Аблава
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Аблава». Краткое содержание книги:
Вылезшы з рова, доўга аддыхваўся, пасля адышоўся далей да ўзроўка, знайшоў трохі ўтульную мясціну між двума кустамі ляшчынніку. Перш чым легчы, агледзеў суччо - не, арэхаў тут не ўрадзіла, на яго бяду, пажывіцца не было чым. У доле, праўда, сталі трапляцца грыбы - сыраежкі і ваўнянкі, зрэдку чырванеліся мухаморы, і ён падумаў, што хутка, мабыць, дойдзе чарга і да грыбоў. Але найперш яго вабіла бульба, пакуль тая яшчэ была ў полі.
З бульбаю ў яго быў звязаны адзін малапрыемны выпадак у германскім палоне, цяпер дык і смешна ўспамінаць аб ім. Але ўспаміналася часам, бо горкае і вясёлае ва ўспамінах заўжды месцяцца побач. Спярша ў палоне ён паўгода гібеў на варанай бручцы, калі з паўсотняй такіх, як сам, небаракаў рабіў на чыгуналіцейным заводзе. Затым трапіў да баўэра. Гэта быў стары гаспадар гер Ёган, два сыны якога ваявалі на фронце, а дома жыла нявестка з двума падлеткамі. Зямлі ж у таго Ёгана, як і скаціны, было процьма, і, каб апрацоўваць яе, баўэр узяў шасцёх парабкаў з рускіх палонных арміі генерала Самсонава. Наогул у баўэра было і няблага, прынамсі, кармілі па-людску, хоць рабіць прымушалі штодня без выхадных і святаў. І яны рабілі, як чэрці, як валы, - усе гаспадарчыя работы ў полі, на гумне і дома. На гэты конт быў заведзены цвёрды, бадай як у казарме, парадак, за якім асабіста назіраў сам гаспадар сядзібы, што некалі служыў у войску фельдфебелем і бясконца напамінаў ім аб тым. Пра гаспадарчыя справы болей клапацілася нявестка, якая насілася па палях на ладным буланым жарэбчыку, усё выглядаючы, дзе што зроблена, а што недароблена; гаспадар жа болей прыглядваў за батракамі - муштраваў і клапаціўся адначасна. Клопат яго быў асаблівы. Ён пакараў штрафам кухарку, калі тая неяк паклала ў іхні кацёл меней мяса, чым было ўстаноўлена нормай, караў вінаватага за брак у працы ці недаробак тым, што два ці тры дні не даваў мітаг - абедаць, толькі адзін фруштук раніцай. Аднойчы, калі палонны туляк Белашэеў паскардзіўся гаспадару, што другі палонны ўкраў у яго партабак, гер Ёган не стаў дужа разбірацца, а пакараў абодвух. Ён загадаў парабкам узяцца за левыя рукі, як для прывітання, і з прымаўленнем «гутэн морген - гутэн таг» біць па чарзе адзін аднаго ў вуха. Іншыя парабкі, а таксама кухарка, малыя і гаспадар з нявесткай назіралі за той гульнёй з ганка. Спярша было нават смешна, як два рускія, быццам ляніва, напаўсілы пачалі біцца, але хутка кінуліся разнімаць іх, бо тыя так разлютаваліся, што ледзьве не скрывавілі адзін аднаго.
Штодня яны ўставалі па званку ў пяць гадзін раніцы, акуратна засцілалі коўдрамі свае тапчаны, пілі каву з павідлам і чорным хлебам і адпраўляліся на працу. У паўдзён палуднавалі ладнаю міскай супу і кашай з кавалкам мяса, хлеба ім давалі па фунту на раз. Спалі на чыстай бялізне, якую старая кухарка мяняла кожную суботу; кожную суботу таксама мыліся пад цёплым душам у прыбудоўцы да кухні. Белашэеў, з якім пасябраваў Хведар, усё не мог нарадавацца сваім вайсковым лёсам, казаў, дома не спаў так чыста і не еў так сытна, як у гэтым палоне. А праца што ж - да сялянскае працы ім не прывыкаць. І, мабыць, усё было б увогуле добра, калі б не Рудзі, чатырнаццацігадовы падшыванец, сын Герды і ўнук старога Ёгана.
Гэта зладзюга Рудзі, мусіць, кожную гадзіну дома толькі і дбаў, каб зрабіць што брыдкае парабкам. То ён падапрэ каго калком у прыбіральні, то выцягне з хамута супонь, калі трэба запрагаць каня, то падставіць пад хвост кабыле іхні жбан ад квасу. Аднойчы ён выняў з нагружанай фуры шворан, і як Хведар пагнаў каня, фура звалілася з перадка, рассыпаўшы па вуліцы бульбу. Хведар кінуўся яе збіраць, а той Рудзі ад смеху хапаўся за жывот у гародзе, і Хведар, не доўга думаючы, агрэў яго цераз плот пугай. Затым сабраў усё да бульбіны, наладзіў фуру і, нічога нікому не сказаўшы, паехаў у поле. А калі ўвечары вярнуўся ў двор, дык убачыў там старога гаспадара, счырванелую ад гневу Герду і таго злыдня Рудзі з крывавым пісягом на шчацэ. Стары Ёган тут жа распачаў следства, Хведар спрабаваў апраўдацца, але яго не захацелі і слухаць. Нявестка нешта гырчэла пра камендатуру і гаўптвахту, але свёкар сказаў, што гаўптвахты не будзе: ён не можа дазволіць, каб у гарачы дзень веснавых работ ягоны работнік сядзеў у кутузцы ці ляжаў на тапчане з пасечаным бізунамі задам. Ён яго пакарае ганьбай - заўтра Фэдэр пойдзе на працу ў адной кашулі, без порткаў.
Спярша Хведар не зразумеў нават: што гэта за дзіўная кара - без порткаў? А адных падштаніках, ці што? Але аказалася, што не ў падштаніках - зусім без нічога аднізу. Было не сцюдзёна, прыгравала сонца, але пакутам Хведара не было межаў. Увесь час і так і гэтак тузаў долу падол сподняй сарочкі, каб хоць як прыкрыць свой мужчынскі сорам, але прыкрыць не было як - трэба ж было працаваць: нагружаць у фуры бульбу, цягаць кашы ў полі. А навокал былі людзі, немцы і немкі, іхнія дзеці, хлопчыкі і ладныя ўжо дзяўчаты, усе з рогатам ці ўтрапёна пазіралі на яго, і ён гатовы быў завыць ад сораму і крыўды. Ён ледзь дачакаўся вечара таго бясконцага доўгага дня і, прыбіўшыся ў свой катух, без вячэры шаснуў пад коўдру. Якое гэта было неспазнанае шчасце - адчуць сваё цела прыкрытым ад чужых вачэй! Усё ж яму ішоў тады трыццаць першы год, ён быў жанаты і думаў, што горшага здзеку прыдумаць ужо немагчыма, гэты - самы вялікі. Але мінуў час, пасыпаліся іншыя здзекі, у параўнанні з якімі адмысловая выдумка таго баўэра здавалася недарэчным жартам - не болей.