Ад сяўбы да жніва
- Автор: Брыль Янка
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Ад сяўбы да жніва». Краткое содержание книги:
Адзін з вясёлых мужчын, Паўлюк Калоша, дык той, праходзячы каля Лапавага хутарка, адразу ў хату не заходзіў,— ішоў у каморку i заглядаў за бочку ці за скрыню:
— Ага, ты сёння тут! Здарова, Магдаленіца!
А яна — сарамліва, збянтэжана:
— Гы-гы-гы! Я думала, дзядзька, што гэта не ты…
Неахайнасцю яна, як Лапа работай, славілася далека.
Даўно гэта было, аднак я добра бачу той колішні хутарок на ўзгорачку пры дарозе, а побач з ім, у лагчыне, круглую сажалку, аброслую аерам i зацягнутую раскай. У сажал цы бокам, да палавіны ў вадзе, застыла ражачка, у якой рашчыняюцца аладкі. На ражцы сядзіць ды час ад часу, у паэтычнай журбоце, кумкае жаба. Вялізная, надзьмутая. Спудзіш яе каменьчыкам — боўтнецца зелянуха ў твань, а ражачка нават не скалыхнецца. Так яна адмакала ад былой да наступнай нядзелі, калі ў нас, па даўняму звычаю, абавязкова пякліся аладкі.
Калі ж Магдалена, для раснастайнасці, варыла галушкі з цёртай бульбы, дык адціскала ix… у падоле спадніцы.
— Што ты робіш? — зжахнуўся аднойчы хтосьці з жанчын. А яна:
— Гы-гы-гы! Мой сажроць!.. Крылатым стала ў нас тое «сажроць», ім карысталіся, гаворачы не толькі пра Магдалену.
I я згадаў тую даўніцу не так сабе. Не раз, не два разы, калі чытаеш сякія-такія мастацкія творы, i рыфмаваныя, i не, успамінаюцца тая ідылія з ражкай i тыя галушкі.
Прасцяк i добрая душа, Лапа — той хоць пад чаркай, хоць зрэдку ганяў сваю палавіну — вучыў.
Наш чытач, як часамі здаецца, куды ласкавейшы, — сажроць!..
1972
ДАРОЖНЫ РЭКВІЕМ
Спачатку грэбля ў балоцістым лесе. Зусім нечаканы i пералётны сонечны дождж. Потым лясное возера.
Спыняемся i выходзім з «газіка».
З нізкай хмарай вялікая роўнядзь вады цёпла павязана леным, рэдкім церушэннем. Сітнёг. Лазняк. Шчэбет птушак i зумканне камароў.
Гром пракаціўся па небе. Як заўсёды, з нейкім трывожным, палахліва-радасным абяцаннем чагосьці лепшага. Знаёмая, з маленства любімая музыка.
Няўжо тут было таксама i тады, у дні вялікай фашысцкай блакады?
Такая краса — i забойства дзяцей?..
Старая студня з выпетраным жураўлём. Адна на зялёным прасторы. Не менш сіратлівая груша. Сівы палын на котлішчах.
І яшчэ адзін помнік: Дзвесце семдзесят чалавек. У студзені сорак трэцяга года.
Бярозавы хмызняк на месцы хаты, у якой палілі вёску.
Цяпер тут калгасны выпас, цялятнік з двума грамаадводамі i хатка.
Дзеда-вартаўніка, былога партызана, у якога тут забілі жонку i двое дзяцей, засталі мы на выпражаным возе. Спаў на сонцы, а каля кола стаяла пустая бутэлька з імпартнай этыкеткай. Зайшлі з ім у хату, паставілі на стале магнітафон. Але сабака, які дагэтуль брахаў на нас з-пад падрубы, цяпер уядаўся пад звонкай падлогай… Прыйшлося пайсці ў машыну, нават ад'ехацца далей ад брэху.
Дзед у той дзень прыбег з лесу пасля. Работа была «чыстая»: усе пабіты, усе пагарэлі.
А навокал пажарышча ляжалі акрываўленыя вілы. Адзінаццаць штук. Віламі трупы, а каго i жывога яшчэ, падкідалі ў агонь…
Едзем.
Дзе было поле — цяпер вялізная паляна цімафееўкі. Жывому трэба жыць. І клопат адчуваецца: парнасць, зноў будзе непатрэбны дождж.
Вялікія лужыны на сонечнай дарозе. Адна за адной. І вясёлая плісачка. Садзіцца каля вады, зноў уцякае ад машыны, зноў садзіцца… Як дзіцячая гульня.
Зялёны востраў у няспелым жытнім моры. Бярозы.
З дарогі туды, у жыце, дарожка. Густая, нетаптаная трава. Абапал дэкаратыўныя кусты. То васілёк, то маладзенькі колас у траве.
Пад бярозамі помнік. Тут пахаваны адразу дзве невялікія вёскі. Сто сорак чалавек. У ліпені сорак другога.
Навокал — ціхая песня вячэрняга сонца, пяшчотнага калосся, непрыкметных жаўранкаў.
У душы паўтараецца:
Пра ўсё пра гэта можна хіба толькі музыкай сказаць. Што было, i што ёсць, i што будзе…
На невысокім Кургане Бессмяротнасці — скульптура жанчыны з лаўровай галінкай у правай руцэ, з жывымі, нядаўна ўкладзенымі некім кветкамі — у левай.
Былая вясковая вуліца стала шырокай i зялёнай палявой дарогай. У колішніх агародчыках цвітуць даўно адзічэлыя ружы. На траве, якою ўсё парасло, стаяць самотныя вербы. Бярозы маладой, нявіннай легкадумнасцю ўпрыгожваюць, а векавыя, магутныя ліпы вартуюць гэты спакой.
На кожнай былой сядзібе — сваяцкі помнічак у металічнай ці драўлянай агароджы. Нізкі драўляны крыж, ужо касматы ад моху, зусім утапіўся ў лістоце бэзавай падсады.