Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Хрыстос прызямліўся ў Гародні
Хрыстос прызямліўся ў Гародні - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Хрыстос прызямліўся ў Гародні

Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Краткое содержание книги:

Хрыстос прызямліўся ў Гародні
1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 171
Перейти на страницу:

* Сіямская парода.

— Ну і выпіў, — казаў Балвановіч. — Час такі, што зап'еш. Мо і ты хочаш? Тады я…

Побач з ложкам стаяў толькі што распячатаны глячок з мёдам і сподак суніц з вяршкамі. Грынь выпіваў чарку, мачаў палец у вяршкі і мазаў кошку па носе. Тая аблізвалася. Спачатку — нездаволена, потым — нібы робячы ласку.

— Не п'еш? Як папа? Брэшаш, і ён п'е. Павінна была ведаць, калі цябе з карабля ў папскай вобласці купілі… У-у, шэльма, у-у, латрыга, шпіёнка ты мая папская. Чаго морду вароціш? Не даспадобы? А мне, думаеш, даспадобы, што лазутчыкі вакол? Самага вернага дыякана пасадзілі. А горад больш чым на тры чвэрці праваслаўны. Вось няхай самі ў ім і спраўляюцца, а я сам сябе пад хатні затвор пасаджу. Мне і тут няблага. І вып'ю сабе, і закушу. Цішыня вакол, звон. І добра сабе.

Ён не паварухнуў і вухам, калі пачуў грукат. Нехта бег пераходамі, тупаў па сходах, як жарабец. Потым дзверы з гулам расчыніліся, і, нібы нехта кінуў да ложка самавар, уляцеў у пакой і ўпаў ніцма Карніла.

— Блаславі, святы ойча.

— Гэта ты за блаславеннем так бег, прыхвасцень?

— Але.

— Брэшаш ты.

— Святы ойча…

— Ізыдзі, рука Ватыкана.

— Праваслаўны я, ойча…

— Малаважна. Такіх паўсюль паляць. Чацвёрты ты Сікст…

Карніла пакрыўдзіўся:

— Я ўжо і не ведаю, на што гэта вы намякаеце.

— Інквізітар ты… Фараон… Саўл.

— Лайцеся сабе, лайцеся. Кідайце хульныя словы. А ў горадзе мяшчане бунтуюць. Павалілі з доўбнямі, з друкамі на Стары рынак.

— Няхай валяць, — мітрапаліт павараціўся да Карнілы задам. — Дулеб ты багамерзкі.

Кошка ўскараскалася пярэднімі лапамі на Грынеў бок і глядзела на Карнілу, нібы д'ябал з-за муроў пекла.

— Купецтва ім насустрач кінулася. З мячамі.

— Няхай сабе і так.

— Кроў пральецца.

— А нябесны наш айцец не праліваў крыві?

— Дык разбараняць трэба, — амаль стагнаў Карніла. — З харугвамі ісці.

— Вось няхай Лотр з Басяцкім бяруць свае пратэсы сатанінскія ды Камара бяруць ды ідуць. Пагляджу я.

— Праваслаўныя б'юцца!

— Малаважна… ідалапаклоннік ты. Няхай б'юцца. Як разбараняць, то я, а цэрквы ў нас розныя там Богушы адбіраюць ды ім аддаюць.

— Лотр перадае: вярнуць праваслаўную Ніжнюю царкву.

— Пук ты… Рэдзька няскрэбеная, смярдзючая… Якую Ніжнюю? Тую руіну, што ў замку? Хай ён сам там служыць, ракам у алтар поўзае ды спіною голай прастол ад дажджу закрывае… філісцімлянін. Там муры над зямлёю яму да задніцы… немец ён, жаўтапузік такі.

— Ды не тую Ніжнюю… Тую, што на Падоле, пад Балонню.

— І трохкупальную Ганны, — дзелавіта сказаў Грынь.

— Пабойцеся Бога!

— І яшчэ былое Спасаіконапрэабражэнне, што на Гараднічанцы. Драўляную… Даважка.

— Добра, — змрочна буркнуў сотнік. — Толькі хутчэй. Мяшчане да складаў ірвуцца. Кардынал з іншымі пайшлі ўжо.

Грынь Балвановіч раптам узвіўся так, што кошка, нібы падкінутая, пакацілася на падлогу.

— Да скла-адаў?! Што ж ты раней не казаў?! Доўбня ты неўтаропленая… Даўгапят ты! Стрыгольнік*, праваслаўем пракляты!

* Стрыгольніцтва — ерась, што был распаўсюджана ў Ноўгарадзе і Пскове ў ХІV-ХV стст. Стрыгольнікі паўставалі супраць права духавенства і манахаў на зямлю, супраць іхняй распусты. Адмаўлялі паборы за царкоўныя трэбы. Сцвярджалі, што адпраўляць культ можна і без папоў. Ерась была жорстка раздушана.

— Ужо і не ведаю я, чаго вы мяне так бэсціце? Дарэмна вы гэта.

— Шатны*! Адзяянні! Ах, каб ім другога прышэсця не дачакаць!

* Той, хто распараджаецца адзеннем.

Усё яшчэ гучала анафема і раўлі валасатыя і безвалосыя зяпы, а «другое прышэсце» падыходзіла да брамы места. Уваходзіла ў яе.

І наперадзе ішоў у прывязной барадзе і вусах адзіны хоць трохі самавіты чалавек з усёй гэтай кампаніі. Ішоў і нёс на плячах вялізны крыж. Ішло за ім яшчэ дванаццаць, усе ў радне, і на тварах іхніх было ўсё, што душа зажадае, толькі не святасць. Былі на гэтых тварах адбіткі галодных і халодных начэй пад дажджом і другіх начэй, ля карчомнага агню і ў хаўрусе з глякам віна. Было жыццё, якое сяк-так падтрымлівалася падманам… Ішоў, калі разабрацца, самы сапраўдны зброд: аматары выпіць, пад'есці, пераначаваць у чужой адрыне, калі гаспадара няма дома. Ішлі камедыянты, махляры, круцялі, лабатрасы, дагоднікі свайму чэраву, гарэзнікі, насмешнікі. На тварах іхніх былі посныя, добрапрыстойныя, набожныя міны — і гэта было недарэчна і смешна.

За імі грукатаў драны жалкі фургон, а перад імі ішоў чалавек.

З цярновым вянцом на лбе.

РАЗДЗЕЛ VІ СЫСЦЕ Ў ПЕКЛА

…тых людзі разбараняць, бо ў запекласці сваёй бакі і галовы папрабіваць маглі і іншыя члены папсаваць, і было б з таго шкода і псота вялікая іх мосці і верхнасці каралю. А людцы тыя біліся і дараносіцамі, і каўчэгамі, і з моста ў ваду, дзе на глыбокім, адзін аднаго звяргалі; як тыя катќ біліся, што засталіся ад абодвух адны хвасты; сысце пана Езуса нават іх не разбараніла б і не суцішыла.

1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 171
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)