Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » История » Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862-1918)
Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862-1918) - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862-1918)

Электронная книга - «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862-1918)». Краткое содержание книги:

Аўтары займальна і даступна расказваюць пра найбольш значныя падзеі дзесяці стагодзьдзяў, якія Беларусь прайшла з часоў легендарных Рагнеды і Рагвалода. Гэтая своеасаблівая кроніка пачынаеца ад 862 году, пад якім летапісы ўпершыню згадваюць Полацак, і заканчваецца 25 сакавіка 1918 году, калі была абвешчаная незалежнасць Беларускае Народнае Рэспублікі. У кнізе чатыры асноўныя раздзелы: «Старажытныя беларускія княствы», «Вялікае Княства Літоўскае», «Беларусь у Рэчы Паспалітай» і «Беларусь у Расейскай імпэрыі». Чытачу прапануюцца храналягічныя табліцы, дзе даты беларускай мінуўшчыны падаюцца параўнальна з падзеямі сусьветнай гісторыі. Кніга багата ілюстраваная мініяцюрамі летапісаў, сярэднявечнымі гравюрамі зь беларускіх і заходнеэўрапейскіх старадрукаў, рэдкімі фотаздымкамі.
1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 90
Перейти на страницу:

Канец ХV-ХVІ стагоддзе сталі Залатым векам беларускай культуры. Дзякуючы Францішку Скарыну беларусы першымі з усходніх славянаў займелі сваю друкаваную кнігу. Справу Скарыны працягвалі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі. Славутай «Песняй пра зубра» Мікола Гусоўскі заснаваў лацінамоўную літаратуру Беларусі. У нас былі распрацаваныя і напісаныя па-беларуску Статуты - ці не найбольш дасканалыя ў тагачаснай Эўропе зводы законаў. Высокага роўню дасягнула дойлідства, выяўленчае мастацтва, іншыя сферы культуры. Наагул дэмакратычнае і талерантнае Вялікае Княства перажывала лепшую пару сваёй гісторыі. Але з усходу на дзяржаву насоўвалася вялікая небяспека.

Абвясціўшы сябе ўладарамі ўсяе Русі і прыкрыўшыся дактрынай «Масква - трэці Рым», маскоўскія манархі ўзяліся ажыццяўляць свае захопніцкія планы. З канца ХV cтагоддзя Масква развязвала вайну за вайной супраць Вялікага Княства Літоўскага: 1492-1494, 1500-1503, 1507-1508, 1512-1522... Для Беларусі, землі якой цярпелі найбольш, гэтыя войны былі абарончыя. Ваенныя страты, спусташэнні, вывад мясцовых людзей у чужую няволю - усё гэта непазбежна тармазіла развіццё краіны. Цяжар сама працяглай вайны, калі цар Іван Жахлівы заняў паўночную Беларусь, падштурхнуў Вялікае Княства да яшчэ цяснейшага збліжэння з Польшчай, якое спарадзіла новыя праблемы беларускай гісторыі.

Генадзь САГАНОВІЧ

1253. Каранацыя Міндоўга

Пасля аб'яднання летапіснай Літвы з Новагародскім княствам і ўтварэння такім чынам новай дзяржавы Міндоўг, хоць быў паганцам, мусіў прыняць хрысціянства. Паводле Густынскага летапісу, ужо ў 1246 годзе ва ўласнай рэзідэнцыі ў Новагародку ён ахрысціўся ў праваслаўе - веру сваіх падданых - беларусаў. Аднак палітычная сітуацыя змусіла Міндоўга па якім часе яшчэ раз змяніць веравызнанне.

У сярэдзіне ХІІІ стагоддзя Міндоўгу давялося весці барацьбу з незадаволенымі яго вярхоўнай уладай васальнымі князькамі Ердзівілам, Таўцівілам і Вікінтам. Паўстаўшы, тыя паклікалі сабе ў падмогу інфлянцкіх рыцараў, рыжскае арцыбіскупства і галіцка-валынскіх князёў. Гэтак утварылася магутная кааліцыя супроць Міндоўга. Тады ён паставіў на мэце разбурыць варожы блок. Падставай для гэтага стала суперніцтва паміж Інфлянцкім ордэнам і Рыжскім арцыбіскупствам. Паколькі апошняе зблізілася з Таўцівілам і ахрысціла яго ў каталіцтва, Міндоўгу лёгка ўдалося знайсці паразуменне ў Ордэне.

За абяцанне прыняць хрысціянства рымскага абраду і аддаць ва ўладанне інфлянцкім рыцарам частку Жамойці ў 1251 годзе Міндоўг атрымаў падтрымку самога магістра Ордэна і перамог кааліцыю. Гэта быў грандыёзны поспех ягонай палітыкі. Ахрысціўшыся, манарх пайшоў на далейшае збліжэнне з каталіцкім светам, у прыватнасці з Рымам. Рымскі папа Інакент ІV узяўся асабіста апекавацца Міндоўгам - валадаром няхрышчанае краіны (праваслаўныя не лічыліся праўдзівымі хрысціянамі).

Міндоўг стаў асаблівым сынам святога рымскага Касцёла. Вянцом найлепшых стасункаў з Захадам была яго каранацыя: у 1253 годзе ў Новагародку Міндоўг атрымаў ад рымскага папы каралеўскую карону. Афіцыйна ягонае княства рабілася каралеўствам, што стварала падставы поўнай стабільнасці ў стасунках з эўрапейскімі дзяржавамі. У 1255 годзе рымскі папа прызнаў Міндоўгавага сына ягоным пераемнікам і дазволіў каранацыю, і гэта яшчэ больш умацавала пазіцыі нашага манарха ў хрысціянскім свеце.

Аднак гэтакай эўрапейскай арыентацыі Міндоўг трымаўся не доўга. Ужо на пачатку 1260-х гадоў ён разарваў пагадненне з Інфлянцкім ордэнам, а потым і з папам ды пачаў адкрытую вайну супроць сваіх былых хаўруснікаў. Што падштурхнула Міндоўга на такі крок? Магчыма, тое, што сам пачуваўся паганцам і ўсе супляменнікі ягоныя былі паганцы. Магчыма, штуршком была барацьба Жамойці, якую ён аддаваў Ордэну, супроць улады нямецкіх рыцараў. У кожным разе перамогай каля возера Дурбэ ўлетку 1260 года пачынаецца напружаная барацьба Вялікага Княства Літоўскага з інфлянцкімі і тэўтонскімі рыцарамі.

Генадзь САГАНОВІЧ

1258-1259. Першы паход мангола-татараў на Беларусь
1 ... 16 17 18 19 20 21 22 23 24 ... 90
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)