Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Багуслаў Радзівіл
Багуслаў Радзівіл - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Багуслаў Радзівіл

Электронная книга - «Багуслаў Радзівіл». Краткое содержание книги:

Гістарычны раман-эпапея ўкраінскай пісьменніцы Ірыны Данеўскай прысвечаны маладым гадам жыцця Багуслава Радзівіла — адной з самых загадкавых і супярэчлівых постацей у гісторыі Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя.
Прыгажун і адчайны каханак, небяспечны дуэлянт і тонкі палітык, дыпламат і адважны военачальнік, які асабіста прымаў удзел у бітвах Трыццацігадовай вайны, шведскага «Патопу» і Хмяльніччыны…
Гэтая кніга дазволіць чытачу наведаць Англію часоў рэвалюцыі, Францыю эпохі Рышэлье і Мазарыні, Галандыю, Бельгію, Германію, Аўстрыю, Малдавію, Рэч Паспалітую, перажыць разам з героем прыгоды на моры і на сушы, пабыць шкаляром, а затым і студэнтам універсітэта, пасяліцца ў вайсковым лагеры, прыняць удзел у баях і паядынках, павесяліцца на балях і ў жаночых пакоях, папрактыкавацца ў палітычных інтрыгах і, нарэшце, бліжэй пазнаёміцца са славутымі асобамі сусветнай гісторыі.
1 ... 190 191 192 193 194 195 196 197 198 ... 264
Перейти на страницу:

Януш пачакаў, пакуль слугі, якія прыцягнулі з кухні паднос са смажаным парасём, паставяць яго на стол і выйдуць, а потым сказаў:

— Ёсць. І вельмі спадзяюся, што будзе маёй.

— Так? — Багуслаў падхапіў на рукі маленькую Ганусю, якая ўпарта церабіла яго за крыло камзолу, спрабуючы звярнуць на сябе ўвагу. — Спадзяюся, хоць кальвіністка?

— Праваслаўная, — паправіў Януш. — Старэйшая дачка малдаўскага гаспадара Лупу — Марыя.

— Як?! Дачка таго разбойніка, што горш за татарына лупіць тры скуры са сваіх падданых на карысць сабе і турэцкаму султану? Ты б яшчэ крымскага хана сабе ў сваякі паклікаў!

Багуслаў не стрымліваў абурэння. Лічыў, што кузэн мог бы знайсці сабе пару сярод еўрапейскіх прынцэс, каб падтрымаць бляск іх дому.

Януш насупіўся і моўчкі пачаў калупаць страву ў талерцы.

— Яна хоць прыгожая? — падаў голас літоўскі гетман, які слухаў размову.

— Я яе не бачыў, і яе прыгажосць мне абыякавая, — адказаў пляменнік. — Больш цікавіць пасаг — шэсцьсот або, калі пашанцуе, семсот тысяч золатам. Хачу пабудаваць сабе палац, варты велічы нашага дому, і ў сваіх уладаннях парадак навесці…

Злосна зірнуўшы на кузэна, ён з націскам сказаў:

— Вось скажы мне, разумнік, за якую са спустошаных вайной еўрапейскіх арыстакратак я змагу такі пасаг узяць?

Супраць гэтага аргумента цяжка было нешта запярэчыць, і Багуслаў змірыўся:

— Рабі, як сам ведаеш! Я зычу табе поспеху і радасна пагуляю ў цябе на вяселлі.

Януш трохі памякчэў.

— Гэта справа яшчэ віламі па вадзе пісана, таму што турэцкі султан майго сватаўства не ўхваляе, — уздыхнуў ён. — Паспрабаваў яго ўласкавіць праз князя Ракочы, якога з маім нябожчыкам бацькам звязвала шчырае сяброўства, але дарэмна. Цяпер кіеўскі мітрапаліт Пятро Магіла над гэтым шлюбам старацца будзе… Я паабяцаў і сваё, і асабліва тваё заступніцтва праваслаўным…

Зразумеўшы, што кузэн намякае на яго самую вялікую ў Літве Слуцкую епархію, Багуслаў ухвальна кіўнуў.

— Я сам напішу мітрапаліту і запэўню яго ў сваім сяброўстве, — паабяцаў ён.

Пасля гэтых слоў Януш зусім супакоіўся. Далей размова сышла з небяспечных палітычных матэрый на замежную вандроўку Багуслава, пра якую хацелі пачуць усе прысутныя. Таму прайшло нямала часу, пакуль кузэны змаглі адасобіцца. Да Януша ўжо вярнуўся добры настрой.

— Ну ты, братка, і сэрцаед! — са смехам сказаў ён, прычыніўшы дзверы спальні, куды паклікаў сваяка, каб спакойна пагаварыць. — Яшчэ не паспеў і парог пераступіць, як пляменніцу зачараваў. Яна за табой як прывязаная ходзіць.

Багуслаў і сам ужо заўважыў, як з-за парцьеры міргнула сіняе вочка і імгненна знікла.

— Ага! — князь хутка падышоў туды і, ледзь стрымліваючы смех, гучна сказаў: — Ведаеш, Януш, я тут чуў, як дваровыя дзеўкі скардзіліся, што ў панскіх пакоях бачылі здаравенных шчуроў… Здаецца, вунь адзін — у куце важдаецца… Зараз я яго злаўлю!

Нахіліўшыся, Багуслаў нечакана схапіў дзяўчынку, а тая, спрабуючы вырвацца, заблыталася ў шчыльнай тканіне. Аднак валтузіўся моўчкі, гучна сапучы.

— Вось я гэтага пацука шабляй, — грозна сказаў Януш, падхапіўшы гульню.

— Не трэба мяне шабляй! — спалохана завішчала князёўна. — Я не пацук!

— Не пацук? — прытворна занепакоіўся Багуслаў. — А хто?

— Гэта я, Гануся!

Князь адпусціў парцьеру, з-за якой выслізнула спалоханая дзяўчынка. Але, убачыўшы, што бацька і дзядзька ўслых рагочуць, князёўна таксама засмяялася.

— Ты сапраўды падумаў, што я пацук? — захоплена спытала яна ў Багуслава.

Князь падхапіў яе на рукі.

— Mon ange![175]

Януш пайшоў да дзвярэй, каб паклікаць няньку, але кузэн яго спыніў:

— Пакінь. Чым яна табе перашкаджае?

Задаволеная Гануся ўладкавалася на дзядзькавых каленях. Нечакана для сябе Багуслаў высветліў, што лёгка знаходзіць супольную мову з дзецьмі. Дзелячыся з братам думкамі пра Копысь, прымудраўся адначасова забаўляць дзяўчынку, якая была ў захапленні ад увагі і весела шчабятала, выкладаючы свае дзіцячыя таямніцы.

— Дарэчы, — нечакана сказаў Януш, з усмешкай назіраючы, як Багуслаў гайдае дачку на калене. — Ты б прыглядзеўся да свайго аканома, бо Кахлеўскі вельмі на яго скардзіцца. А пан Пётр, сам ведаеш, вернасць нашаму дому давёў гадамі бездакорнай службы і без падставы людзей абгаворваць не стане.

Багуслаў ведаў гэта не горш за Януша і хоць быў ужо настроены супраць Сасноўскага, абмяркоўваць яго грахі са стрыечным братам не жадаў.

— Я б хацеў, каб пан Кахлеўскі прыехаў да мяне, — сказаў ён. — Хацеў бы задаць яму некалькі пытанняў… У рэшце рэшт, і мая канцылярыя праз яго рукі праходзіць…

вернуться

175

Мой анёл! (фр.)

1 ... 190 191 192 193 194 195 196 197 198 ... 264
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)