Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Публицистика » Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0] - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]

Электронная книга - «Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]». Краткое содержание книги:

Галасы Беларусі — 2020 [calibre 5.23.0]
1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 125
Перейти на страницу:

Мяне пагрузілі ў мікрааўтобус. Чалавек у чорнай масцы, на выгляд яму было гадоў 20-25, накрыў маю галаву сьцягам, крычаў шмат брыдкіх словаў, пытаўся: „Ну і дзе твая Ціханоўская? Колькі табе заплацілі?! Ты дзе жывеш, у Рэспубліцы Беларусь?“ Я адказаў: „А ты дзе жывеш?“ Ён пачаў біць мяне па галаве: „Ты ў мяне зараз зьясі гэты сьцяг!“ І пачаў пхаць сьцяг мне ў рот. Я сьціснуў зубы і маўчаў. Бачыў шалёныя вочы і разумеў, што размаўляць няма сэнсу.

Пада мной ляжалі іншыя людзі, а я на іх зьверху. Хлопец, які быў пада мной, цішком паціснуў мне руку. Увесь час, пакуль мы ехалі да аўтазака, чалавек у чорным спрабаваў скарміць мне сьцяг, біў кулакамі па галаве — у мяне быў разьбіты нос, сінякі пад вачыма.

Калі нас выгрузілі з бусіка, ён сказаў: „Гэты быў у іх галоўным“. Вырваў сьцяг і паспрабаваў ім мяне задушыць каля аўтазака. Я пасьпеў падставіць кулак да горла, каб не пераціснулі коўцік. Ён злаваўся, спрабаваў прыняць маю руку, працягваў душыць. Мяне выратавала тое, што па рацыі іхную групу зноў выклікалі на затрыманьне. Яны тады працавалі ў рэжыме нон-стоп. Ён надарваў сьцяг і адчапіўся ад мяне.

Затрыманых, чалавек 25, закінулі ў аўтазак. Разарваны сьцяг я паклаў у кішэню. Нас у адным „пакойчыку“ было шэсьць чалавек, але гэта яшчэ казка. Калі нас потым павезьлі ў Жодзіна, то ў катушок, дзе было цяжка ўпяцёх, запіхвалі па 10 чалавек. Мы спрабавалі неяк зьмясьціцца: я сеў на падлогу, мне на калені — яшчэ чалавек, і да яго на калені — яшчэ адзін.

Прыехалі ў дастаткова новы будынак, было чуваць, як хадзілі трамваі, і я зразумеў, што гэта Цэнтральнае РУУС. Каля аўтазака быў „калідор сьмерці“: адзін сілавік выкідваў нас з катушкоў, а астатнія стаялі па 5-6 чалавек з кожнага боку і білі нас, пакуль мы беглі. Галоўнае было ня ўпасьці, бо будуць біць нагамі. А ўдары дубінкамі пасьля таго, як мяне перасталі душыць, былі ўжо ня страшныя. Проста, калі прылятае ўдар, трэба расслабляцца, і тады ён расьцякаецца па ўсім целе. А трываць боль я прывык.

Каля ўсіх сьценаў пастарунка ўжо былі людзі. Нас увесь час ссоўвалі, каб зьмясьціць усіх. Потым расклалі тварам роўна ў асфальт, рукі ў счэпцы на патыліцы, гэта жахліва нязручна, але за кожны паварот галавы білі. За тое, што мы дрыжэлі ад холаду, таксама білі. І ўвесь час правакавалі. Побач са мной ляжаў хлопец. У яго былі разьбітыя акуляры. Да яго падыходзілі і пыталіся „са спачуваньнем“: „Што, акуляры мянты разьбілі?“ — „Так“. — „Ах, мянты?! Ну атрымай тады“.

Людзі ў чорным крычалі мацюкамі. Але нада мной стаяў адзін ахоўнік, які сам хоць і выглядаў, як „касманаўт“, казаў: „Господа, держите голову прямо, чтобы не получить“.

Ён нікога ня біў, і калі сыходзілі гэтыя зьвяры ў чорным, дазволіў нам трохі расслабіцца, апусьціць рукі, якія моцна дранцьвелі. У туалет нам хадзіць не давалі, казалі мачыццца пад сябе. Многія і хадзілі пад сябе. Так я ляжаў з 9 вечара да 11 раніцы. Мяне пачало трэсьці. Ахоўнік спытаў: „Чаго трасесься?“ — „У мяне остэахандроз. Сьпіна не вытрымлівае“. — „У туалет хочаш?“ — „Хачу“. — „Ну ідзі, толькі павольна“.

Ён павёў мяне па калідоры, і я ўбачыў хлопца. Левая нага ў яго была сіняя, а правая ненатуральна выкручаная, паламаная. Ён таксама хацеў у туалет. Я папрасіў ахоўніка: „Дазволь мне занесьці яго ў туалет“. Я падняў хлопца і пацягнуў яго, ахоўнік нас цярпліва чакаў.

Калі я цягнуў хлопца, у калідоры стаяла жанчына гадоў 60 у халаце, са швабрай і пагардліва глядзела на нас, як на нелюдзяў: „Пасьля гэтых дэманстрантаў я прыбіраць ня буду!“ Было вельмі крыўдна.

Гэты хлопец ня мог ні стаяць, ні ляжаць, толькі сядзець. Яму было кепска, але ён прабыў з намі да 11 раніцы, мы занесьлі яго ў аўтазак, „хуткую“ яму так і ня выклікалі.

Ужо сьцямнела, а людзей усё завозілі і завозілі. Выйшаў мужчына, відаць, нейкі начальнік, сказаў, што ў цемры дрэнна відаць, і знайшоў рашэньне: „Буду біць вас, а вы называйце свае імёны“.

Падлятаў і біў у жывот. Трэба было пры гэтым хутка выкрыкнуць сваё прозьвішча.

Потым мяне завялі ў пастарунак, склалі вопіс рэчаў, сфатаграфавалі. На сталах у вялікай залі ляжала гара разьбітых тэлефонаў. Мне пашанцавала, што я свой адключыў і пасьпеў пакласьці ў заплечнік.

Усе сілавікі пастаянна задавалі адно пытаньне: „Колькі вам заплацілі?“ Ім жа ўсім сказалі, што нам нехта за нешта плаціць. Я думаў: „Няўжо вы такія прамытыя, што верыце ў гэта?“

Побач са мной стаяў інжынэр, гадоў 28. Ён увесь час пытаўся спакойным голасам: „А чаму вы мяне б’яце? Растлумачце, за што?“ Яны абазвалі яго „зоркай сэзону“, і па ім прайшліся ўсе, падляталі і білі.

Чалавек сто ляжалі ў двары. Месца не хапала. Нас часам ставілі да сьценкі тварам, ногі на шырыні плеч. Я засынаў ад стомы і напругі, але ногі пачыналі падгінацца — рэзка прачынаўся. Супрацоўнікі пастарунка жартавалі: „Вучыцеся ў яго спаць стоячы“.

1 ... 19 20 21 22 23 24 25 26 27 ... 125
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)