Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Воўчая зграя
Воўчая зграя - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Воўчая зграя

Электронная книга - «Воўчая зграя». Краткое содержание книги:

Аповесць Васіля Быкава «Воўчая зграя» — аповесць, як большасць твораў аўтара, пра вайну. Пра чалавечыя лёсы, пра жыццёвы выбар, пра памяць мінулых дзён. Галоўны герой аповесці партызан Ляўчук, які ў час ваенных дзеянняў, вырываючыся з акружэння, застаўся сам з нованароджаным дзіцёнкам на руках, бацькі якога загінулі. Прайшоўшы пекла, ён аддае дзіця, спадзяючыся, што трапіць яно ў добрыя рукі, да жанчыны, якая зможа выкарміць немаўля. Сюжэт аповесці базуецца на ўспамінах былога партызана, які праз многія гады пасля вайны, а мінула ўжо больш за трыццаць, шукае таго, каму выратаваў жыццё, таго, каму даў імя і прозвішча бацькі, шукае, каб распавесці гісторыю яго сям’і, яго бацькоў і гастрорыю першых дзён ягонага жыцця. Шукае і знаходзіць.
Трое партызан у час блакады трапляюць у складаную сітуацыю. Пасля жорсткае сутычкі з ворагам жывы застаецца толькі адзін, які робіць амаль немагчымае — выратоўвае маленькае дзіця…
1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 52
Перейти на страницу:

Першага паклікалі туды Шаўцова, высокага схуднелага чалавека ў ватоўцы, які, па яго словах, да арміі працаваў інжынерам у Кемераве, трапіў у палон пад Беластокам і, як ён сказаў, год шукаў моманту вырвацца з палону і знайсці партызан. Цяпер ён быў дужа рады, што гэты выпадак надарыўся, і прасіў даць яму зброю, каб біць тых, хто прычыніў яму столькі пакут і ганьбы.

Усё было проста, звычайна, Шаўцова залічылі ў другую роту і адправілі за ручай у ротны будан.

Другога паклікалі крыху пазней, пад вечар, бо начальнік асобага аддзела Зяновіч павінен быў некуды ехаць, і канавод ужо чакаў яго з асядланым канём ля зямлянкі. Вярнуўся Зяновіч толькі пад вечар, калі партызаны ішлі па вячэру на кухню, і тады знайшоў ля сваёй зямлянкі Шаўцовага напарніка па прозвішчы Кудраўцаў, які, аказваецца, спецыяльна чакаў яго тут з гадзіну.

Гэты Кудраўцаў быў даволі яшчэ малады, ладны дзяцюк з на дзіва прывабнай і адкрытай усмешкай на прыгожым, добра паголеным твары, ён усё расказаў пра сябе: як ваяваў, як падбілі ягоны танк і як сябры вывалаклі яго з полымя, паказаў нават след на лапатцы ад цяжкога ранення, пасля якога, непрытомны, апынуўся ў палоне. Сам ён быў ленінградзец, да арміі працаваў на славутым заводзе. любіць радзіму і ненавідзіць немцаў, гатовы ваяваць з імі на любой пасадзе, хоць сам, між іншым, радыст вышэйшай кваліфікацыі. I яшчэ ён мае заявіць па сакрэту, што ягонага напарніка Шаўцова незадоўга да іх уцёкаў некалькі разоў выклікаў шэф СД, здаецца, вербаваў у агенты, хаця, магчыма, што ён, Кудраўцаў, і памыляецца, бо на іх гаворцы, вядома, не быў. Зяновіч знарок спакойна сказаў, што яму гэта вядома, хоць усё гэта ён чуў тады першы раз. Ён адпусціў Кудраўцава, а сам тут жа паслаў дзяжурнага па Шаўцова.

Шаўцова прывялі не так хутка, аказваецца, той ужо спаў, і калі пачуў пра ягоную вярбоўку ў СД, вельмі здзівіўся. Ці зрабіў выгляд, што здзіўляецца. Ён адмаўляў, што яго хоць бы раз выклікаў шэф СД, казаў, што ён нічога не чуў пра вярбоўку і не браў на сябе ніякіх абавязацельстваў перад немцамі. Пра Кудраўцава ж ён нічога кепскага сказаць не мог — разам працавалі, разам гібелі ў бараку, выбраўшы момант, уцяклі, калі іх паслалі пераносіць старыя падмосткі да новай эстакады.

Зяновіч далажыў аб тым камандзіру, камісару, начальніку штаба. Тыя, параіўшыся, рашылі абшукаць Шаўцова, і калі хлопцы распаролі паясніцу ягоных штаноў, знайшлі там нейкую паркалёвую анучку з лічбамі, напісанымі вадастойкаю фарбай. Што гэта такое — Шаўцоў вытлумачыць не мог, але ўсе зразумелі, што гэта нямецкі шыфр. Такія штучкі партызанам ужо былі вядомы, і Шаўцова на другі дзень расстралялі ў рове.

А Кудраўцаў з таго часу стаў вядомы ўсім партызанам. Сапраўды, выратаваў атрад ад нямецкага агента, бо няцяжка было сабе ўявіць, што сталася б з атрадам, калі б у ім застаўся гэты Шаўцоў. Ды і наогул новы партызан на дзіва сімпатычны хлопец, выдатны стралок, майстра па гадзінніках і ў дадатак да ўсяго яшчэ іграў на гармоніку. Гармонік, праўда, быў у іх надта старэнькі, з прадраным мехам, клавішы ў яго ўвесь час западалі, галасы дашчэнту расстроены ў няўмелых руках, але ўсё роўна Кудраўцаў іграў на ім так добра, што можна было заслухацца. Калі надараўся які вольны час, ён сядаў на пянёк каля будана першай роты і пачынаў паціху наігрываць «страдание» або «Синенькнй скромный платочек», адразу ж каля яго пачыналі збірацца хлопцы, усе слухалі ды пазіралі, як спрытна бегаюць па клавішах ягоныя пальцы, а сам гарманіст люба ўсміхаецца, мусіць, таксама радуючыся з свае майстэрскай ігры.

Неяк спакваля, не адразу, да будана першай роты пачала прыходзіць і Клава.

Прыходзіла яна адна, трошкі сарамліва і з нейкаю нават затоенай бояззю спынялася каля бярозак збоч ад гаманкой купкі хлопцаў з гарманістам, але тыя адразу заўважалі яе і клікалі, нават цягнулі бліжэй да ўсіх. Кудраўцаў нейкай асаблівай жвавасцю адгукаўся на яе прыход і граў, усміхаючыся ўжо толькі ёй адной. Яна, мусіць, заўважала тое, бянтэжылася, але стаяла, слухала, лёгка і ветліва адбіваючыся ад празмернай увагі некаторых хлопцаў-назолаў. Зрэшты, асабліва да яе ўжо не набіваліся, у атрадзе ўжо ведалі пра яе адносіны з начштаба Платонавым. Ляўчук у такі час звычайна быў там жа ці дзесьці паблізу за якой дробязнай справай, але ён заўжды прыкмячаў яе паяўленне каля гарманіста, і ніводзін яе крок, погляд, усмешка не заставаліся ім не заўважаныя. I тады ён нешта прыкмеціў у адносінах да яе Кудраўцава, і гэта яго насцярожыла.

1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 52
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)