Віленскія камунары [calibre 3.42.0]
- Автор: Горецкий Максим Иванович
- Язык: белорусский
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Віленскія камунары [calibre 3.42.0]». Краткое содержание книги:
* * *
Аднойчы ў нядзельку, як звычайна, прыбег я да яе... А яна спатыкае мяне сумнаю павінаю, што бацька ізноў сядзіць у астрозе, у горадзе Іркуцку, за тое, што хацеў уцячы з ссылкі.
Яна трымала ў руках ліст і аблівалася слязьмі. Ліст прынеслі перад самым маім прыходам, і прачытаў яго маці Віктар Ёдка.
Троху супакоіўшыся, загадала яна мне яшчэ раз у гэты дзень памыцца (бо адзін раз я ўжо мыўся раніцою ў дзядзькі Вяржбіцкага). Дала мыла. Дасачыла, каб і ў вушах бруду не пакінуў. Нарэшце, падала свой чысценькі вышываны ручнічок. Потым дала свой грабянец, каб добра ўчасаў валасы, а пасля яшчэ і сама, лепей, учасала мяне. І кашулю на мне абцягнула. Выстраіла, як шляхціца ў сваты. А тады перажагналася, узяла мяне за руку і павяла ў панскія пакоі.
Яшчэ ніколі ў сваім жыцці не быў я дагэтуль у панскіх пакоях. Веліч і хараство іх перавысілі ўсё, што я мог уявіць сабе раней. Было тут прыгажэй, чым у касцёле...
Перад дзвярыма панскага кабінета мы пастаялі, аддыхаліся, супачылі. Маці нясмела і ціханька-ціханька пабарабаніла ў дзверы — не раўнуючы, як кошка паскрабала лапкаю... А я так арабеў, што ў вачах у мяне затуманілася, ногі пачалі падгінацца...
Калі мы ўвайшлі, разгледзеў я, што на вялікай канапе, вельмі шырокай і, мусіць, мяккай, як падушка, з высокаю мяккаю спіною, сядзяць, разваліўшыся: сам пан, інжынер Будзіловіч, і з ім побач — паніч, той студэнт. Пан — лысы, з чорнымі вісячымі польскімі вусамі і ў залатых акулярах, што былі зачэплены за вушы. Студэнт — малады, румяны, з вялікімі жоўтымі кудрамі, быццам капа жыта ў яго на галаве, і з пушыстымі светлымі бачкамі каля вушэй, таксама на польскі лад. А залатыя акуляры трымаліся ў яго на носіку самі.
— Дзень добры, хлопчык! — першы сказаў сам пан і махнуў рукою.
Я зразумеў так, што ён не хоча, каб я падыходзіў цалаваць ім у рукі. Але я і не збіраўся гэта рабіць, бо ўжо ведаў, што гэта брыдка.
Потым, памаўчаўшы, пан павярнуўся да студэнта, як бы канчаючы сваю папярэднюю з ім гутарку:
— Ну што ж... Вось падвучы яго троху за лета па-польску, ну і яшчэ там чаму...
Студэнт спрытна ўстаў, падышоў да мяне і выставіў мне сваю руку.
— Ану, пацісні на ўсю сілу: ці моцны ты?
Я паціснуў, як умеў. Хацеў мацней, ды ён нялоўка даў.
— О, сапраўдны польскі рабочы! — вясёла, але як быццам троху прымушана засмяяўся ён і па-сяброўску патрос мяне за плячо. А потым сказаў: — Але ўсё-ткі лепей табе пакуль што вучыцца чытаць-пісаць, чым шыць боты...
Радасць, што мяне будуць вучыць, так і пакацілася па мне, ад сэрца да пят.
А студэнт павярнуўся неяк убок і яшчэ дадаў:
— І мы павінны перад тваім бацькам крышку падвучыць цябе... Твой бацька — польскі рэвалюцыянер... Разумееш? — Трахнуў сваімі жоўтымі кудрамі і зноў сеў на мяккую канапу побач з панам.
* * *
Вучыў ён мяне цэлае лета даволі старанна... Вучыў чытаць і пісаць. Даваў завучваць напамяць вершыкі, кшталтам «Ешчэ Польска не згінэла, пукі мы жыемы». Дыктаваў прыклады з свае галавы, кшталтам: «Нех жые Польска! Нех квітне Польска! Польска бэндзе од можа до можа!» Вучыў развязваць задачкі, якія сам для мяне складаў. І ў задачках былі польскія купцы, ехалі яны польскімі мілямі, прадавалі польскае сукно, на польскія злотыя. Апавядаў тое-сёе з гісторыі, і ўсе польскія крулі і гетманы білі і маскалёў, і казакоў, і туркаў, і татараў, і немцаў, а іх ніхто ніколі не біў... Знаёміў з геаграфіяй, і ў польскія межы забіраў усю зямлю ад Рыгі да Адэсы і ад Берліна да Масквы...
Пад канец лета маці мая папрасіла яго, і ён падвучыў мяне троху па-руску. Быў я да навук, як ёй здавалася, вельмі здольны, і надумалася яна аддаць мяне ў двухкласную міністэрскую школу, што была на Стахванаўскай вуліцы, каля вакзала. Там лягчэй прымалі і дарма вучылі.
Але вось бяда: дзе мне начаваць і як мне харчавацца? Пайшла яна на параду да дзядзькі Вяржбіцкага. Дзядзька Вяржбіцкі кажа: «А няхай сабе і вучыцца і жыве ў мяне». Маці адразу яму нават не дала веры, думала: жартуе...
Аж і цётка Зося кажа:
— Няхай жыве ў нас. Мы часам увечары абое куды пойдзем, дык будзе каму з дзяцьмі пасядзець.
— А як жа з ядою? — пытаецца маці. — Я ж многа не здолею плаціць вам за яго харчаванне.
— Ат, якая там плата, — адказаў дзядзька Вяржбіцкі. — Калі кепска пад’есць у нас, дык у цябе ў кухні часам падмацуецца.
Павесялела маці, але потым, калі пачаў ужо я хадзіць у школу, яна раздумалася і засмуцілася. Здавалася ёй, што калі хто вучыцца, дык не павінен ён ні дзяцей даглядаць, ні дратву сукаць. Павінен быць панічом, і толькі. А то якая ж гэта навука?
Тут прыйшоў ліст ад бацькі. Пісаў бацька, што прыбавілі яму яшчэ тры гады і павязуць яго цяпер некуды ў другое месца. Расплакалася маці, разгаласілася — і зрабіла на тым лісце невялічкую, нікому не шкодную спекуляцыю.