Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Выспы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выспы

Электронная книга - «Выспы». Краткое содержание книги:

У новую кнігу прозы Франца Сіўко ўвайшлі аповесць “Тыдзень вялікай коткі”, суплёт эсэ, сярод якіх вылучаецца “Сволач паводле Брэма” і апавяданні “З Індыі з любоўю”, “Духі Нізіннае Еўропы” і “Тры растанні”. Што ў кадры, што па-за кадрам – біятланістцы Туры Бергер залішні, ды, відаць, і збольшага памяркоўны гламур падчас спаборніцтваў не пагражае. Лоб і шчокі ў кропельках поту, абсівераныя вусны з камяком прымерзлае сліны понізу, няправільныя абрысы твару – ці ж пра такое марыць спешчаны размаітасцю праяваў жаночага хараства топ-менеджэр «Плэйбоя»? Зацятаю ўпартасцю ды несучаснасцю хады на трасе Тура Бергер нагадвае мне колішнюю суседку, вясковую дзеўку Тарэсу Ц.. Гарт, узрослы на глебе сялянскай рупнасці – хараство будзённага. 
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 103
Перейти на страницу:

— А, дыпламат наш сямейны, як добра, што завітаў! Заначуеш у нас? – кажа Алуша і, атрымаўшы станоўчы адказ у выглядзе сцвярджальнага сынавага кіўка, дастае з серванта бутэльку віна. Заўтра з раніцы, перад тым як выправіцца да Кірыкаў, яна яшчэ мае намер схадзіць у капліцу, а якая ж малітва ў гэткім растузаным стане... То вось, можа, фужэрчык напою якраз і адцягне думкі ад прыкрае перапалкі з сужэнкам ды дадасць раўнавагі перад споведдзю?

Што ў сына непрыемнасці з абаронай дысертацыі, бо ягоны навуковы кіраўнік акурат за месяц да яе ўмудрыўся грунтоўна перасварыцца з-за нейкай драбязы з калегамі з атэстацыйнай камісіі і цяпер немінуча чакай помсты з іх боку, яна, як і муж, ведае не горш за самога Ігара. Але распачынаць прыкрую размову не жадае: карысці з тае гамонкі, толькі развярэдзіш душу перад начою ды сапсуеш дарэшты і без таго далёка не мажорны настрой.

Палова дзевятай, а на дварэ, нягледзячы на задуху апошніх дзён, шэра і хмурна, як у верасні. Гэтаксама шэра і ў кватэры, толькі блікі ад экрана слізгануць раз-пораз па адпятай на палову вакна гардзіне, сфакусуюцца на міг вузкім пукам святла на паставах мужчын пры тэлевізары і зноў рассыпяцца веерам па шчыльна завешанай батыкам сцяне.

— Не дрэнкен коп![1] – дэманструючы, як заўсёды ў хвіліну ўзруху, ашмёткі ведаў з замежных моваў, якія яна раз-пораз папаўняе праз гартанне розных турыстычных ды іншых размоўнікаў (рэцыдыў колішняга, няздзейсненага намеру вывучыцца на перакладчыцу), — кажа Алуша, і выраз яе твару, і без таго не сказаць каб лагодны, робіцца яшчэ больш незадаволеным. – Што мне да вашага салона ды ўсёй гэтай аўталухты? Толькі і чуеш з дня ў дзень: стырно, запальванне, каробка перадач... Быццам ужо і размаўляць больш няма пра што. Я ў такім мандражы, а вы са сваімі глупствамі. – Яна ўсторквае на ногі туфлі, знікае ў ванным пакоі.

Глупствы, на яе думку, – мужава з Ігарам пустое («ані яны вам калі свецяць, гэткія машыны!») захапленне найноўшымі аўто. Прычына яе мандражу – споведзь, дзеля якой яна збіраецца ў капліцу ледзь не ад самага золаку і дзеля якой нават адмовілася ад звыклай ранішняй цыгарэты. Ды, як захапленне мужчын машынамі яна лічыць бессэнсоўным, бо і насамрэч яно ў практычным плане далей прагляду ды абмеркавання перадач тэлеканала DISCOVERY не сягае, так і яе пабожнасць, у сваю чаргу, ім таксама чымсьці надзвычайным не здаецца. Дзесяць год таму Алуша выбрала канфесію так паспешліва, у такім эмацыйным запале, што наўрад той выбар можна лічыць дарэшты ўсвядомленым і абгрунтаваным. За выняткам хіба таго няпэўнага, нічым не пацверджанага прыпушчання, нібыта хтосьці з яе продкаў быў католікам. Пра што быццам сведчыць яе метрычнае каталіцкае імя Альдона, якое яна сама падчас вучобы ў інстытуце памяняла на больш звыклае Ала. Дарашэнку часам нават здаецца, што яна ўжо ўпотай шкадуе аб зробленым выбары і пры выпадку зноў вярнулася б да зручных – жыві, як жывецца, і ніякага табе рэлігійнага дбання — часоў нікуды-не-належання.

— Вось, я ў поўным ажуры, — абзываецца Алуша – яна ўжо ў калідоры – і застывае перад люстэркам. – А вы што седзіцё? Ігар, развязеш нас? Я спачатку ў капліцу, а адразу па споведзі — да Кірыкаў. Так што чакай мяне там, Зянонавіч, чуеш? — Яна нахіляецца да мужа, праводзіць пяцярнёй па ягоных валасах. Жэст – няйначай, дзеля прыліку, але Дарашэнку бачыцца ў ім жаданне канчатковага прымірэння пасля ўчорашняга непаразумення, і ён згодна хітае галавой.

Жытло Кірыкаў месціцца на восьмым паверсе, і ўсё тут іначай, як у Дарашэнкаў: перагародка з нержавейкі перад ліфтам, дыванок у самім ліфце, падвойныя масіўныя дзверы з надпісам +К+М+В угары. Надпіс сведчыць, што гаспадары жытла, як і Алуша, — католікі. Насамрэч каталічка толькі гаспадыня, Нэля, якая, у адрозненне ад Алушы, ведае свой радавод да шостага калена. А прозвішча аднаго з прашчураў, сына збяднелага шляхціца, нядаўна нават адшукала ў спісе мніхаў разбуранага з прыходам Саветаў на «крэсы» францішканскага кляштара часоў Рэчы Паспалітай. Жанчыны калі-нікалі разам ходзяць у капліцу, хоць сказаць пры гэтым, што надта сімпатызуюць адна адной, не выпадае. Алушы недаспадобы Нэліна меркантыльнасць. Нэлю раздражняюць у Алушы катэгарычнасць меркаванняў і празмерная схільнасць да суфражызму, шчыравання ні ніве роўнасці між мужчынамі і жанчынамі. Што, аднак, зусім не перашкаджае ім супрацоўнічаць падчас дабрачынных акцый, якія штомесяц наладжвае мясцовае аддзяленне «Caritas»а[2] для дзяцей-сіротаў і інвалідаў.

вернуться

1

Не тлумі галавы! (сапс. з ідыш).

вернуться

2

Caritas – дабрачынная каталіцкая арганізацыя.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 103
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)