Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Зашчацінены, страшны ад пылу немец нешта крычаў, але ён не чуў, бо побач грымеў танк, ды і наогул ён, мусіць, аглух ад грымотаў бою і на кароценькую секунду страціў адчуванне. I тая секунда затым дорага каштавала яму, сляды ад яе ў душы і на целе застануцца, пэўна, навек.
Ён не быў у палку ні героем, ні нават прыкметна смелым — быў як і ўсе: па-пехацінску цягавіты і ў меру засяроджаны. За ранейшыя баі атрымаў тры падзякі Вярхоўнага ды два медалі «За адвагу» і думаў, што на большае і не здатны. I толькі вось тут, у палоне, дзе некаму было ні натхняць на салдацкія подзвігі, ні ўзнагароджваць, ні нават браць пад увагу геройскае, дзе за кожную маленькую правіннасць можна было заплаціць жыццём, — тут у ім хтось абудзіўся, непакорны, дзёрзкі і ўпарты. Тут ён убачыў падыспад фашызму і, мабыць, упершыню зразумеў, што пагібель — не самае горшае з усяго, што можа здарыцца на вайне.
— Отдаль хляб? — раптам раздаўся над ім голас Джуліі.
Ён унутрана здрыгануўся ад неспадзеўкі, але тое, што яна падышла, пранізала яго радасцю, і хлопец хуценька павярнуўся на доле.
— Отдаль хляб? — з зацятай устрывожанасцю на твары пыталася Джулія. — Мі нон Тріесто? Аллес фініта? Да?
— Ну, што ты! — сказаў ён і ўсміхнуўся. — Толькі скарынку аддаў.
Яна нахмурыла лоб і пільна глядзела на яго. Тады ён дастаў з кішэні апошні кавалак.
— Во, толькі скарынку, разумееш?
Пераадольваючы штосьці ў сабе, Джулія прамаўчала. Лоб яе, аднак, паступова разгладжваўся.
— Мі ідет Тріесто? Правда? Но?
— Пойдзем, канечне. Адкуль ты ўзяла, што не пойдзем?
На яе твары ўсё яшчэ адбівалася нешта труднае. Дзяўчына, цярэбячы на грудзях куртку, відаць, нешта вырашала і раптам кінулася да яго на дол. Паставіўшы калені, яна абляглася на іх рукамі і схавала ў рукавы твар.
— Руссо! Ты карошы руссо, — загаманіла яна і адной сваёй рукой паціснула яго руку. — Нон Влясов. Буно руссо. Джулія плохо.
— Ну, нашто так? — з раптоўнай няёмкасцю ад тых слоў запярэчыў Іван. — Нашто? Не трэба…
— Очен, очен, — не слухаючы яго, казала яна. Відаць, штосьці ў яе, раптам выбухнуўшы, памалу адбалела за пакутную гадзіну іх ростані, нешта яна зразумела і цяпер папрасіла: — Іван нон бёзе Джулія… Нон бёзе?
— Нічога, усё добра.
Седзячы ў доле, ён ашчадна ўзяў у свае рукі яе маленькую мяккую далоньку. Дзяўчына не адабрала яе.
— Нон бёзе Іван, — сказала яна і зірнула ў ягоныя вочы. — Нон бёзе Джулія. Іван знат правда. Джулія нон знат правда.
— Ладна, ладна… Ты гэта во што…
— Джулія очен, очен уважат Іван, любіт Іван, — сказала яна.
Ягоныя рукі з яе далонькай у іх ледзьве прыкметна ўздрыгнулі.
— Ты… піць не хочаш? Вады, га?
— Вода? Аква?
— Ага, вады, — узрадаваўся ён. — Вунь там, здаецца, ручай. Айда?
Ён хуценька ўскочыў, яна таксама ўзнялася, абхапіла яго руку вышэй локця і шчакой прыціснулася да яе. Ён другою пакратаў яе валасы, пагладзіў, яна неяк унутрана насцярожылася, і ён таропка апусціў руку. Так абое яны, зноў згодныя і прыхільныя, памалу пайшлі краем лугу.
19
Ручай быў неглыбокі і гаманкі — шырокі паток ледзяной вады з гор шалёна імчаў па камянях, віруючы пенай і размашыста плёскаючы на нізкія заліўныя берагі. На адным лугавым завароце ён намыў на траве шырокую касу шэрага жвіру, перайшоўшы якую, Іван і Джулія ўволю напіліся з прыгаршчаў, і дзяўчына адышлася на бераг. Іван тым часам падкасаў разадраныя сабакам штаны і ўвайшоў у ваду глыбей. Ногі заламала ад сцюжы, імклівая плынь сілілася паваліць, але яму хацелася памыцца, бо пот раз’ядаў твар. Хлопец памацаў свае шархоткія, з ладнай ужо бародкай пашчэнкі, памкнуўся было зірнуць на іх у ваду, толькі дарма: у імклівай яе каламуці нічога, апроч камянёў ды пены, нельга было ўгледзець. «Мусіць, зарос, як бандзюга», — падумаў ён і азірнуўся на Джулію.
— Я страшны, няголены? — запытаў ён у дзяўчыны, але тая не азвалася — як села, так і сядзела ў задуменнасці і пазірала ў адно месца на беразе. — Кажу, я страшны? Як дзед, мусіць?
Яна страпянулася, услухалася, намагаючыся зразумець яго думку, — ён усё церабіў свае кучаравыя сківіцы, — і яна здагадалася.
— Карашо, Іван. Очен вундэршон.
Іван пачаў мыцца і думаў, што з ёй нешта сталася — дзяўчына, відаць, чымсь устрывожана, штось перажывае; гэткая засяроджаная яна не была нават у час уцёкаў, пад носам у немцаў. Зусім не ў яе характары была такая раздумнасць, гэта штосьці труднае ёй прычыніў ён, Іван. А Іван, наадварот, чамусьці пазбыўся ўсіх сваіх ранейшых трывог і на гэтым лугавым прыволлі проста акрыяў душой. Яму было добра з ёй і хацелася развеяць яе клопат, убачыць яе ранейшай — вясёлай, рызыкоўнай, даверлівай. Мусіць, трэба было б улагодзіць яе, супакоіць, толькі Іван не мог пераступіць нейкую мяжу між імі, хоць і хацеў таго. Нешта няўрымсліва зваблівае ажывала ў ім да дзяўчыны і ў той жа час стрымлівалася, вагалася, пакутна марудзіла.