Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Сарока на шыбеніцы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сарока на шыбеніцы

Электронная книга - «Сарока на шыбеніцы». Краткое содержание книги:

“…Гэты раман, назва якога запазычаная ў вядомай карціны Пітэра Брэйгеля-старэйшага, — гіпнатычная гісторыя жыцьця дзяўчыны Веранікі, німфаманкі-нарцысісткі, што жыве ў краіне, чымсьці падобнай да Беларусі, працуе ва ўправе канцэнтрацыйных лягераў… …Сьвет, які стварае Бахарэвіч, нагадвае хутчэй мроі з прозы Кафкі або Набокава, але структурна “Сарока на шыбеніцы” — гэта мазаіка ў духу Картасара. Выдатная літаратурная спародненасьць, якая сьведчыць ня толькі пра зьдзейсьненую аўтарам амбітную спробу далучыцца да найвялікшых чарадзеяў пяра, але і пра тое, што ён ставіць сабе штораз вышэйшую творчую плянку…”
Ян Максімюк
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 141
Перейти на страницу:
1.

Ёй здавалася, што з паступленьнем ва ўнівэрсытэт гэта скончыцца: якое там. Ён хапаўся за сьцягнутыя ў тугі хвост валасы, як за канат у спортзалі, і з усяе моцы цягнуў іх уніз, прыцішана грукала аб сьпінку крэсла ягонае напружанае запясьце, боль аўтаматычна ўспыхваў на макаўцы ды імгненна сьціхаў, толькі рэха гудзела ўверсе ілба. Яна ўскрыквала ды, з палымнеючым тварам і шалёнымі вільготнымі вачыма, абарочвалася – ён сядзеў, занураны ў канспэкт, і паволі падымаў на яе зьдзіўлены позірк. Выкладчыкі моршчыліся ды пачыналі сказ спачатку – яна й запісвала яго наноў, не задумваючыся, таму ў яе сшытках, асьветленых пранізьлівым аранжавым маркерам і па-асеньняму прыцярушаных простым алоўкам, шмат было паўтарэньняў: “Ян Каме Ян Каменскі Каменскі”. Адмысловае пісьмовае заіканьне. “Дзіцячы садок”, – казалі адны, “Вы ж дарослыя людзі”, – хапаліся за галаву іншыя, словы былі зьвернутыя да яе, быццам гэта яна правакавала таго ідыёта за сьпінай. Крыўдна ажно да сьлёзаў у прыбіральні. Блаславёная ананімнасьць першага сэмэстру: “Дзяўчына ў белым швэдры, вы мяне чуеце?”, “Мадмуазэль з галёркі, я да вас зьвяртаюся!”. Яна б шчыра зьдзівілася, калі б нехта патлумачыў ёй, што й праўда, правакацыя йдзе ад яе, дакладней, ад яе патыліцы ў сьветлым пуху, ад лесьвічкі раскручаных кароткіх валаскоў, якія ня трапілі ў адну кампанію з забранымі пад вішнёвага колеру шырокую заколку, ад радзімай плямкі, падобнай да забытай прыродай смочкі, што заблукала на целе.

Потым Вераніка выпадкова даведалася прозьвішча колішняга ката – Жвалевіч. Не, школьныя законы сьведчылі, што прычынай такіх нападаў можа быць толькі каханьне, але ж школа засталася ў мінулым, год прамінуў як стагодзьдзе, яна была пэўная, што побач сядзяць дарослыя людзі, дарослыя прынамсі ў тым сэнсе, што яны ўжо дарасьлі да яе куміраў – калі не да Віктара Ветра, то да Магды... (Яна магла слухаць Магду гадзінамі, яна зачыняла дзьверы ў пакой, ставіла касэту й клалася ў музыку, як у труну, на парозе зьяўляліся нейкія знаёмыя постаці, разяўлялі раты, махалі рукамі, а яна толькі прыціскалася бліжэй да дынаміка, аднойчы старэнькі магнітафон зьнямеў, яна скрала бацькоўскую гарэлку ды аддала суседу Юрку, толькі б голас Магды загучаў зноў.) На жаль, і яна запісала гэта 1 кастрычніка ў свой дзёньнік, хлопчыкі на патоку яшчэ гулялі ў салдацікаў, а большасьць дзяўчат былі сапраўдныя калгасьніцы, за выключэньнем хіба што Іны ды яе паслугачак, аднак тыя Веранічку пакуль што папросту ігнаравалі. На курсе за ёй адразу ж замацавалася мянушка Троль. Яна даведалася пра гэта толькі тады, калі пастрыглася, але цяпер ужо сама з жахам глядзела на свае вушы на фатаздымках першага курсу, – хоць бы ты іх нажніцамі падкараціла тады, дурніца.

***

Валасы лезьлі ёй у рот, ёй было млосна ад уласных валасоў, валасы ліплі да краёчка губы, мокрага ад урачыстых інтанацыяў, яна ж зусім не рэпэтавала. Бо ўвогуле тэкстоўку мелася чытаць Іна, але тую якраз сабраліся выключаць з унівэрсытэту: два гады бездакорная залікоўка ратавала яе, як амэрыканскі пашпарт нявыхаванага турыста, але “бардэль у інтэрнаце” (такі загаловак мела адпаведная нататка ў сьценгазэце) – гэта было занадта нават для іхнага вечна пазяхлівага дэкана. Падскочылі, паляпалі па плячы: выручай, і яна неяк бессаромна ўзрадавалася, хаця й паўтарала: не змагу, не змагу, і запіхвала назад сэрца, не змагу, не змагу, а вакол ужо нікога не было, толькі падымаўся па лесьвіцы, спружыніста-спартова, выкладчык пэдагогікі, ды раздрукоўка камечылася ў руках.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 141
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)