Сотнікаў
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 1970
- Язык: белорусский
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Сотнікаў». Краткое содержание книги:
Смерці ў баі ён не баяўся - перабаяўся ўжо за дзесятак самых безнадзейных выпадкаў - і не калаціўся за сваё жыццё, якое даўно не было яму асалодай, а з нейкага часу перастала быць і абавязкам. Важна было жыць, калі ён быў камандзірам у арміі, калі ў яго была сіла, якая давала яму магчымасць выконваць свой абавязак, калі ад яго турбот і ўмельства залежалі жыцці людзей. А цяпер ён быў сам, адзін і дбаў толькі аб сабе. Праўда, у іхнім партызанскім жыцці гэта таксама было важна і нялёгка - так дбаць аб сабе, каб не зрабіцца лішнім клопатам для астатніх. Такім, напрыклад, як той узводны Жмачэнка, каторы ў студзені так намучыў усіх у Крыжоўскім лесе. Паранены асколкам у жывот, ён ледзь ліпеў, і яны дзве ночы выносілі яго з-пад носа немцаў і толькі выбраліся ў бяспечнае месца, як ён сканаў.
Сотнікаў болей за ўсё апасаўся такога вось лёсу, але, здаецца, такі яго абміне. Уратавацца, вядома, не ўдасца, затое ён быў пры памяці і меў зброю - гэта галоўнае. Нага ўся дранцвела, ад ступні да сцягна, ён ужо не адчуваў і цеплыні крыві, якой, мусіць, сплыло нямала. Тыя, з пагорка, пасля некалькіх стрэлаў памарудзілі крыху, і нехта з іх там падняўся. Астатнія ляжалі, а ён, гэты адзін, хутка і рухава перабег па схіле ўніз. Ягоны цень цёмным камяком пракаціўся некалькі крокаў і апаў на снезе. Сотнікаў пацягнуўся рукамі з вінтоўкай, каб уперці прыклад у плячо, і адчуў, як здорава стала балець нага. Балела чамусь калена і сухажылле пад ім, хоць ён адчуваў, што куля трапіла вышэй, у сцягно. Ён сцяў зубы і павярнуўся трохі на левы бок, каб з правага зняць нагрузку. У той час на пагорку мільгануў яшчэ адзін цень - здаецца, яны там па ўсіх правілах вайсковае тактыкі перабежкамі набліжаліся да яго. Тады ён дачакаўся, калі паднімецца трэці, і стрэліў. Стрэліў наўздагад, прыблізна - мушка і проразь дрэнна былі відаць у паўзмроку. У адказ зноў забахалі іхнія стрэлы - на гэты раз многа, можа, стрэлаў з дзесяць, не менш. Счакаўшы, калі яны сціхлі, ён дастаў з кішэні новую абойму і перазарадзіў вінтоўку. Усё ж патроны трэба было ашчаджаць, іх заставалася ўсяго пятнаццаць.
Мусіць, ён ужо даўгавата праляжаў так, цела пачало здорава мерзнуць, нага балела ўсё болей; ад сцюжы і ад страты крыві яго зноў пачала біць дрыготка. А тыя, пастраляўшы, сціхлі, нібы прапалі ўначы - нідзе не відно стала ніводнай постаці. Але ён адчуваў, што наўрад ці яны пакінуць яго тут - пастараюцца ўзяць жывога ці хоць бы мёртвага. І ён падумаў, што, можа, яны да яго паўзуць. А можа, ён ужо кепска бачыць - ад слабасці ў вачах пачалі лётаць нейкія матылі, стала млосна. І ён спалохаўся, што можа страціць прытомнасць і тады здарыцца самае горшае, чаго ён найбольш баяўся на гэтай вайне. Значыць, апошняе, на што ён павінен намагчыся, хоць цераз сілу, хоць самаю апошняй рэшткай свае здольнасці - не здацца жывым.
Ён памалу прыўзняў галаву - недзе наперадзе ў марозных прыцемках мільганула штось надта цёмнае - здалося, чалавек. Але неўзабаве ён зразумеў, што гэта на ветры матляўся перад ствалом быльнёг. Тады ён праз боль паварушыў параненай нагой, якую сціскала скразная балючая сутарга, трохі сагнуў яе ў калене. Пальцаў на ступні ён не адчуваў. Зрэшты, чорт з імі, з пальцамі, цяпер яны былі яму непатрэбныя. Другая яго нага была здаровая.
Часу, мусіць, мінула нямала, а можа, і не многа - ён страціў усякае адчуванне яго. Трывожыла самая галоўная думка: не даць сябе захапіць знянацку. Мяркуючы, што яны паўзуць, і каб трохі затрымаць іх, ён прыклаўся да вінтоўкі і зноў стрэліў тры разы ў ранейшым кірунку. Ён чакаў стрэлаў у адказ, але стрэлы нешта марудзілі, і ён падумаў, што, можа, паліцаі запаўзлі дзе ў лагчынку і пакуль не бачаць яго. Тады ён таксама рашыў пакарыстацца здатным для сябе момантам і пакутна пераваліўся на бок.