Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Роман, новелла » Знак бяды
Знак бяды - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Знак бяды

Электронная книга - «Знак бяды». Краткое содержание книги:

Ці лёгка было казаць праўду пасьля доўгіх дзесяцігодзьдзяў змовы маўчаньня і адкрытай хлусьні? Напэўна імкненьне да праўды і яе выкрываньня прывялі да таго, што Васіль Быкаў не пайшоў па цячэньні, але выступіў насупраць хлусьні і мане пра лёсы беларусаў. Яшчэ ў час калі Савецкі Саюз падаваўся непахісным і савецкія грамадзяне рыхтаваліся да «ўступленьня ў камунізм», Васіль Быкаў адзначыў, што на трагедыі народа нельга пабудаваць «сьветлай будучыні». Ён не выступіў з асуджэньнем палітыкі Камуністычнай партыі, але проста распавёў пра лёс аднае беларускае сям’і, якой за два дзесяцігодзьдзі ўдалося пабываць у двух гіеннах. Ваенны Быкаў, хаця і са скрыпам ўспрымаўся палітычнай вярхушкай Савецкага Саюзу, а вось Быкаў, які параўнаў пакуты ваеннага ліхалецьця з пакутамі калектывізацыі прыйшоўся не да спадобы партыйным функцыянэрам. «Знак бяды» накрэсьліў сапраўднага Быкава, які больш ніколі не замаўчаў, ні крытыкаваны, ні цкаваны не сыходзіў ён ад свайго абвостранага пачуцьця праўды. «Знак бяды» Быкава адзін з найлепшых твораў, беларускага пісьменьніка, якога неаднаразова называлі «сумленьнем нацыі».
У аповесці Васіль Быкаў піша пра трагічны лёс жыхароў хутара Яхімоўшчына — Сцепаніды і Петрака Багацькаў. У жыцці гэтых людзей адлюстраваліся тыя нягоды, якія выпалі на долю беларускага народа, яго барацьба з фашысцкімі акупантамі ў час Вялікай Айчыннай вайны.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 114
Перейти на страницу:

Той ноччу чырвонаармейцы пакінулі на бульбяным пагорку недакапаную крывуляку-траншэю і некуды сышлі стараной, на гасцінцы ўсё апусцела, заглухла, рэдкія вайсковыя фурманкі і некалькі машын уранку паварочвалі назад, у аб'езд на Кульбакі: за сасоннічкам самалёты разбамбілі масток цераз дрыгвяністую Дзеравянку і праехаць гасцінцам у мястэчка было ўжо неяк.

Настала новае, як падумаць, дык проста нялюдскае жыццё, што спакваля, але са страшнай няўхільнасцю ўсталёўвалася ў раёне. Ранейшае знікла. На Выселках раздзялілі калгас, разабралі небагатую яго маёмасць, інвентар, коней, і яна паслала Петрака за некалі абагуленай іх кабылкай — кабылка, аднак, аказалася немаведама дзе: перад прыходам немцаў выправілі хлопца з фурманкай на станцыю, і ён так і не вярнуўся адтуль. Яна тады насварылася на Петрака: мусіць, трэба было ўзяць якога другога каня, калі такая мітрэнга, як жа без каня ў гаспадарцы? Як тады жыць? Але гэты Пятрок — вядомая недалэга, хіба ён зробіць як трэба? Толькі знае адно — моўчкі смаліць смярдзючую сваю махорку. Цяпер во жыві як хочаш, добра яшчэ, што ёсць гэта Бабоўка, на яе ўся надзея, яна пакуль што корміць абаіх. А што будзе далей?

А Бабоўцы тым часам, мусіць, надакучыла скубці на жорсткім жвіровым адхоне, і яна ўскараскалася на прыдарожную ўзбочыну, быццам там было што смачнейшае. Сцепаніда адхінулася ад каменя: нашто карове даваць вытыркацца на насып, ці мала што можа здарыцца, каму трапіць на вочы? Праўда, за гэтыя два месяцы яна зразумела, што ад усяго не засцеражэшся, як ні туляйся, а яны калі захочуць, дык знойдуць і прыдзяруцца. Тым болей што ў немцаў знайшліся ўжо і памагатыя з мясцовых — нядаўна застрэлілі захожага чырвонаармейца, павесілі двух камуністаў на плошчы, адзін быў дырэктар школы, дзе вучыліся Фенька з Федзем. Там жа, у мястэчку, на сценах бялелі іхнія аб'яўкі з абяцанкамі жорсткае кары за ўсякае аслушэнства, непадпарадкаванне, тым больш парушэнне. Яна не ведала іхніх парадкаў, не хацела іх парушаць, але хто ведае, за што яны могуць прычапіцца да мірнага чалавека. Добра яшчэ, што цяпер гэты хутар застаўся як бы ў закутку, па дарозе ніхто не ездзіць, а ад мястэчка яго затуляе малады густаваты сасоннічак. Так спакайней.

Сцепаніда ўзлезла на дарожны адхон і хварасціной лёгка пасцёбала Бабоўку па скарэламу заду — маўляў, давай прэч з дарогі. Карова, спаважна ступаючы, сышла з адхону ўніз у канаву. Канешне, трава там была не дужа каб прыдатная для каровінага языка — болей дуддзё і быльнёг, але хай. За дзень як-небудзь напасвіцца.

Карова скубла ўнізе, а Сцепаніда пастаяла яшчэ на гасцінцы, азіраючы з невысокай насыпкі знаёмае да драбніц некалі сваё хутарское поле. Дзесяць гадоў яно ўжо было не іх — калгаснае, але чыё будзе цяпер? Наўрад ці немцы аддадуць ім зямлю, мабыць, ведаюць, што калі што выпусціш з рук, дык назад не ўхопіш. Якая яна ні ёсць, гэта зямелька, гэты пракляты Богам пагорак, празваны Галгофай, а вось шкада яго, як маці шкада нягеглага свайго дзіцёнка. Колькі тут выхадзілі яе немаладыя ўжо ногі, перарабілі яе хворыя рукі! Столькі гадоў яна тут жыла, рабіла ўсё, што трэба было ў сялянстве, да той жа няхітрай справы спакваля прывучаўся Федзька, Феня, праўда, захацела вучыцца і паехала ў Менск. Дзе цяпер яе дзеткі? Феня дык, можа, яшчэ і нічога, можа, дзе і жывая, калі пашчасціла ад гэтай навалы ўцячы на ўсход і цяпер недзе ў Расеі. А Федзька? Як узялі ўвосень у армію, за зіму прыслаў тры пісьмы з Латвіі, толькі пачынаў сваю службу на танках, і тут гэта вайна. Дзе ён цяпер, ці жывы хаця?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 114
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)