Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Детские и приключения » Міколка-паравоз
Міколка-паравоз - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Міколка-паравоз

Электронная книга - «Міколка-паравоз». Краткое содержание книги:

«Міколка-паравоз» — шырока вядомая аповесць народнага пісьменніка Беларусі Міхася Лынькова пра жыццё і прыгоды хлопчыка Міколкі, сына чыгуначніка.
1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 49
Перейти на страницу:

— Я магу залезці ў пакгаўз, нягледзячы і на часавых… — хутка выпаліў ён і пачырванеў нават, ці то ад нечаканае свае храбрасці, ці ад сарамлівасці.

Рабочыя аж ахнулі.

— Казаў жа я вам, каб гаварыць цішэй… А то вось аб усім і даведаўся гэты падшывалец.

Міколку страшна ўкрыўдзіла такое слова. Ён скоса зірнуў на гаварыўшага, працадзіў праз зубы:

— Каму падшывалец, а каму Міколка, бальшавікоў сын…

— Ну, то ідзі да немцаў і скажы ім, што бацька твой — бальшавік!

— Няма такіх дурных! — увязаўся ў гутарку Міколка. — Калі вам кажу, ведаю каму. А немцы пра бацьку і так ведаюць, што ён бальшавік, бо не сталі б лавіць яго, нехта ж падказаў… А пакгаўз я ведаю, як свой вагон, мы вунь колькі разоў туды лазілі галубоў ганяць…

— «Галубоў, галубоў!..» — перадражніў яго адзін з рабочых. — Тут, бачыш, не галубамі пахне, а куляй, а ты яшчэ дурань малы.

Хацеў тут Міколка абазваць гэтага рабочага таксама дурнем, але ўбачыў, што той абзывае яго так не злуючы, а проста жартам.

— Няхай сабе і малы, але мне куды спрытней у пакгаўз залезці, чым катораму з вас вялікаму…

На гэтым і разышліся, строга-настрага наказаўшы Міколку, каб ні слова, ні гуку ніхто не пачуў ад яго аб тым, пра што ён чуў.

— Ну, што вы, маленькія якія, ці што… — не на жарты ўсердаваў Міколка. — Ці буржуй я, ці меншавік, па-вашаму…

Чуў Міколка пра меншавікоў як пра вялікіх паскуднікаў, якія любому буржую гатовы заўсёды боты лізаць. Таму і памянуў пра іх.

— Ну, глядзі ж, — яшчэ раз сказалі яму на развітанне.

А раніцай, яшчэ сонца не ўзышло, было яшчэ цёмна, пабудзіў Павел Міколку, сказаў яму паціху:

— Ну, уставай, бальшавік! Пойдзем сваіх ратаваць. Глядзі ж не падкачай… Зловяць, скажы — за галубамі палез.

— Якія ж галубы па начах! — папракнуў Міколка брата за такое выключнае няведанне галубовай справы.

— Тады скажы, што за семечкамі палез.

— За семечкамі яшчэ можна… — згадзіўся Міколка з такой прапановай.

Станцыя хавалася ў прадранішнім змроку. Сям-там мігацелі стрэлачныя ліхтары, пыхкалі парай паравозы ля дэпо, збіраючыся ў дарогу. Сям-там на пуцях стаялі адзіночныя таварныя вагоны, платформы з лесам ды з іншымі грузамі. Каб не быць заўважанымі нямецкімі часавымі, Міколка з рабочымі прабіраўся каля вагонаў, хаваючыся ў іх доўгім цені.

І тут ля вагонаў заўважылі і дзеда Астапа. Ён ішоў следам за ўсімі, не адстаючы ні на крок. На яго накінуліся ўсе:

— Куды табе, дзеду, ісці! Ідзі кладзіся спаць!

Аднак дзед аж узлаваўся:

— За каго вы мяне прымаеце? Каб я ды пакінуў унука свайго ў небяспецы?

І колькі ні спрачаліся з дзедам, нічога не выйшла. Дзед не адступіў і рашуча ішоў услед. Вось і пакгаўз. На ім пабліскваюць цьмянымі аганькамі два-тры ліхтары, відаць шырокія дзверы. Ля іх стаіць, не зварухнецца, нямецкі часавы. Дзесьці далёка за пакгаўзам пабліскваюць у небе агнявыя зарніцы — відаць, недзе немцы вёску паляць. На гэтыя зарніцы загадкава пазірае часавы. Водбліскі іх мігцяцца на шырокім бліскучым штыку, на цяжкай, чорнай уначы, касцы салдата.

Задумаўся часавы, абапёрся на вінтоўку, не зварухнецца.

А побач з пакгаўзам — вялікія штабелі дроў. Сюды і дабраліся Міколка, Павел і другія рабочыя. Адсюль добра відаць пакгаўз і часавы, добра сачыць за кожным яго крокам. Міколка бачыць, як у руках яго таварышаў з’яўляюцца рэвальверы. Людзі становяцца кожны на сваё месца, загадзя яму вызначанае. А самога Міколку ціха вядуць да пакгаўза бліжэй, пад самы апошні штабель дроў.

— Ну, цяпер дзейнічай сам! Ды глядзі ж, не патрап пад вінтоўку! — дае апошнія парады брат Павел.

Міколка ўзіраецца ў часавога, да яго якіх трыццаць ці сорак крокаў. Відаць толькі спіна салдата ды кончык штыка. Прыпаўшы да самай зямлі, ціха пасоўваецца Міколка да пакгаўза, хаваючыся за раскіданыя побач каменні. Міколка паўзе і думае: што будзе з ім, калі заўважыць салдат, і куды трапіць нямецкая куля. Добра, каб у галаву — адразу і ўсё табе тут… А калі ў жывот?.. Гэта ж будзе балець!

Падумаў Міколка і аж уліп у зямлю, халодным потам абліўся, замёр на якую хвіліну-другую. Не з-за страху за свой жывот — які там у яго жывот! — а баяўся за справу. Зварухнуў нагой нейкую бляшанку па дарозе, і яна чыркнулася аб камень, забрынчала. Салдат павярнуў галаву, нават руку да вуха прыставіў, каб спрытней учуць. Але дзе ты ўчуеш, дзе ты ўбачыш. Ляжыць Міколка ні жывы ні мёртвы і толькі чуе, як моцна б’ецца ды вырываецца з грудзей яго маленькае сэрца.

1 ... 15 16 17 18 19 20 21 22 23 ... 49
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)