Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 4». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У чацверты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Апошні баец» (1957 г.), «Жураўліны крык» (1959 г.), «Здрада» (1960 г.), «Трэцяя ракета» (1961 г.), «Пастка» (1962 г.), «Альпійская балада» (1964 г).
1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 241
Перейти на страницу:

Добрае і светлае пачуццё з’явілася ў сержанта, калі ён убачыў гэтага чалавека. Вось, бадай, найлепшая з вайсковых якасцей — моцная, на ўсё жыццё вернасць вайсковаму абавязку, у якія б абставіны чалавека лёс ні кідаў, стомленыя, знясіленыя спяць людзі, махнуўшы рукой на асцярожнасць, вырашыўшы — што будзе, тое і будзе, ёсць камандзір, каб клапаціцца. А ён перамог сябе, адагнаў сон і падняўся, ледзь трымаючыся на нагах, але ведаючы, што так патрабуе вайсковы парадак, што лёс сцяга і людзей абавязвае да таго. Пятрусь пашкадаваў у душы, што за апошнія дні, захапіўшыся зухаватасцю старшыновых учынкаў, неяк згасіў у сабе былую цеплыню і ўдзячнасць да свайго выратоўніка.

— Спаў бы яшчэ, — сказаў Нупрэеў, заўважыўшы, што сержант устае. Ён падышоў да Петруся і спыніўся, старожка ўслухоўваючыся ў лясную ціш.

— Кладзіцеся вы самі, адпачніце. Цяпер я павартую, — сказаў Пятрусь, і яму захацелася яшчэ нешта сказаць старому, добрае і прыемнае.

— Ведаеце, харошы вы чалавек, дзядзька Нупрэй. Я ўсё гляджу на вас, і мне прыпамінаецца мой бацька. Добры быў чалавек. Маці, бывала, нас, хлапчукоў, лае, то ўдарыць каго, то замахнецца, крычыць. А бацька, калі што не так, скажа гэтак сур’ёзна, ціха, але строга, і мы слухаліся. I толькі цяпер зразумеў я, як шкадаваў ён нас.

— Так, — задуменна казаў Нупрэеў. — Дзеці яны так: душу аднімаюць, а вырастуць — забудуцца… Ці жывы ж бацька?

— Няма. На лесанарыхтоўцы лямінай забіла.

Пятрусь нерухома пасядзеў яшчэ з хвіліну, яму ўсё хацелася гутарыць, пакуль быў час, спалі змораныя людзі і пакуль на якую гадзіну сціхла трывога ў ягонай душы.

— Ведаеце, камандзіра палка прысніў, — сказаў хлопец. — Быццам я з’явіўся да яго (нібы ў нашым вайсковым гарадку было гэта), з’явіўся, а сцяга няма. I так гэта страшна мне стала. Памятаю, што ён загадваў у тым баі ратаваць сцяг, а я неяк быццам забыўся на тое. Ну, і лаяў жа ён мяне. Так мне горка і крыўдна было, што я аж не ўтрываў у сне і прачнуўся.

— Клапоцішся, вось яно і сніцца, — сказаў Нупрэеў. — Пэўна, пападала ад камандзіра.

— Не. Мне ніколі ні ад каго не пападала, — казаў хлопец, летуценна пазіраючы ў гушчар. — Я добра служыў у войску. За два гады ніводнага спагнання, адны толькі падзякі.

— Мусіць, пабойваўся начальнікаў? — усміхнуўся баец.

— Як вам сказаць, — сур’ёзна, крыху падумаўшы, сказаў Пятрусь. — Вядома, камандзіраў пабойваўся, гэта праўда. Але не ў тым справа. Тут другое. Я вырас у вёсцы, дужа не пеставаўся. Дзяцей было шмат, а працаўнік — адзін бацька. Я ў школе вучыўся. А ўлетку, як толькі вучоба скончыцца, адразу ў працу. То скаціну пасвіць, то на конях вазіць што. дно лета я коней даглядаў з дзядзькам Петраком, другое — цялят. Прывык з маленства да працы. Праўда, калі пасвіў жывёлу, дык вельмі ўжо цяжка было ўставаць уранку. Так трудна, што хоць ты плач. Будзіць, будзіць маці — і ласкай, і хлясне чым, а ты вачэй не расплюшчыш. Але нічога. I вось я якраз у сёмым класе быў — зімой бацьку ў лесе забіла. Усё думаў: скончу школу — у горад падамся, а тут як падасіся? Сям’я пяць душ, я самы старэйшы. Ну і пайшоў у МТС прычэпшчыкам. Два гады працаваў там. Быў ціхі, нясмелы, розныя гарадскія хлопцы дапякалі часам. Потым пайшоў у армію. Трапіў у пяхоту. Цяжка было спачатку, але нішто. Я хутка прывык і да пад’ёму, і да зарадкі. Стараўся, праўда. У адным аддзяленні са мной быў Цыбышаў, харкаўскі сам. Спалі мы побач на ложках. Дык той, бывала, бурчэў усё ды нудзіўся: то яму пад’ём ужо занадта хуткі, то зарадка — марная справа, то харч нясмачны. А мне дык, ведаеш, і пад’ём нішто — я дома куды раней уставаў, і зарадка так сабе, лёгкая забаўка, а харчы добрыя. А галоўнае — мяне захапляў горад. I вось у каго не было якіх парушэнняў, таго ў нядзелю пушчалі пагуляць. Я хадзіў, бадай, кожны раз. Ведаеш, былі вісусы, пойдзе — гарэлкі нап’ецца, у камендатуру трапіць. А я ўсё хадзіў і глядзеў. На вуліцах, на плошчах, у парку. Будынкі глядзеў — такія гмахі, бывала, дзіўлюся, колькі там прыгожасці, хараства, а працы? Гэта цуда! На людзей глядзеў: бывала, ідзе які чалавек, малады, ці стары, а мяне ўсё цікавіць: чаго ён заклапочаны, дзе ён працуе, якая ў яго кватэра, што ён думае? I мяне заўсёды здзіўляла, чаму гэта гарадскія людзі такія няўважлівыя адзін да аднаго — усё бягуць, ні да каго ім справы няма. Потым мяне паслалі ў палкавую школу, стаў камандзірам, сержантам. Узводным у нас быў лейтэнант Пятроў, малады такі хлопец, добры. Ён, здаецца, упадабаў мяне і часцяком даручаў то заняткі правесці, то якую нескладаную справу зрабіць. I я ўжо стараўся. Спачатку ён правяраў, кантраляваў, як і трэба, вядома. А потым даверыўся і ўжо толькі на маё сумленне меў надзею. Хлопцы ўсё, бывала, збіваюць мяне. Ідзём калі пад абед на штурмавую паласу — кажуць: давай перакурым, усё роўна лейтэнант не бачыць. А я не магу. Ведаю, ён спадзяецца, што зробім, як трэба, і не магу ашукаць яго. Калі б ён хітрыў, ці дапытваўся, можа б і паслабела мая душа, а так не магу і годзе. Хлопцы, бывала, бурчаць, а я маўчу ды трываю. — Пятрусь змоўк, шчыльна сціснуў вусны і, нешта прыпамінаючы, нахмурыў русыя бровы. Нупрэеў усё стаяў побач, глядзеў на яго, аберуч трымаючыся за штых. Цёмны, васпаваты твар байца быў сур’ёзны.

1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 241
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)