Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0121-4
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
Ён адразу пазнаў яе, хоць на дзяўчыне не было ніводнае адзежыны. Распранутая, яна адразу страціла праклятыя адзнакі гефтлінга і адзін на адзін з прыродаю зрабілася зусім інакшаю ў сваёй палахлівай дзявочай сціпласці, поўнай таямніцы і хараства. Дзяўчына, вядома, не бачыла яго і, насцярожана сцяўшыся, цярпліва падстаўляла сваё худзенькае, лёгенькае цела пад густую пырсканіну струменяў, здавалася, гатовая пры першым жа гуку трапянуцца і знікнуць. Па яе зіхоткіх ад пырскаў востранькіх плечуках блукаў каляровы водбліск вясёлкі.
Не ў стане адолець у сабе чагосьці сарамяжліва-радаснага, Іван паціху апусціўся ў траву, лёг на спіну, перавярнуўся, — над ім гэтак жа перавярнулася чысцюткае, без адзінага воблачка неба. Волкая прэласць зямлі хмельнаю брагай ударыла і закружыла голаў. Хлопец выцягся пластом на травяністым прахладным дзірване і ад прадчування чагосьці неўсвядомлена-радаснага ціха, сам сабе засмяяўся.
У закутках яго пачуцця нязгасна тлела трывога, наперадзе быў, напэўна, недаступны хрыбет, ззаду… Вядома, што можна было чакаць ззаду па сваіх слядах з лагера. Але цяпер, у гэтым запаведніку хараства, ля страчанага і знойдзенага ўжо дарагога яму чалавека Івану зрабілася так па-дзіцячы радасна і хораша, як не было, мабыць, ніколі за ўсё яго невялікае жыццё. I ён прагна душой піў гэтую нечаканую харошасць, і не стараючыся нават даўмецца, адкуль яна і што ў ім сталася, — проста ён быў па-чалавечы шчаслівы, і ўсё. Праўда, неўзабаве адчуў ён, што тое ненадоўга, — нешта клапотнае і труднае не пакідала яго і ў гэтай шчаслівасці, нешта трывожыла і гняло, але цяпер Іван прыцяў яго, прыглушыў, бо так было невыказна добра.
Ён болей не выглядваў з маку і ні разу не зірнуў на яе. Сарамлівая далікатнасць перашкодзіла яму зрабіць тое, хоць і вельмі карцела; лежачы ніц і не ведаючы навошта, ён ірваў ля сябе мак і міжвольна складваў галіністыя яго кветкі ў букет.
За гэтым заняткам, поўны свае невыразнае радасці, ён пачуў непадалёк таропкія крокі, ускінуў з травы галаву — пад вадаспадам нікога ўжо не было. Джулія, на хаду апранаючы паласатую куртку, бегла побач і ніжэй, пэўна, туды, дзе пакінула яго. Ён зноў ціхенька ўнутрана засмяяўся, убачыўшы яе нецярплівы, клапотны, скіраваны ўдаль позірк, але не аклікнуў, а, згробшы скуранку, устаў і памалу пайшоў следам.
Пабліскваючы на сонцы мокрымі, смалянымі да чарнаты валасамі, яна хуценька аббегла рададэндран і стала, быццам спатыкнулася, ля іх лаўжа. Нават зводдаль няцяжка было заўважыць яе спалох і збянтэжанасць. Праз секунду яна зірнула ў адзін бок, у другі і падалася па схіле ўніз, але, на бягу азірнуўшыся, стала.
— Іван!!!
Спалох, боль і радасць адначасна азваліся ў гэтым воклічы. Яна пляснула далонямі і птушкаю кінулася яму насустрач. Іван спыніўся. Здалося яму, цэлую вечнасць не бачыў ён гэтых зіхотна-радасных вачэй, далікатна-смуглявага твару, бязладнага россыпу яе кароткіх валасоў-стрыжак. Усё ў ім памкнулася да яе, але ён сцяў гэта ў сабе, невядома навошта — стрымаў. Яна ж, дратуючы калодкамі мак, падскочыла да хлопца, аберуч абхапіла яго за шыю і, павісшы на ёй, заляпіла яму каля вуснаў п’яны, нечаканы, як стрэл, пацалунак.
— Іваніо!
Ён толькі зацяў дыханне, а яна, усё трымаючыся рукамі за шыю, парывіста адкінулася ад яго і засмяялася — шчасліва і бесклапотна, любасна ўглядаючыся ў яго твар, які гарэў яшчэ ад сцюдзёнага апёку яе вуснаў. Затым, усё смеючыся, разамкнула на ім свае пальцы, лёгка адштурхнула яго і села ў траву насупраць, адкінуўшыся на выцягнутыя рукі. Вочы яе ззялі зіхоткім гарэзна-дураслівым смехам, куртка, нядбайна зашпіленая на адзін гузік-палачку, расхінулася, і ў клінку-ямачцы між грудзей бліснуў маленькі сіні эмалевы крыжык. Гэты крыжык нечаканай цікаўнасцю кальнуў яго позірк. Яна перахапіла яго і, крышачку спазніўшыся, схамянулася, захінаючыся і па-ранейшаму ўсё смеючыся вачыма, тварам, вялікім белазубым ротам, кожнаю часцінкай сваёй маладой свежа-сцюдзёнай ад купання істоты.
Ён, аднак, быў зусім іншы: раптам насупіўся, збянтэжыўся, бо за якіх паўхвіліны, стоячы так, адчуў, як нешта ў ім рушыцца, штосьці траціцца, як нейкая нязнаная, новая сіла падпарадкоўвае сабе ягоную волю. У той жа час ён невыразна яшчэ пачаў разумець, што трэба не паддавацца, супраціўляцца, адстаяць сябе. Зноў жа яе такі рашучы бяздумны наскок збянтэжыў яго, падумалася: «Нашто так? Як гэта яна так? Чаму? Што гэта ў яе — радасць, парыў?.. А можа?..»