Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Дзень, калі ўпала страла - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Дзень, калі ўпала страла

Электронная книга - «Дзень, калі ўпала страла». Краткое содержание книги:

 Кніга «Дзень, калі ўпала страла» прысвечана гістарычнаму мінуламу беларускага народа. Сярод яе герояў — князь Уладзімір Полацкі, які ўзначальваў мужную барацьбу палачан з наступам крыжакоў, выдатны філосаф-атэіст XVII ст. Казімір Лышчынскі, вальнадумца Аляксандр Незабытоўскі, удзельнікі паўстання 1863—1864 гг., рэвалюцыянер-нарадаволец Ігнат Грынявіцкі і іншыя. Падзеі ў апавяданнях і аповесцях, што склалі кнігу, адбываюцца ў розныя эпохі, але яе герояў яднае пачуццё патрыятызму, клопат аб будучыні роднай зямлі, дзеля якой яны гатовыя ахвяраваць жыццём.
1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 82
Перейти на страницу:

Быў там і халоп нявольны баярына Завішы Цімошка Гром, празваны так за дурную звычку, якую не буду я тут узгадваць, але воін харобры; няраз з адной паліцаю ішоў на рыцара і перамогу меў над многімі. Сустрэў жа пагібель сваю Цімошка ў сечы векапомнай пад Маляшовым. Мы ў дзень той стаялі на гары, і, калі спешыліся ворагі нашы і рынулі на прыступ, гетман наш Ян Жыжка, які і безвач бачыў лепей, чым трое відушчых, махнуў рукой, і пакаціліся долу вазы цяжкія, каменнем наладаваныя, а калі пабеглі рыцары, ударылі ім у спіну гарматкі-тарасніцы, і паляцела ў пагоню конніца. Паўтары тысячы паноў і людзей моцных места Пражскага маліліся тады астатні раз богу свайму. Адзін жа з іх, чалавек небаязлівы і немалой сілы, распалавініў Цімошкаву галаву, як гарбуз, але сам перажыў Грома адно на міг, бо не паспеў ён узняць меч, як закіпела сэрца ягонае на маёй суліцы. Было гэта ў лета, калі забрала адважнага Жыжку чорная смерць і мы назвалі сябе сіротамі.

Пасля Маляшова ваявалі мы разам з чэхамі яшчэ дзесяць летаў і няраз білі і гналі, як парасятаў, самыя адборныя раці, і няраз адно рыпенне баявых вазоў і хваласпеў наш, што дагодны быў небу, змушалі ворагаў паказваць нам свае спіны. Так доўга ваявалі мы ў Чэшскай зямлі, што з'явіліся паміж нас такія, што забываліся мовы сваёй, і вучыў іх я, што няможна чалавеку забываць, хто ён ёсць і з якога ён народа, бо за пашану да свайго будуць ганараваць нас людзі з іншых краёў, бязродных жа ніхто не ўшануе. І вучыў я іх, што нельга выракацца тае мовы, з якой ты на свет прыйшоў, бо пусціш у душу мову чужую, і душа твая зменіцца, і не станеш ужо тым, кім на раду табе напісана, а гэта грэх вялікі перад усім светам, бо не скажаш тады свайго слова запаветнага і не зробіш тое, што пасланы ты на зямлі зрабіць. Так казаў я, і многія слухалі мяне, бо ведалі, што спасціг я кніжную мудрасць, але быў сярод іх простым воінам і еў і піў разам з імі.

Былі ж і такія, што казалі: поле наша пустуе, а мы чужыя нівы баронім і не шкадуем жывата свайго за праўду чужую. І казаў я ім, што няма на свеце чужой праўды, ні чэшскай няма, ні беларусінскай, ні літоўскай, а ёсць адна праўда на ўсіх. І, калі пайшоў князь Жыкгімонт Карыбутавіч з Чэхаў, многія адназемцы мае пайшлі з ім, а многія засталіся і, прыняўшы веру гусіцкую, біліся за справу Божую і за тое, каб места дзівоснае Табар, дзе людзі сябе братамі і сёстрамі называюць, на зямлі стаяла.

З Вялікага ж Княства даходзілі да нас весткі сумныя вельмі. Крывёю былі залітыя нівы нашыя, бо, як сышоў у магілу гаспадар наш Вітаўт, пачалася звада крывавая між князем Свідрыгайлам і князем Жыкгімонтам Кейстутавічам. Места ж Віцебскае адчыніла браму перад Свідрыгайлам і прызнала яго за князя свайго, бо заўсёды хіліўся ён да нашай дзедаўскай веры, дарма што ўзяў у хаўруснікі сабе лівонцаў і конніцу татарскую. І звёў князь Свідрыгайла ў Віцебску падрахункі з людзьмі Жыкгімонтавымі: князя Міхала Альшанскага загадаў ён пасадзіць у мех і кінуць у палонку, а князя Сымона Альшанскага загадаў скінуць у Дзвіну з Замкавае гары. У нашым жа месце Смаленску ўзялі мітрапаліта Герасіма, і спаліў яго князь Свідрыгайла ў Віцебску на вялікім камені пад замкам, бо трымаў Герасім перавет на яго. Ваявалі князі зацята, дзелячы ўладу над краем, зямля ж наша і люд яе мелі з гэтага няшчасце і рабункі несканчоныя бедных двароў сваіх.

Не сказаў яшчэ я, што паміж тымі, хто прыняў веру гусіцкую, быў свайчак і пагодак мой чаляднік бондара Міхея з Багародзіцкай вуліцы Юрка Батыніч, празваны Жаркім, бо рабіўся ён у сечы апантаны, і цэп ягоны, жалезам акуты, расколваў ворагам нашым галовы, не раўнуючы як лесавыя гарэхі. Пабраўся Юрка з чэшкаю Марыяй, і нарадзіўся ў іх сын, ахрышчаны на ўспамін пра Гуса-пакутніка Янкам. Калі ж вярнуліся мы з паходу ў польскія землі, уведаў Юрка, што наляцелі аднаго разу тэўтоны, і захапілі ў полі жанчын з дзецьмі, і над жанчынамі гвалт чынілі, а потым выразалі ім персі і рвалі дзідамі ўлонні, дзяцей жа і сярод іх Янку малога з залацістымі валосікамі кінулі ў агонь. З тае пары замаўчаў Юрка і маўчаў тры леты, робячы на цапільне страшнага цэпа свайго зацінкі, і была кожная напамінкам пра чорную душу ворага Хрыстовага, якога адправіў Юрка ў апраметную; набралася ж зацінак такіх больш за сотню. Маліў ён неба, каб хутчэй дало яму сустрэцца з жонкаю і сынам, але наканавана яму было помсціцца да самай бітвы на праклятым полі Ліпанскім, а была бітва гэтая ў лета ад нараджэння Сына Божага 1434.

Стаялі мы на тым полі тры дні і тры ночы, акурат у пару, калі вясна з летам абдымаюцца, і салоўкі цёхкалі, і такая навокал лагода была, нібы хацеў сказаць Збавіцель людзям, каб не забівалі адно аднаго, а нараджалі дзяцей і аралі зямлю. Але не маглі мы апусціць мячы і цапы свае, і кожны з нас паспавядаўся і прычасціўся, а паны ўсё не адважваліся напасці на нас, хоць і было войска іхняе большае трыкроць.

1 ... 17 18 19 20 21 22 23 24 25 ... 82
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)