Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » Міласць князя Гераніма
Міласць князя Гераніма - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Міласць князя Гераніма

Электронная книга - «Міласць князя Гераніма». Краткое содержание книги:

У кнігу ўвайшлі тры аповесці і шэраг апавяданняў на гістарычную тэму, у якіх раскрываюцца многія старонкі мінулага роднага краю, паўстаюць вобразы яго выдатных дзеячаў — Міколы Гусоўскага («Час чумы»), філосафа Казіміра Лышчынскага («Місія папскага нунцыя»), аднаго з правадыроў вядомага Крычаўскага паўстання Івана Карпача («Міласць князя Гераніма») і іншых.
1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 120
Перейти на страницу:

Паэма пра янычара забрала ў яго кавалак сэрца, ды ён ведаў, што галоўнае і самае запаветнае, тое, што наканавана зрабіць толькі яму, - наперадзе. Яго будучую кнігу яшчэ ахутвала смуга, але ён ужо даўно жыў прадчуваннем таго дня, калі вецер развее засмуж і мара стане такою ж выяўнаю, як наднёманскія далягляды ў ясны восеньскі дзень. Ён прыехаў у Рым з надзеяю паслужыць Айчыне і разам з тугою па ёй, разам з пакутлівымі сумневамі, у хвіліны паняверкі і хвіліны радасці чуў у душы веру, што здолее сказаць сваё слова пра свой народ і сваю краіну. Сказаць так, каб потым нястрашна было і памерці.

Сляды на падлозе ўжо дазвання зніклі. Гусоўскі падняўся і пайшоў да выхаду. Пад выгбаю ён азірнуўся, і свежыя сляды на момант здаліся яму літарамі на чыстым аркушы паперы.

IV.

Эразм чакаў за сталом у сваім кабінеце. Ён быў у новым каптане з вышыванымі залатымі ўзорамі, што прыгожа вылучаліся на цёмным аксаміце.

Пастава пасла нагадала Гусоўскаму прарока Іярэмію з роспісаў Сікстынскай капліцы. Той жа глыбокі одум на твары, гэтаксама пазіраюць удалеч вочы. Правая рука моцна і разам з тым неяк журботна падпірае падбароддзе. Толькі ў левай - зусім зямны ліст са зламанымі пячаткамі.

Вітэліус страпянуўся і, адклаўшы ліст, скінуў з сябе тужлівую задуменнасць. Паэт адчуў, што прычынілася нешта благое. Нібыта прачытаўшы ў душы ў Гусоўскага гэтыя здагадкі і жадаючы развесці іх, пасол адразу пасля вітанняў завёў гаворку пра набытую днямі карціну, што заняла ганаровае месца побач з палотнамі Карэджа.

- Зірні на Хрыста і грэшніцу. Быў час, калі гэты мастак дапісваў карціны Джарджоне, але, павер мне, ён перасягне настаўніка. Яго завуць Тыцыян. Я хачу, каб ягоныя палотны трапілі да нас на радзіму. Калі пасольства будзе вяртацца...

Эразм чамусьці не скончыў і адвёў прыцьмелыя раптам вочы.

- Я прачытаў «Янычара», - загаварыў ён пра іншае. - Твая ліра зноў падаравала мне асалоду, а талент нагадаў спелую вінаградную гронку. Наш зласлівец Строццы хутка праглыне свой брудны язык. Я зраблю, каб паэма патрапіла ў рукі папы. Тым больш цяпер. А тая сцэна, дзе янычар забівае маці... Тваё пачуццё, талент і фантазія твораць там сапраўднае дзіва.

- На жаль, монсеньёр, там няма ні каліва фантазіі. Я сустрэў гэтага чалавека на мосце Фабрыцыя. Ён блізкі нам па крыві, балгарын. У пяць гадоў асманцы ўзялі яго па падатку крыві. Астатняе монсеньёр ведае з паэмы.

- І гэта была ягоная маці?

- У маленстве ён зваліўся з дрэва і параніўся. Паміраючы, яна пазнала яго па меціне на шчацэ.

- О Божа, у які жорсткі век прыслаў ты нас на зямлю!

Абодва на нейкі час замаўчалі.

- Султан Сулейман выступіў на Бялград, - звязваючы нітку размовы, сказаў пасол. - З Балгарыі даносяць, што загадана сабраць дзесяць тысяч вазоў правіянту для султанскага войска. Туркі ўвялі новы падатак - за працу, якую іхнія зубы зробяць, перажоўваючы хрысціянскі харч. А татары тым часам спусташаюць памежныя абшары Княства і Кароны.

- І Ватыкан па-ранейшаму маўчыць...

Гусоўскі разумеў, што пасол паклікаў яго не дзеля таго, каб паведаміць пра новы паход султана. За доўгія гады іхняга своеасаблівага сяброўства ён навучыўся выдатна адчуваць унутраны стан мецэната і цяпер быў пэўны, што апрача паходу, апрача татарскіх набегаў і беспаспяховых пакуль што намаганняў пасольства Эразма гняце сёння і штосьці іншае. Вітэліус часта казаў, што поруч з ім не чуе на чужыне адзіноты. Ён, Гусоўскі, не мог бы шчыра паўтарыць тое ж самае. Аднак ён па-свойму любіў Эразма, і ў ягоным сэрцы таксама пасяліўся неспакой.

Ён быў шмат за што ўдзячны Вітэліусу. Пасля дабрадзейкі Соф'і, чацвёртай жонкі караля Ягайлы, краіна, бадай, не ведала мецэната больш слыннага. Біскуп Вітэліус апекаваўся паэтамі і дойлідамі, на ягоны пасольскі двор у Рыме зляталіся лісты з пячаткамі знакамітых вучоных мужоў усёй Эўропы. Італьянец Кларэці нядаўна прысвяціў яму пераклад з Лукіяна, а немец Барэальд з Кёльна - свой трактат пра землятрусы. І ўсяго гэтага ён дасягнуў у зацятай барацьбе з зайздроснікамі і радавітымі няздарамі. Ды найперш Гусоўскі любіў Эразма за вернасць дадзенай у маладыя гады прысязе верай і праўдаю служыць Княству. Польскія арыстакраты не маглі дараваць яму не толькі ўзлёту, але перадусім гэтага сумленнага служэння. Яны не маглі дараваць Вітэліусу прамоў у Рыме і ў Аўсбургу, дзе ён услаўляў Вялікае Княства, яго былых валадароў і нават ягоную мову. Да таго ж нейкі спрытны рымскі друкар выдаў гэтыя прамовы асобнай кніжкай. Супроць пасла ўжо гучалі галасы на польскім сейме, і можна ўявіць, якая бура падымецца цяпер, калі ў Ватыкане пачалі гаварыць пра Вітэліуса як пра будучага кардынала. Відаць, нічога добрага не абяцаюць і каралеўскія пячаткі на лісце, які мецэнат чытаў перад ягоным прыходам.

1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 120
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)