Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
Мусіць, было за поўнач. Ноч яшчэ паглушэла, лес стаіўся, нават не стала чутна шастання кропель, толькі роўна тупалі ззаду конскія капыты, ды ў голлі, спуджана залапатаўшы крыламі, часам кідаўся прэч які-небудзь патрывожаны імі птах. Аднак у лесе па-ранейшаму было мокра, няўтульна і трывожна; дрыготкая золкасць нябачным воглым туманам распаўзалася між кустоў.
Сцёпка настойліва цягнуў за сабой каня, які, аднак, не дужа ахвотна ішоў за чужым. Вядома, каня лепш было б аддаць падлетку, але хто ведаў, што ў таго ў галаве. Зноў жа, у парасніку некалькі часу назад Сцёпка пачуў пах дыму, і гэта пачало яго крыху трывожыць. Добра, калі палілі Брытвін з Данілам, а калі хто чужы? Такое суседства, вядома, не падабалася, і ён трывожліва ўглядаўся ў туманны змрок рова, каб не спазніцца ўбачыць агонь. Ён і сапраўды яго хутка ўбачыў — праз хмызняк кораценька бліснула чырвоная плямка і знікла. Спыніўшыся на момант, Сцёпка падумаў, што, здаецца, гэта яны.
Сапраўды, на краі той самай невялічкай прагаліны ля ручая бліскала маленькае цяпельца, ля якога памалу варушылася сутулаватая постаць у ватоўцы. Учуўшы іх на ўзроўку, постаць крута павярнулася і на хвіліну знерухомела, узіраючыся ў змрок. Але яны ўжо лезлі па схіле ў роў і Сцёпка сцішана прыкрыкнуў на каня, які страхавіта сунуўся на падкурчаных задніх нагах, дзеручы капытамі зямлю. Абое яны з хлопцам прытрымлівалі яго за аброць і хутка спусціліся, збегшы да самага вогнішча.
Брытвін паправіў на плячах нейкую ватоўку і адступіў убок, гойдаючы ззаду, па кустоўі, хісткі змрочны цень.
— Ну, вось конь, — сказаў Сцёпка. — А калёс няма. Ён чакаў, што Брытвін або выкажа задавальненне, што ўдалося дастаць каня, або пачне папракаць, чаму без калёс. Аднак былы ротны паглядзеў на незнаёмага падлетка, які сціпла спыніўся збоч, і абыякава і нетаропка сеў ля агню; побач, распяты на палках, сушыўся яго шынелак.
— Дарма стараўся.
Сцёпка не зразумеў і запытальна паглядзеў на Брытвіна, але той з маўклівай ваўкаватасцю на твары працяг да вогнішча далоні і пачаў грэцца. Агонь паволі разгараўся, дым шэрымі клубамі плыў угару і еў вочы. I тады Сцёпка, ужо адчуўшы нядобрае, пачуў нейкае тупаценне ў другім краі прагаліны. Туды ж касіў насцярожаны позірк конь. У цьмянай валтузні ценяў пад хмызняком, аднак, можна было разгледзець сагнутыя плечы Данілы, які, стоячы на каленях, нешта калупаў у зямлі. Працяты кепскім прадчуваннем, Сцёпка кінуўся да яго, але адразу за канём наткнуўся на прыкрыты кажухом бугорчык. З-пад аўчыннай палы вытыркаліся дзве босыя, недарэчна белыя ў змроку ступні.
Далей можна было ні пра што не пытацца.
Раптам адчуўшы сябе ўшчэнт знясіленым, Сцёпка апусціўся ля гэтых босых, блізка ссунутых ступняў, па якіх далікатным дотыкам гулялі водбліскі, і зразумеў, што самае страшнае, чаго ён баяўся, сталася. I не з ім, слабаком і няўдакам, не з недарэкам Данілам, нават не з Брытвіным, а з самым лепшым, самым для яго дарагім чалавекам у атрадзе.
Не хочучы паверыць, што гэта не сон, не хваравіты, недарэчны прывід, Сцёпка ў абсалютным змярцвенні прыцяўся позіркам да гэтых надта збялелых ступняў, і перад яго вачмі памалу выплывалі з туману тыя, убачаныя ім у сасонніку, шэрыя, падзяўбаныя вараннём ногі. Цяпер ён не мог, ды і не стараўся асэнсаваць тую несумненную агульнасць, якая аб’ядноўвала іх нейкім аднолькавым сэнсам, — гэты сэнс ён спасцігаў пачуццём. Не зважаючы, што там быў невядомы, зусім абыякавы яму чалавек, а тут ляжаў Маслакоў, на паляне, як і там у сасонніку, ужо ўладарыла смерць. Яна адштурхоўвала, палохала і сваёй несправядлівасцю, як заўжды, падаўляла жывое.
Сцяпан сядзеў так доўга, прыдушаны роспаччу і крыўдай за камандзіра, а можа і за сябе таксама, — на жыццё, на вайну, а болей на сляпы выпадак, які часцей за ўсё іншае гаспадарыў над іхнім лёсам.
— Цяпер не падвода — лапата трэба. Лапаты няма? — спытаў ля вогнішча Брытвін.
Скручаны горам, Сцёпка не абазваўся, аднак, пэўна, падлетак даў знаць, што лапаты яны не маюць, бо Брытвін не пытаўся болей. Конь пастаяў, паўзіраўся на Данілу ў змроку і, памалу пераступаючы, пачаў скубці маладую траву. Сцёпка ж усё сядзеў, ні аб чым не думаючы, змярцвеўшы ўсімі сваімі пачуццямі, абыякавы да ўсяго і найперш да самога сябе. Ён надта азяб ад начное золкасці, цела яго пачало міжвольна падрыгваць пад воглым мундзірам. Брытвін, мусіць, убачыўшы тое, сказаў:
— Хопіць мандражыць. Падмяні Бараду.
Сцёпку было ўсё роўна што рабіць, галоўнае для яго мінула, а ўсё астатняе не мела сэнсу. Ён пакорліва ўстаў і паплёўся да змрочнае постаці на краі прагаліны.