Меч князя Вячкі
- Автор: Дайнеко Леонид Мартынович
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Жанр: Исторические приключения
Электронная книга - «Меч князя Вячкі». Краткое содержание книги:
Нягледзячы на тое, што падзеі рамана адбываюцца ў XIII стагоддзі, яго тэматыка вельмі актуальная.
Твор прасякнуты ідэяй аб неабходнасці яднання славянскіх народаў, а таксама іх бліжэйшых суседзяў-літоўцаў, латышоў, эстонцаў, для таго, каб процістаяць ворагам.
З вялікім трапятаннем у душы, з вострым страхам і такой жа вострай цікаўнасцю ён звяртаўся ў думках да таго, хто трымае ў сваіх руках усё жывое, хто дае і адбірае жыццё, каму моліцца маці. «Зрабі, каб мы ўсе жылі і ніколі не паміралі,— прасіў ён. — Зрабі, каб прадзедава душа, якую я сёння пакалечыў, не са злосці пакалечыў, не пракляла мяне. Калі ты ўсё можаш, завядзі дзікую віру ў дрыгву, у пясок-плывун, каб яна не знайшла дарогі ў Гарэлую Весь».
Мірошка пачаў ужо засынаць, ужо думкі рваліся, блыталіся ў галаве, як павуцінне пад ветрам-свежаком. Але раптам крокі пачуліся спанадворку, лёгкія, хуткія. «Гэта Якаў вяртаецца з лесу, ідзе адтуль, дзе аддавалі рацэ нябожчыка», — адразу ж усхапіўся Мірошка. Ён таропка, але бясшумна спусціўся з палаткаў, адкінуў дубовую завалу на дзвярах, выйшаў пад начное неба. Перуноў Шлях24 ззяў над Гарэлаю Вессю. Абложна, з усіх бакоў, шумеў лес. На балоце чуўся чэкат дзікіх качак.
— Стрый, — ціха паклікаў Мірошка, — Якаў!
І раптам яму зрабілася так страшна, аж мароз па скуры пайшоў, аж падалося, валасы ўзвіліся дыбком і пачалі тоненька патрэскваць на галаве. Ён зразумеў, што гэта не Якаў, што Якаў яшчэ на рацэ, а ў трох-чатырох сажнях ад яго чарнеюцца нейкія чужыя, маўклівыя людзі, быццам прывіды, што ўсталі з пракаветных здзірванелых курганоў. Мірошка хацеў ускрыкнуць, хацеў ірвануцца назад у хату, але неадольная млявасць прыляпіла ногі да зямлі.
— Бяры малога, — ледзь чутна прагучаў старэчы голас, і Мірошку накінулі на галаву нешта мяккае, халоднае, шчыльнае (напэўна, мяшок), ускінулі на плячо і панеслі, як воўк носіць авечку. Усё гэта адбылося хутка-хутка, як воласу перагарэць.
— Прынясем трэбу25 дзікай віры, і яна пашкадуе весь, — данёсся да Мірошкі ўсё той жа голас.
Дык вось што хочуць з ім зрабіць? Яго ж, пэўна, зацягнуць у гушчар, да ляснога бога, там заб'юць і ягонай крывёю змажуць сухія вусны драўлянаму лясному богу. Дзе ж сапраўдны бог, нябесны бог, чаму ён не дапамагае?
— Хутчэй, хутчэй, — падганяў таго, хто нёс Мірошку, усё той жа агідны голас.
Мірошка праз мяшок з усім адчаем, з усёй злосцю ўпіўся зубамі ў чужое ненавіснае плячо, крутнуўся ўсім целам. Сіла, якую выгнаў з цела страх, зноў вярнулася.
Незнаёмец войкнуў ад болю, Мірошка з мяшком на галаве плёхнуўся на зямлю. Ён імгненна ўскочыў на ногі, садраў мяшок, закрычаў на ўсе грудзі, прарэзліва, адчайна:
— Мама! Якаў!
І рынуўся ў цемру, на нейкі міг апярэдзіўшы злыя страшныя рукі, якія гатовы былі зноў схапіць яго.
— Трымай малога! — закрычаў стары, і Мірошку падалося, што гэта голас Гняздзілы.
Але хіба можна было ўтрымаць Мірошку! Як на крылах імчаў ён да матчынай хаты, страла з лука не змагла б дагнаць яго. Ён дабег, даляцеў да хаты, бухнуўся ў нізкія дзверы і на парозе сутыкнуўся з маці.
— Мама! — толькі й крыкнуў Мірошка, і зямля паплыла з-пад ног, перакуліўся, пачарнеў срэбны Перуноў Шлях і патух, быццам не было яго на небе.
Доўга хварэў Мірошка. Чорная ліхаманка пасялілася ў ім. Ні зеллем, ні шэптам, ні святой вадой нельга было яе выгнаць. І ніхто не ведаў, што будзе з ім, бо чалавеку не дадзена ведаць свой час. Рыбы трапляюць у невад, птушкі заблытваюцца ў сіло, сыны чалавечыя робяцца ахвярай сваіх вёснаў і зім. Той, хто нарадзіўся, павінен памерці. Такі непарушны закон прыроды, але ж Мірошку было ўсяго дзесяць сонцаваротаў. І аднойчы ён адчуў, як зноў наліваюцца сілай рукі і ногі, як вочы, што звыкліся з паўзмрокам хаты, прагнуць глянуць за небасхіл, увабраць у сябе сонечныя промні, начныя зоркі.
— Сынок, — шчасліва заплакала маці,— мы ж ужо думалі, што ты грабніцай пахнеш, памрэш. Жыві, сынок, і моцна пацалавала Мірошку.
За час, калі хварэў Мірошка, у Гарэлую Весь прыязджаў княжацкі вірнік са сваім памочнікам. Яны прыпыніліся на пастой у бортніка Чырвона. І заплаціла весь дзікую віру, бо, як гаворыцца ва ўставах князёў свіслацкіх, «у іхняй зямлі, у іхняй верві26 галава ляжала». Акрамя таго, заплацілі смерды за чырвоную рану трыццаць грыўняў і за сінюю рану пятнаццаць грыўняў. Акрамя таго, дала весь вірніку і памочніку ягонаму корм на сядміцу27: сем вёдзер соладу, сыр, хлеба колькі могуць з'есці, курэй па дзве на дзень, аўса для чатырох коней, і рыбы мноства вялікае, і мёд. Чухалі патыліцы смерды.
Ужо зіма гула над пушчай, калі ачуняў Мірошка. Мароз-ядрэц камяніў зямлю. Снег заваліў усе дарогі, усе самыя вузенькія сцяжынкі. Дрэнна было звярам вялікім і малым — зямля ўжо не хавала іхнія сляды. Мядзведзі, патлусцеўшы за лета, клаліся спаць. Ваўкі бегалі гайнёю, і лютыя галодныя ваўчыцы былі ў іх за павадыроў.
Маці сядзела за прасніцай каля маленькага, закаванага празрыстым лёдам акна і спявала:
Мірошку дужа цікава было ведаць, дзе знаходзіцца гэткі двор, дзе можна ўбачыць гэтыя горы, брусы, стаўбы і катлы. Але маці толькі сказала:
— Так мая бабка пяяла.
Прыйшоў Якаў, весела ўсміхнуўся Мірошку, скінуў з пляча на падлогу маладую забітую казулю. У казулі былі прыгожыя масляніста-цёмныя вочы.
— На Звонкім беразе падстрэліў,— пахваліўся Якаў.— Гайда, Мірошка, нешта пакажу.
Мірошка апрануў тоўстую карычневую світку, поршні з цёплымі анучамі на ногі, шапку-аблавушку з воўчай футры.
Зіма разбяліла Гарэлую Весь. Усё было заслана снегам, ды якім — пушыстым, мяккім, бязважкім! Снег, калі прыгледзецца, быў сатканы з маленькіх прыгожых белых зорачак. Мірошка браў гэтыя зорачкі на далонь, і на цёплай далоні яны пакрысе пачыналі плаваць, як плавае свіны тлушч на разагрэтай патэльні, а потым знікалі — толькі бліскучая кропелька вады заставалася ад іх.
— Я табе канёк зрабіў,— сказаў Якаў.— Добры канёк, касцяны. З бычынай косці вытачыў. На Свіслачы будзем катацца, там ужо лёд пластом ляжыць.
Мірошка з радасцю схапіў канёк, валовымі жыламі прыкруціў яго да нагі. Так і пабег да рэчкі па снезе з каньком на правай назе.
У самым сутоку Свіслачы і Бярэзіны знайшлі месца, дзе амаль не было снегу, і Мірошка, адштурхнуўшыся левай нагою, ездзіў на каньку ад берага да берага, выразаючы на лёдзе мудрагелістыя блытаныя ўзоры. Якаў ляпіў снежкі і цаляў імі ў Мірошку. Весела і горача было абодвум.
Раптам на стромым беразе Бярэзіны, які быў густа засыпаны снегам, Мірошка ўбачыў тонкі струменьчык дыму. Ён спыніўся, прыгледзеўся пільней. Так, дым быў, і выходзіў гэты дым як знутры зямлі, з нейкай высока ўзнятай над ракою нары, што здалёку здавалася маленькай чорнай кропляй.
— Што там такое? — здзіўлена спытаўся Мірошка ў Якава.
— Дым.
— Я бачу, што дым. Але хто там што паліць?
— Там жыве чалавек.
— Чалавек? У снезе?
— Там жыве пустэльнік. Прыйшоў на гэты бераг, як я яшчэ цыцку ссаў, выкапаў сабе нару і жыве.
— А што ж ён есць?
— Калі рыбіну голымі рукамі спаймае, калі карэньчык салодкі з зямлі выкапае. А летам яшчарак ловіць. Яшчаркі любяць на гарачым пяску грэцца.
24
Перуноў Шлях — Млечны Шлях.
25
Трэба— ахвяра.
26
Верв — абшчына.
27
Сядміца — тыдзень.