Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
З людзьмі і сам-насам - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

З людзьмі і сам-насам

Электронная книга - «З людзьмі і сам-насам». Краткое содержание книги:

Новая кніга Янкі Брыля «З людзьмі i сам-насам» — своеасаблівы працяг такіх ягоных кніг, як «Жменя сонечных промняў», «Вітраж», «Вячэрняе», «Дзе скарб ваш», а таксама — цыклаў лірычных запісаў i мініяцюр «Усё, што ўражвае», «Свае старонкі», «Пошукі слова», «Хлеб надзённы»... I ў новай кнізе народнага пісьменніка — роздум пра час, чалавечыя лёсы, галоўныя праблемы сучаснасці, шчыры клопат пра мір, свабоду, дэмакратыю, родную мову, захапленне красой прыроды i вечнай паэзіяй маленства.
1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 92
Перейти на страницу:

* * *

«Ва ўсіх стагоддзях i ва ўсіх людзей дзіцёнак падаецца ўзорам нявіннасці, бязгрэшнасці, дабра, праўды i прыгажосці. Чалавек нараджаецца дасканалым, гэта вялікае слова, якое сказаў Русо, i слова гэтае, як камень, застаецца цвёрдым i праўдзівым».

Днямі выпадкова сустрэў i перачытаў гэта, калісьці чытанае, у Льва Талстога. Вельмі дарэчы, бо ўжо дзён некалькі на тэлеэкране, калі даецца рэклама, малое на бацькавых руках, яшчэ не зусім выразна, хлопчык яно ці дзяўчынка, доўга i нібы тупа, лепш— недаўменна прыглядаецца да чагосьці, што за кадрам, i — нарэшце — непаўторна міла смяецца, што i відаць, i крыху чуваць. За тыя некалькі дзён i я прывык да гэтага смеху, чакаю яго і, прычакаўшы, зноў нібы ўпершыню, разам з тою малечай міжволі не ўсміхаюся, а смяюся, таксама кароткім, шчаслівым смяшком.

* * *

Нам тут пакінулі госця, які ахвотна заняў мой пакойчык на гарышчы, бо яму там i спіцца добра, i чытаецца, колькі захочаш, i матэматыкай сваёю можна уволю пазаймацца.

Вось я прынёс з пасёлка ранішняе малако, бабуля мяне накарміла, а сама «на гадзінку» ў лес, даручыўшы мне клопат пра ўнукава снеданне, калі ён устане да яе прыходу.

Ад сонца на дварэ, ад кнігі на стале мне светла, цёпла, як быццам зусім па-новаму ўявілася, як гэта хораша, якое гэта шчасце — сын любімага сына, разумны ды дасціпны юначок, школьнік апошняга класа!..

* * *

Госцю шаснаццаць гадоў, а нага ўжо вялікая, як у дачніка-гаспадара. Мокра пасля дажджу. Абуў хлопец гумовыя боты старога — на прабежку па лясной дарозе. Калі вярнуўся, стары з усмешкай сказаў:

— Во, боты мае, калі мне заўтра ў вёску па малако, самі, глядзі ты, пабягуць! Навучыліся.

* * *

Сын бухгалтаркі, інжынер, удавец, павесіўся... Так у газеце. А я ледзь не напісаў: нечакана, як быццам можна такое прадбачыць або чакаць яго. З пятлі чалавека даставалі старая маці i дзесяцігадовая дачка.

Адну ён, няхай сабе не адразу, але дабіў.

А другую на ўсё жыццё забяспечыў успамінам...

* * *

Ліцэісты-гуманітарнікі, пераважна дзяўчаты, на экскурсіі ў нашай наднёманска-прыпушчанскай глухамані. Пачулі ад мяне, што аўтобус адгэтуль да электрычкі будзе толькі ў чацвер, а не ў аўторак, калі ім трэба вярнуцца ў Мінск, пачулі i заахкалі. Адна з гэтых пятнаццацігадовых подлеткаў, весялейшая:

— Ну, мама мая палезе на сцяну!

Другая, у той ёй:

— Ой, i мая ж таксама!

А тады ўжо, дружна смеючыся:

— Во быў бы цырк, каб яны абедзве разам!

Зрабіў далікатна заўвагу: усё ж такі мамы. А яны:

«Дык гэта ж гумар!» А каб не ведалі мяне, дык, чаго добрага, агрызнуліся б таксама ж неяк па-сучаснаму.

* * *

Учора ўвечары, добра пасля дзевяці, над лесам яшчэ невысока стаяла поўня, раскошна налітая спакойным святлом, каля якое паміргвала пястунказорачка. Толькі адна.

Думка на думку, успамін на ўспамін — усё адразу, умомант. I ўнук, не сённяшні, a гадоў дзевяці, калі ён адзін выстойваў ціхенька на ганку, зачараваны ці зоркамі, ці яшчэ i поўняй. I воблікі некаторых сяброў, што ўжо не бачаць гэтай касмічнай красы. 1 мімалёт-сумок, такая журбінка, што трэба ж будзе неўзабаве i самому з гэтым развітвацца. I — нібы каб адмахнуцца ад мінору, для кантрасту,— маміна показка пра дзеда, які гасцяваў у родзічаў, што жылі ў далёкай вёсцы, i яго з пашаны палажылі адпачываць не ў душнай летам хаце, a ў каморцы. Конча было выйсці з патрэбай, дык ён патоўкся ў незнаемых сенях, адчыніў дзверы ў хату, цурболіць цераз парог ды прыгаворвае:

— Во ночка, ні месячыка, ні зорачкі, цёмна, як у розе!..

* * *

Як гэта добра — пасля тых тэкстаў, якія міжволі хочацца правіць, перайсці да тых, якімі моўчкі захапляешся, адпачываючы душой!..

I колькі б я да яго, Міцкевіча, ні вяртаўся, усё чытаецца як быццам упершыню, усё новае ды новае. Ён з тых, каго пазнаваць трэба ўсё жыццё.

...Яна іграе i пяе: Да цераз мой двор, Да цераз мой двор Цяцера ляцела...

I тут мне выразна ўбачылася артыкуляцыя ягоных вуснаў, як ён — праз векавечную бронзу сусветнай славы, праз чароўную сілу яго польскага паэтычнага слова — як ён то шэптам гаворыць, то шэптам спявае за ёю — па-беларуску:

Да не даў мне Бог, Не судзіў мне Бог, Каго я хацела...

А нам, ці толькі мне, дарма не вельмі часам верыцца, якія яны былі свядомыя польскія беларусы — Міцкевіч, Чачот... Дый сама Марыля

1 ... 18 19 20 21 22 23 24 25 26 ... 92
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)