Патаемна прыйшоў на стадыён і стары аргоскі цар.

У час спаборніцтваў Персей з такой сілай шпурнуў цяжкі бронзавы дыск, што ён праляцеў над стадыёнам і, падаючы ўніз, трапіў у галаву старога цара і забіў яго на месцы.

Так спраўдзілася прадказанне: унук забіў свайго дзеда.

1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 47
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)