Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Роман, новелла » Дзве душы
Дзве душы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Дзве душы

Электронная книга - «Дзве душы». Краткое содержание книги:

Заможны памешчык Абдзіраловіч, аўдавелы пасля трагічнага выпадку, давярае свайго малога Ігналіка карміліцы. А тая, жадаючы лепшай долі свайму дзіцяці, пераменьвае немаўлят. Пасля абодва — Ігнат і Васіль — праходзяць праз рэвалюцыю, Грамадзянскую вайну. Пры гэтым асаблівая аўтарская ўвага скіраваная на светабачанне Ігната Абдзіраловіча, які пакутуе ад раздваення душы — у рэчах, простых на першы погляд, бачыць палярныя бакі і разрываецца паміж процілегласцямі, не ведаючы, да якога берага прыстаць.
Твор зрабіў вялікі ўплыў на беларускую філасофію. У прыватнасці, Ігнат Канчэўскі пры напісанні праграмнага эсэ беларускай філасофіі «Адвечным шляхам» узяў як псеўданім прозвішча галоўнага героя «Дзвюх душ» — Ігнат Абдзіраловіч.
1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 46
Перейти на страницу:

— Эх, мінулася, мінулася, — казаў доктар і качаў галавою, — да вайны было, а цяпер мінулася, мінулася ўсё, эха-ха, — і ўздыхаў, ківаў галавою.

XII

Пяць дзён не сціхала кананада.

Бесперастанку трашчэлі і трэскалі кулямёты і стрэльбы, то быццам заціхалі, то ўзноў набіраліся заядласці. Памаўчаўшы, бухалі пушкі, і чарада глухога, дужага гулу хавала ў сябе тое трэсканне.

Быў пяты вечар.

Хмурая восенная мга паўзла з сівага неба на цяжка хворы горад, на кананаду.

Карпавіча і Васіля адпусцілі дамоў, каб яны выспаліся і ўзноў прыйшлі змагаць буржуяў.

Абпэцканыя і абшарпаныя, з кулямётнымі патранташамі цераз плечы і ўкол пояса, з набітымі стрэльбамі ў руках перабегалі яны пад сценкамі, прабіраліся да свайго квартала.

Зрэдку там а там пёк з вакон і з люхтаў захованы вораг.

— Не здаюцца, каб іх удушыла, — мармытаў Карпавіч аб белагвардзейцах.

— Кажуць, нам ужо помач ідзець з Петраграда, — весяліў надзеяй сябе і старога Васіль.

— Ах, каб жа бог даў… — уздыхнуў змучаны Карпавіч і без асаблівай цікавасці і ўважнасці засудзіў сябе, што — бальшавік, а гаворыць — «бог даў».

— Каб жа бог даў, як той казаў, — падумаўшы і пераскачыўшы небяспечнае месца, дадаў Карпавіч.

— А як мы іх турылі па Газэтнаму завулку, — весяліў успамінамі сябе і старога Васіль, — шкода, што не злавілі начальніка партыі, гэтага нягоднага князя.

— Гальшанскага? Шкода, праўда што. Партыйка-то яго так сабе: блазні, кадзеты, юнкяры… Во сам б'ецца, як нячысцік. Усюдых паспее, — гаварыў стары.

— У страўню вегетарыянскую ці там нейдзе шмыкнуў і схаваўся. Пяць кулек пусціў яму ў сугон, ды абмахнуўся: пашчасціла князю ўцячы.

Раптам загудзела міма граната і з вялікім грукатам бахнулася высока аб мур.

Сыпнулася вапна, цэгла, і закурыўся пыл.

Яны шпарка ўбеглі ў вароты.

— Пачакаем.

— Трэба.

— Ах, не ведаю, як маецца матка, — сказаў Васіль.

— Але, здалася старка. Каб ногды зусім не развіталася з намі. І што ёй? Здаецца ж, век як не бог ведаеце які.

— Каб толькі, кажа, яшчэ хоць на паніча Ігналіка зірнуць.

— З галавы ёй нешта не выходзіць гэны паніч.

— Ну, як жа: узгадавала яго, сіротку.

— А цікаўна, як ён цяпер? З чыйго боку? — пытаючы, казаў Карпавіч.

І раптам неўспадзеўкі наперадзе нехта дужа свіснуў.

— Стой!

Сунуўся груд людзей.

Група ўсякіх мястовых паноў, з'ёжаных і падняўшых каўняры, нейкіх яшчэ шабадраных жулікаў і двох-трох чалавек у шынэлях, абкружаныя ўзброенымі чырвонагвардзейцамі, рушыла ўгору па вуліцы.

— Свае, свае!

Яны прад'явілі паролі і сказаліся.

— А! Таварыш Гаршчок! З Газэтнага завулка? Вы як маб быць усыпалі ім, калі яны ўцякалі.

— Нічога, як трапілася, — адказаў Карпавіч.

— Васілёк! — зняцейку пачуўся з групы арыштаваных абніжоны голас Абдзіраловіча.

— Ігнат Восіпавіч, як гэта вы папаліся? — пазнаў яго ў шынэлі з адрэзанымі наплечнікамі і адгукнуўся Васіль. — Таварыш начальнік, — папрасіўся ён у галоўнага канваіра, — дазвольце паздароўкацца.

— Я ехаў на доктарскую камісію, я не ведаў, што дзеецца ў месце, і на вакзале мяне ніхто не задзержыў. Во — запіска, што ў мяне адабрана аружжа. Ішоў я, Васілёк, да вас; тут мяне арыштавалі. А я чалавек хворы і не магу змагацца з ніводнага боку. І я, таварышы, ледзь на нагах стаю, — казаў Абдзіраловіч.

— Вы яго знаеце? — спытаўся начальнік канвоя ў Васіля.

— Добра знаю.

— І я таксама, — адгукнуўся Карповіч.

— Ну, дык можаце ўзяць яго да сябе. Абдзіраловіч радасна выйшаў з прыкрага кола. Яны пайшлі.

— А мама дужа хварэець, — зазначыў Васілёк.

— Ну, што ты?! — занеспакоіўся Абдзіраловіч.

— А так, дужа хварэець. Будзе рада, што вы прыйдзеце.

Ды толькі яны ступілі некалькі сігоў, як блізюхтанька з варот пасыпаліся рэвальверныя стрэлы.

Яны махам крутнуліся ўбок.

Але Карпавіч, відаць, зачапіўся за нешта, спатыкнуўся і заваліўся.

— Таварышы! — нейкім пісклявым галаском завапіў ён. — Таварышы, ратуйце!

З варот выбегла некалькі чалавек белай гвардзіі са знаёмым Абдзіраловічу па лазарэце капітанам Гарэшкам за даводцу. Яны ў мамэнт абкружылі Абдзіраловіча.

Васіль некуды кінуўся наўцёкі і як наскрозьдоння праваліўся.

Высокі Гарэшка злажыўся рэвальверам на ляжачага дробненькага Карповіча.

1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 46
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)