ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ
- Автор: Малецкі Язэп
- Год: 1976
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «ПАД ЗНАКАМ ПАГОНІ». Краткое содержание книги:
Язэп Малецкі
Калі мы прыехалі да Ліды, толькі школьніцтва было ў беларускіх руках пад кіраўніцтвам акруговага інспэктара Макарэвіча. Адміністрацыя-ж па паветах адно ў 50 % была беларуская. Нямецкія ўрадаўцы ад зондэрфюрэраў да гэбітскамісарыяту былі абстаўленыя рознымі фольксдойчамі польскага паходжаньня, дзяўчатамі лёгкага паводжаньня, ды іншымі варожымі да беларускай нацыянальнай справы агентамі .
Мы правялі дзьве гутаркі з гэбітскамісарам фон Ганвэг. Ён у прынцыпе пагаджаўся з нашымі меркаваньнямі, але не хацеў зьмяняць пастаўленае ўжо адміністрацыі. Згадзіўся аднак-жа на сарганізаванне «Беларускай Самапомачы» ды прыабяцаў беларушчыць паступова адміністрацыю, судаўніцтва, паліцыю. Праводзілася гэта як зь нямецкага, так і зь беларускага боку. Польскае падпольле адказала на гэта жудасным тэрорам, ахвярамі якога ў гадох 1941–1944 у Лідчыне пала да 1200 Беларусаў.
У ГОРАДНІ
Быў прыгожы дзень на пачатку кастрычніка 1941 году, калі ў віленскі Беларускі Нацыянальны Камітэт зьявіліся з Горадні мгр. В. Папуцэвіч і інж. А. Русак. Прыбылі яны сюды, каб навязаць лучнасьць зь Віленскім Камітэтам, узгодніць нацыянальную акцыю, дастаць кніжкі для беларускіх настаўніцкіх курсаў. Прасілі яны й людзей у Горадню для беларусізацыі адміністрацыі гэтага места й акругі. Нейк склалася, што толькі я адзін згадзіўся паехаць у гэтую старую гістарычную сталіцу. За тры ўжо гадзіны я быў гатовы, з двума чамаданамі ў руках, да ад'езду ў летувіскім вайсковым аўце, якім прыехалі наглыя сябры з Горадні.
Хутка мы, бяз большых перашкодаў, былі ў Горадні. Я асабіста быў моцна ўзрушаны, калі сустрэў вялікую грамаду Беларусаў у гэтым месьце. Іх у гарадзенскім БНК было зарэгістравана каля 10 000, у гэтым шмат інтэлігенцыі й жанчынаў. Зь Немцамі было ўжо дамоўлена: усю адміністрацыю пераймалі Беларусы пасьля пэрыяду свавольства польскага засільля й тэрору, як у месьце, так і ў акрузе. На бурмістра места быў ужо назначаны В. Папуцэвіч, які на працягу месяца меў пераняць становішча ад бурмістра Гарбацэвіча, што быў на службе польскіх палітычных інтарэсаў.
Быў ужо зьвяз беларускай паліцыі, як пачатак вышкаленьня паліцыйных сілаў на Горадню й акругу пад кіраўніцтвам кап. Якуцэвіча. Сувязь зь нямецкай службай бясьпекі ўтрымліваў інж. A. Русак. Я заняў становішча заступніка старшыні гарадзенскага Беларускага Камітэту, падбіраў кадры на старшыняў у акрузе. Школьным Інспэктарам быў назначаны Ільля Кіслы, які ходаўся за арганізацыю школьніцтва. Пры камітэце вяліся, пад кіраўніцтвам мгр. В. Папуцэвіча, настаўніцкія курсы.
Пад канец кастрычніка інж. Русак выехаў на працу да Баранавіч, паколькі там Немцы стварылі адміністрацыйны цэнтр на акругі Баранавіцкую, Слонімскую й Лідзкую. Горадзенская-ж акруга пераходзіла ў адміністрацыю нямецкіх усходніх Прусаў, разам зь Беласточчынай ды Ваўкавышчынай. Кіраўніцтва камітэтам у Горадні ў гэтым пераходным часе абняў я. Жыў у адной кватэры зь сям'ёй B. Пануцэвіча.
Варта тут успомніць пра візыт гарадзенскага япіскапа Антонія. Каля 7-ай гадзіны вечара 27 кастрычніка 1941 году нехта застукаў у нашыя дзьверы. Увайшоў высокі чорнавалосы япіскап з прыбочным манахам ды прадставіўся В. Папуцэвічу, як бурмістру, называючы сябе «япіскап Горадзенскай япархіі Антоні». Гутарка ішла пры стале, у маёй прысутнасьці. Япіскап жадаў навязаць супрацоўніцтва зь Беларусамі, дэкляруючы сваю беларускасьць. Папуцэвіч выказаў сваю радасьць з сустрэчы й надзею, што дастойны герарх будзе праводзіць беларусізацыю праваслаўнае царквы ў Горадзенскай япархіі. Япіскап даў сваю згоду ды прасіў дапамогі ў арганізацыі беларускай праваслаўнай духоўнай сэмінарыі пры рэзыдэнцыі япіскапа ў Горадні. Назаўтра мы езьдзілі ў гэтую рэзыдэнцыю, аглядалі будынкі для сэмінарыі.
З гэтага добрага намеру нічога аднак ня выйшла, бо колькі дзён пазьней прыехаў з Прусаў у Горадню партыйнік з намінацыяй на «штадскамісара». Горадня й Горадзеншчына пераходзілі да Прусіі.
Новы прускі «штадскамісар» пакуль што не мяняў існуючага палажэньня. В. Папуцэвіч заставаўся надалей намінальным бурмістрам, але без надзеі на беларускія парадкі. Цяпер «польскі» бурмістр Гарбацэвіч, карыстаючы з таго, што Горадня й Горадзеншчына была адарваная ад Беларусі, у паразуменьні з сваімі дараднікамі й падпольлем «жонду народовэго», ды пры апоры на фольксдойчаў мясцовага паходжаньня, узьняў завостраную барацьбу зь беларускім актывам, кляймуючы яго «засільлем камуністаў».