Сабакі Эўропы
- Автор: Бахаревич Ольгерд Иванович
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: Логвінаў
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сабакі Эўропы». Краткое содержание книги:
І ніводнага пяра на карцінах дваццатага стагодзьдзя. Нібы мастак хавае сапраўдную прыладу злачынства. Нібы спрабуе замесьці сьляды. А на карціне Давіда жанчыны няма. Дакладней, ёсьць, але ня кожны яе пабачыць. Шарлёта Кардэ на карціне Давіда: чырвоная адтуліна ў грудзях забітага, адкуль выцякае кроў.
Тэрэзіюс Скіма любіў думаць пра такія рэчы.
Гусінае пяро зьнікла з ужытку даўно. Спачатку час вырваў яго з рук людзей пішучых, амаль адразу ж — з рук людзей служылых, з рук гасударавых мужоў, потым прыйшла пара, калі пяро яшчэ доўга жыло ў сымбалях і знаках. Архаічнае ўвасабленьне адмерлай літаратуры і апошніх уздыхаў журналістыкі. Паўсотні гадоў таму яшчэ казалі: “твор належыць пяру”... Новая эра прыйшла, як Шарлёта Кардэ, і пяро выпала з рук. Дваццаць гадоў таму апошнія рамантыкі ўсё яшчэ спрабавалі прычапіць яго на свае сьцягі. Старыя выцьвілыя сьцягі, запраныя, як прасьціны ў танным гатэлі. Пяро і крылаты конь: была ў гэтым нейкая злая іронія. Пакуль літаратары лёталі над плянэтай у аплачаных арганізатарамі лайнэрах на фэстывалі і канфэрэнцыі і ліхаманкава стукалі пальчыкамі па клявіятуры, ловячы натхненьне і верачы ў сваіх крылатых коней, казычачы сымбалічнымі пёркамі сваё самалюбства — на зямлі непрыкметна памерла літаратура. І не знайшлося такога аддзелу, які б заняўся ідэнтыфікацыяй яе трупа. Чым ці кім яна, уласна кажучы, была?
Тэрэзіюс Скіма дапіў гарбату і расплаціўся. Калі б кебабнік ведаў, чым ён займаецца, дык паставіўся б да Скімы яшчэ больш няўхвальна. Навошта марнаваць сілы на чалавека без аўсвайса? Чужынца, які нават у Бэрліне ў 2050-м ня змог прыдумаць, што яму прадаць. Няўдачніка і, хутчэй за ўсё, прайдзісьвета.
“Добрага дня”, — буркнуў Тэрэзіюс Скіма, паправіўшы спадніцу.
І ўсё ж...
Навошта яму было пяро? Чалавеку без імя і біяграфіі, які памёр сёньня ўначы ў гатэлі “Розэнгартэн”? Старое пяро, якое ён бярог ад непагадзяў часу і цягаў з сабой у плястыкавым пакеце?
Пяром адчыняліся дзьверы ў цёмны пакой ягонага жыцьця. Ключ быў, але адрэсы Тэрэзіюс Скіма ня ведаў.
Але ён добра ведаў свой горад. У Бэрліне 2050-га хапала цікавостак. Адносна недалёка ад кебабніцы, на Ёахім-Лёў-штрасэ, стаяў двухсотгадовы дом, у цокальным паверсе якога разьмяшчалася старая кнігарня. Кнігарня папяровых кніг — наколькі Скіма ведаў, яна цікавіла толькі самых звар’яцелых турыстаў і прадаўцоў рознага хлабусьця. Некалі ў горадзе іх была процьма, такіх установаў, некалі бэрлінцы з радасьцю ўсмоктвалі пыл папяровых кніг і ахвотна дзяліліся ім з усімі гасьцямі. Але ўжо ў год нараджэньня Тэрэзіюса Скімы шмат хто абіраў электронныя выданьні і пачынаў вялікую чыстку свайго жытла ад грувасткіх і прычэплівых, як грыбок, кніжак. Калісьці Ёахім-Лёў-штрасэ называлася іначай, калісьці і сама тая кнігарня мела іншы назоў, а цяперашні ўладальнік адразу ж павесіў над нізкім уваходам шыльду з гордым і безнадзейным надпісам: “Die letzte Bücherei”.
Тэрэзіюс Скіма ўжо ня памятаў, ці бываў ён там хоць раз, ці спускаўся па прыступках у паўпадвальную нару, адкуль, здавалася, тхнула ўсёй гнільлю і ўсёй сьмешнай годнасьцю старога, папяровага сьвету. Але цяпер ідэя наведаць “Апошнюю кнігарню” падалася яму не пазбаўленай сэнсу.
І вось старое бэрлінскае мэтро, апеты скрыпам няісных пёраў унтэргрунд, ужо трэсла яго і матляла ў розныя бакі, нагадваючы пра тое, што падарожжы ў часе цяпер можа дазволіць сабе кожны.
...Адбіўшыся на імгненьне ў шкле парэпаных дзьвярэй — нібы пабачыўшы сваё імя на старонцы старой кнігі — Тэрэзіюс Скіма пацягнуў на сябе ручку і не без сарамлівасьці спыніўся на стаптаным парозе. Над галавой дзынькнуў званочак, абвясьціўшы на сваёй дзіўнай мове, што ў гэтым горадзе яшчэ ёсьць прынамсі адзін чытач. Праўда, каму быў адрасаваны гэты радасны звон, было не зразумела. Тэрэзіюса Скіму з усіх бакоў абступалі кнігі, іхныя стосы цягнуліся да самае столі, і кожны нагадваў старога падсьлепаватага асілка, што падпірае плячом суседа, каб ня ўпасьці. Гэтыя калюмны з кніг, прыхіналіся да сьценаў, закрывалі сьпінамі вузкае акно, налазілі адна на адну, счэпліваліся ў цесных праходах — гэта таксама быў горад, старажытны горад, дзе жылі толькі калюмны са сколатымі краямі і стомленыя атлянты, і Тэрэзіюс Скіма адчуў сябе чужым. Яшчэ ня позна было выйсьці з кнігарні, плюнуць на ўсе тыя пытаньні, якія ён з такой саманадзейнасьцю думаў агучыць між усяго гэтага нагрувашчаньня старызны. Што за бязглузьдзіца: атрымаць патрэбны адказ тут было настолькі ж нерэальна, як знайсьці нейкую канкрэтную кніжку. Тэрэзіюс Скіма адчуў, што варта яму зрабіць хаця б крок насустрач маўклівым папяровым гарам, як яны пачнуць асядаць, руйнавацца, рассыпацца ў пыл, што задушыць яго, заваліць, закрые яму шлях да адступленьня.