Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 212 213 214 215 216 217 218 219 220 221
Перейти на страницу:

— Давай, давай! Там яна, недалёка…

Яны паднялі з зямлі і паднеслі да ямы худзенькае, амаль дзіцячае цела малодшага сяржанта медслужбы Вераценнікавай. Гутман акуратна паклаў яе побач з Самохіным.

— Хай ляжаць. Тут ужо нікога баяцца не будуць…

«Тут ужо нікому нічога не страшна, ужо адбаяліся», — падумаў Валошын, гаротна пазіраючы ў змрок ямы, дзе Гутман у цьмяным святле з ліхтарыка паправіў на Веры гімнасцёрку, склаў на грудзях яе заўжды залітыя ёдам рукі. Колькі людзей гэтыя рукі ўратавалі ад смерці, павыцягвалі з-пад агню, паўладкоўвалі ў выпадковыя палявыя сховішчы, перавязалі, дагледзелі… Але вось наступіла і яе чарга.

Так адно за адным паклалі яны і другі рад. Апошні застаўся Гайнатулін, месца якому ў радзе ўжо не было, і яго ўціснулі ў вузкую шчыліну каля ног забітых.

— А што? Чым кепска? — сказаў Гутман. — Асобна, затое як камандзір будзе.

Ён выбраўся з ямы, у якую байцы ўзяліся дружна ссоўваць зямлю, быццам хацелі хутчэй скончыць з гэтай малапрыемнай работай. Валошыну было нязручна з яго балючай рукой, і ён выпрастаўся. Пахаванне канчалася, заставалася закапаць магілу і насыпаць земляны бугорчык, на які заўтра тылавікі паставяць драўляную піраміду з фанернай зоркай наверсе. На гэтым абавязак жывых перад мёртвымі можна будзе лічыць закончаным. Батальён, магчыма, прасунецца далей, калі будзе загад наступаць, атрымае новае папаўненне, з франтавога рэзерву прышлюць афіцэраў, і яшчэ менш застанецца тых, хто перажыў гэты пякельны бой і памятаў жывымі тых, хто тут закапаны. А пасля і тых не застанецца. Ранейшы будзе толькі нумар палка, нумары батальёнаў, і недзе, у далечы вайны, як дым, растане іх франтавы лёс.

— Ну во і парадак! — абапіраючыся на гладкі тронак нямецкай рыдлёўкі, з выдыхам сказаў Гутман. — Можна курыць. Што не дароблена, заўтра ўдзень даробяць. Абібокаў у тыле хапае.

Байцы заканчвалі падчышчаць зямлю ля магілы, выціралі спатнелыя лбы і моўчкі па адным адступаліся да бруствера ля траншэі. Валошын закурыў і перадаў свой партсігар Гутману, у якога ахвотна закурылі астатнія. Замест запалак у некага знайшлася «кацюша» — папырскаўшы сіняватымі іскрынкамі з крэменя, баец высек агонь, і ўсе па чарзе прыкурылі ад трута — абрыўка тасьмы з дзягі.

— Думаў, сёння мяне закапаюць, — перапыніў усеагульную маўклівасць Гутман. — Ды во самому закапваць прыйшлося. Цуд, і толькі!

— Як шыя? — запытаў капітан.

— Шыя? Баліць, халера. Тыдні са два прыйдзецца пакантавацца ў санбаце. Даўно ўжо не быў, аж уздрадаваўся. А што — лішне не будзе, я чалавек не горды, як-небудзь вытрываю…

Валошын не падтрымаў гаваркога ардынарца, а зморана сядзеў на брустверы, тупа адчуваючы, як у гэты злашчасны дзень нешта для яго скончылася. 3 нейкім вялікім кавалкам у яго жыцці адышло яго труднае камандзірскае мінулае і, мабыць, пачалося штось іншае. Сёння ён пабыў радавым байцом, і хоць і раней не далёка адступаўся ад яго, але тады была ўсё ж дыстанцыя. Сёння ж яе не стала, і ён поўнаю мерай адчуў неабдымнасць салдацкага ліха і заплаціў сваю крывавую плату за вяршок гэтай адбітай з боем зямлі.

Байцы поруч дакурвалі, і ён адчуваў, што набліжаўся час уставаць і ісці. Толькі куды? Як і трое з іх, ён быў паранены і фармальна меў права ісці ў санроту, адкуль яго маглі на тыдзень-другі адправіць у медсанбат. Спакусліва было паваляцца дзе-небудзь у тылавой вясковай школцы, выспацца на саломе, адпачыць ад спрадвечных камандзірскіх клопатаў, атак і абстрэлаў, ад складаных адносін з начальствам. Але калі б там можна было забыцца пра ўсё перажытае, выкрэсліць з памяці тое, што і там будзе душыць, грызці і мучыць. Ён ведаў, што праз дзень-два тылавая вёсачка яму надакучыць і ён зноў пачне рвацца туды, дзе бой, кроў і смерць — ягоны франтавы лёс, апроч якога, яму нічога болей не будзе. Пакуль ён жывы і грыміць вайна, іншага, на бяду ці на шчасце, яму не дадзена.

На душы ў капітана было тужліва і роспачна, як толькі і можа быць пасля пахавання. Не ведаючы, на што наважыцца, ён знямогла сядзеў, каўняром паўшубка затуліўшыся ад ветру. Пакуль дыміла цыгарка, можна было бавіць час і рашаць, але, дакурыўшы, трэба было ўставаць і ісці. Уніз па схіле ў санчасць ці назад за вышыню ў батальён.

— Стой, ціха! — раптам трапятнуўся Гутман і ўскочыў з бруствера. Баец, што сядзеў побач, схапіўся за карабін, але карабін не спатрэбіўся — Гутман узрадавана-сцішана крыкнуў, звяртаючыся да Валошына:

— Глядзіце, глядзіце! Таварыш капітан, Джым!

Валошын азірнуўся амаль спалохана — у начным прыцемку было відаць, як, матлянуўшы над чорнай траншэяй, на бруствер ускочыў іх дужы, імклівы, узрадаваны гэтай сустрэчай Джым. Не звяртаючы ўвагі на незнаёмых, ён крута скокнуў угору на грудзі к Валошыну, ледзьве не паваліўшы яго на зямлю, затым заскуголіў ціхенька і радасна і шархоткім языком пругка лізнуў па бруднай шчацэ капітана, і Валошын не адхінуўся — сцяў на сваіх плячах яго дужыя сцюдзёныя лапы.

1 ... 212 213 214 215 216 217 218 219 220 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)