Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча

Электронная книга - «Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча». Краткое содержание книги:

Героі шукаюць езуіцкія скарбы ў сутарэннях пад Менскам, падарожнічаюць разам з чорным магам і егіпецкай прынцэсай у адной карэце, і нават апынуцца на балі ў палацы расійскай імператрыцы. Яны будуць высвятляць каму павінна належыць карона святога Альфрэда. Падзеі ў кнізе адбываюцца ў першыя гады праўлення Станіслава Панятоўскага, у век плашча і шаблі.
1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23
Перейти на страницу:

— Усё, заканчвайце дзівіцца! — рашуча заявіла Саламея. — Спадар Лі — жартаўнік, ён спецыяльна прысылае такія… спецыфічныя стравы. Помніш, Бутрым, як ты мінулы раз соду глытаў пасля ягоных прыправаў? Маіх бліноў хопіць на ўсіх.

Палачанка ўзяла рушніком са стала цёплы гаршчок і паставіла на падлогу.

— Піфагор, любіш кітайскую кухню?

Руды сабака падсунуўся да гаршчка, прынюхаўся, падціснуў хвост, пакрыўджана гаўкнуў і выбег з пакою. Пранціш не стрымаў смеху.

— Гэтую страву трэба назваць не «Буда пералазіць праз сцяну», а «Піфагор уцякае на двор».

Куды ўрэшце адправіліся кітайскія далікатэсы, Вырвіч не высвятляў.

Гасіў уночы прафесар свечку кулаком на адлегласці ці не, невядома, але наўрад. Таму што, калі ў горадзе зніклі агні самым звычайным спосабам, у дом з зялёнымі аканіцамі прыбеглі ад чарговага пацыента, якому стала кепска, і Лёднік, сабраўшы доктарскую валізку і прачытаўшы кароткую малітву святому Панцеляймону-ацаляльніку, адправіўся ратаваць яшчэ адно чалавечае жыццё, і, пэўне ж, начхаць няшчаснаму хвораму было на ўсе гумаральныя і магнетычныя тэорыі, на вучоныя дыспуты і на блюзнерствы ягонага лекара.

Але калі драгун Вырвіч прадраў нараніцу свае блакітныя сумленныя вочы, гаспадар з дому ўжо сышоў. Пані Саламея патлумачыла — выклікалі ў дэканат. Трохі трывожна, вядома, але ж вось-вось пачатак навучальнага году, у прафесуры справаў шмат. Вырвіч хадзіў па доме, пазяхаючы, і падумваў, ці не падацца ў карчомку…

І тут вярнуўся гаспадар. Прайшоў хуткім крокам праз вітальню, здымаючы на хаду капялюш і перавязь з шабляй.

— Вырвіч, у кабінет!

Да бабкі не хадзі — здарылася нешта паганае.

Прафесар глядзеў на свайго былога ўладальніка, як бацька кінутай нявесты на здрадлівага жаніха.

— Калі я прысягаў вашай мосці, што паеду з вамі ў Гутаўскі кляштар, я не думаў, што патрапляю ў такую пастку. За трыста дукатаў мяне Юдыцкаму запрадаў? Мая цана ўзрасла за апошнія гады?

Вырвіч разгубіўся. Ён жа долю доктара не ўзяў… За ім пакінуў права вырашаць. У чым драгун горача і паспрабаваў пераканаць Лёдніка. Прафесар махнуў рукой.

— Ну, усё роўна позна на малако дзьмуць, калі кіпнем апёкся… Мне даюць адпачынак на месяц. Каб я мог выканаць богаўгодны ўчынак, суправадзіць хворага ў паломніцтва, за што мне абяцана, аказваецца, трыста дукатаў. Калі я не еду — маю кафедру закрываюць. Зусім. Яшчэ і студэнтаў, з якімі я індывідуальна займаўся — каторыя з бедных — вытураць з Акадэміі.

Пранціш унурыўся. Падобна, што ў хітрамудрай навуцы дыпламатыі ён яшчэ навіцыянт, і заслугоўвае не дукатаў, а галавы казла, якую цар Іван Жахлівы паслаў старасце Аршанскаму Філону Кміце-Чарнабыльскаму за правал «выбарчай кампаніі», што мусіла ўзвесці маскоўскага ўладара на трон Рэчы Паспалітай.

— Ясна, Юдыцкі да езуітаў звярнуўся…

— Не Юдыцкі, а тыя, чыю волю выконвае суддзя, — строга сказаў Лёднік. — І цяпер у мяне выбар — альбо ўсё кінуць, забіраць сям’ю і з’язджаць — але тут могуць пацярпець бязвінныя людзі, альбо… ехаць з табою суправаджаць хворага пана да святых мясцінаў.

— Як жа, хворага… — скептычна прабурчэў Вырвіч, хаваючы няёмкасць. — Будзе такі ж маскарад, што калісьці ўчыніла нам панна Багінская. Памятаеш, пераапранулася ў мужчынскі касцюм і ўвязалася за кампаніяй?

Лёднік, аднак, нават не ўсміхнуўся.

— Не забывай, што я — спрактыкаваны лекар. І калі патрабуюцца мае паслугі, значыць, ёсць што лячыць — думаеш, я не адрозню таго, хто прыкідваецца, ад сапраўды хворага? Рэктар прасіў, каб я ўзяў у дарогу як мага больш лекаў, асабліва ад запаленчых працэсаў.

Пранціш зразумеў, што Лёднік у душы пагадзіўся з тым, што давядзецца адпраўляцца ў падарожжа. І — насуперак усяму — у душы драгуна, як бурбалкі ў шампанскім, узвіхурыла радаснае прадчуванне новых прыгодаў.

І ўжо зусім не здзівіла, калі тым жа вечарам падхаружаму Вырвічу прынеслі ліст ад паручніка Малішэўскага з дазволам працягнуць адпачынак, каб суправаджаць хворага шляхціца Якуба Шрэдэра.

Дык, можа, і няма нічога падступнага ў гэтым даручэнні? Можа, дарэмна прафесар пераймаецца і Пранціша палохае?

Пані Саламея так і разважала, праз два тыдні рыхтуючы мужчын у дарогу, жартавала, напявала… Але Пранціш бачыў у яе сініх вачах тугу і спалох.

Вырвіч не паленаваўся схадзіць да банкіра Мамоніча, спраўдзіць, што належыць перадаць Ганульцы. Куфэрачак з каштоўнасцямі, упрыгожаны срэбнымі налепкамі з выявай герба Агінец, Пранціш перабіраць не стаў, але здагадваўся, што пасаг у цемнавокай сціплай паненкі Макавецкай цяпер немалы.

Куфлі ў апошні вечар перад выправай у дарогу прыгожанькая Рыўка налівала Пранцішу Вырвічу з верхам, а ўсміхалася з абяцаннем… Зоры над Вільняй былі буйнымі, як залатыя яблыкі, здавалася, іх можна стрэсці з нябёснага дрэва, варта толькі знайсці, дзе звісаюць ягоныя галінкі, каб ухапіцца… І няхай дзесьці за акіянам пані Паланэя гушкае рудавалосага сынка, знойдзецца вялікае каханне для пана Вырвіча і на Беларусі…

1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)