Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Подых навальніцы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Подых навальніцы

Электронная книга - «Подых навальніцы». Краткое содержание книги:

Раман «Подых навальніцы» — другая частка «Палескай хронікі», якая прынесла Івану Мележу шырокае прызнанне ў нашай краіне і за мяжой. Пра «Палескую хроніку» І. Мележа, пра не толькі ягоную, але i ўсёй нашае прозы Галоўную кнігу, пра гэты «найвышэйшы ўзор усей беларускай пасляваеннай прозы» (Б. Макмілін), пра гэтую адну з самых «высокіх i сонечных вяршынь беларускай савецкай літаратуры» (П. Панчанка) ужо напісана, бадай, як ні пра які іншы наш раман. Людзі, чуйныя да Праўды i Прыгажосці, яшчэ ў рукапice любаваліся, «як хораша i ўдумна ўсё зроблена, як тонка, дасціпна i глыбока. І як праўдзіва i адчувальна…» (Ян Скрыган).
1 ... 206 207 208 209 210 211 212 213 214 215
Перейти на страницу:

Ганна ледзь управілася з цёткай Агапай, што прыбягала раней кожны ранак сюды, выпаліць печы, як i двор, i калідор, i пакоі сталі поўніцца дзіцячымі галасамі. Дзеці так шумелі, што Галіна Іванаўна некалькі разоў выходзіла са свайго пакоя i крычала, каб сціхлі. Але сціхлі галасы надоўга толькі тады, калі адзвінеў званок i настаўніцы са сшыткамі i кніжкамі зніклі ў класах. Так было ўвесь дзень: дом то аціхаў, то поўніўся такім вірам гоману i крыкаў, што здавалася, як шыбкі трымаюцца. Як каму, а Ганне падабаўся гэты галас, гэтае кіпенне, ён весяліў, бадзёрыў яе. Калі пачыналіся заняткі i з-за дзвярэй класаў чутны былі адно ціхія галасы каго-небудзь з малых ці настаўніц, ёй хацелася крыкаў дзіцячых, ix весялосці.

Сярод гэтага нязвычнага жыцця Ганне больш верылася, што от i для яе пачынаецца інакшае, нязнанае, добрае жыццё. Гэта вера свяцілася ў душы, калі з ахвотай i ўдзячнасцю да Параскі мыла пакой, калі ўпраўлялася на кухні, калі з дзецьмі выцірала столікі, прыбірала пасля заняткаў…

Усё ж радасць i веру ледзь не ўвесь час хмарыла трывожнасць. Ці мыла падлогу, ці поралася на кухні, ці чула, як ціхнуць галасы ў калідоры i на двары, трывожна паглядвала на пляц, прыслухоўвалася да крокаў. Усё чакала: прыбяжыць Яўхім…

Ён прыбег на трэці дзень. Пад вечар, важкі, рашучы, уваліўся ў Парасчын пакой.

— Вам чаго? — пачула Ганна з кухні.

— Ганна — у вас?

Ганна пазнала: ён. Выведаў, знайшоў… Не здзівілася: каб ён ды не знайшоў, ды адступіўся так адразу!

— А вы — хто? — запыталася Параска.

— Чалавек я. Мужык яе, калі не знаеце!

— А! Цяпер знаю. — Параска гаварыла спакойна, аж дзіва. — Вы, мусіць, хочаце, каб яна вярнулася к вам? — Не дала яму сказаць, заявіла непахісна: — Дык я магу перадаць: яна да вас не вернецца!

— Вернецца ці не, ето мае дзело! — абрэзаў яе ён.

Ганна магла б не выходзіць. Але ёй было няёмка туліцца ў схоўцы, даваць такі клопат адной Парасцы, хавацца за чужой спіною.

Дзіўна, ніякай трывогі, ніякага страху не было, калі ўвайшла ў Парасчын пакой, яму на вочы.

— Чаго явіўся? — сказала яму жалезным голасам.

— Квацеру паглядзець захацелася! — Ён стаяў сярод пакоя, чырвоны ад ветру i злосці, у ботах, у паддзёўцы, з пугаю ў руцэ.

"На калёсах прыехаў…" — прайшло ў яе галаве.

— Квацеру жончыну паглядзець захацелася! — паўтарыў ён, выдзяляючы асабліва: "жончыну".

— Паглядзі…— У яе гол асе, ва ўсёй паставе был i кплівасць, ганарыстасць.

— Бачу. Багато жывеш!..

— Непагано!

Ён павёў вачыма па пакоі, непрыхільна зіркнуў на Параску, важка пераступіў з нагі на нагу.

— Дак, можа, пара ўжэ кончыць ету камедзію! — сказаў раптам мякчэй, згаворліва.

— Дак я ўжэ кончыла.

Ён пранізаў яе позіркам.

— Ето ты цвёрдо, насаўсім?

— Хопіць ужэ. Паспытала шчасця!

— Ну, глядзі! — У яго голасе зноў пачулася пагроза. — Штоб не пакаялася!

— Ето ўжэ мой страх! Толькі не бойся — не пакаюся!

— Я покуль — па-добраму! — Ён, як раней, гразіўся, a толькі — чула Ганна — сам не ведаў, што рабіць далей; але не паказваў выгляду.

— А потым — што? Прымусіце? — заступілася за Ганну Параска.

— Ето ўжэ наша дзело — што! — Яўхім люта зіркнуў на Параску. — Вам бы, барышня, лепей не сунуць носа сюды!

— Вы ўламіліся ў мой пакой ды яшчэ смееце абражаць мяне!

— Не пужайце! A толькі — не раю лезці ў нашае дзело! — Ён зноў, ужо цвёрда, зірнуў на Ганну. — Сабірайся!

— Зараз жа пабягу! Падажджы! — Ганна хоць бы варухнулася.

— Покуль не позно!

— Кончано усё. Значыць — позно не будзе!

— Ну, глядзі ж! — грозна сказаў ён. Хацеў ужо ісці, але затрымаўся. Чамусьці паведаміў: — Сцяпана бацько выгнаў. Не паяўляўся шчэ?

— Не…

— Паявіцца, канешне. У Юравічах бачылі ўжэ!..

Пастаяў, памаўчаў, раптам апаліў злосцю, нянавісцю:

— Ну, глядзі ж! Усё адно — без мяне табе не жыць! Знай!

Ён стукнуў дзвярыма, важка затупаў у калідоры.

Людзі хавалі мёртвых, біліся ў горы над імі; бедавалі пра любых сваіх, жаніліся з імі; людзі жалі i малацілі, снедалі i вячэралі. Да людзей ішлі нязвыклыя, нязведаныя перамены, якія павінны былі зрабіць усё такім, якім яно не было ніколі. Людзі жылі, як i дзесяць, i сто гадоў, i жылі, як не жыў яшчэ ніхто, ніколі…

Даўняе i новае, дробнае i вялікае — усё было ў гэтым жыцці разам, злівалася, перамешвалася, лілося адной вірлівай, шырокай, няспыннай ракою…

1 ... 206 207 208 209 210 211 212 213 214 215
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)