Хроніка дзетдомаўскага саду
- Автор: Казько Віктар
- Год: 1987
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Хроніка дзетдомаўскага саду». Краткое содержание книги:
— Запомніць і запісаць,— загадаў Караблю старшыня райвыканкома.— Выдзеліць у дзень суботніка тэхніку для будаўніцтва дарогі. Людзей у той дзень нікуды не адрываць. Усе на дарогу...
Запісваў гэта хто ці не, але ўсю доўгую зіму вёска зноў жыла ў чаканні суботніка. I ўсякая гаворка зводзілася да таго, як выйдуць яны на дарогу, як адладзяць яе. Праўда, чым бліжэй да вясны, тым гаворка тая ўсё больш глухла. Браў сваё вясновы сельскі калаўрот. Але ўсё ж, які ні магутны той калаўрот, маюцца і сёння на сяле дні, якія сустракаюць і праводзяць як вялікае свята, адзначаюць гарэлкай ці працай, ці адразу гарэлкай і працай. Да іх належыць і суботнік. Напярэдадні таго суботніка я завітаў у вёску, зусім не таму, каб адзначыць яго тым, чым зрабілася ўжо звыкла адзначаць. Мяне ніхто і не запрашаў на той суботнік, не абавязваў выходзіць. Вечарам, праўда, забег на хвілінку Уладзік, пераказаў вясковыя навіны, абмовіўся і пра суботнік: што ўжо народу будзе, што ўжо народу будзе, кожнаму тая дарога ў пячонку ўелася. Зайшлі яшчэ некалькі чалавек, і ў кожнага на языку дарога: усе выйдзем, усе — як адзін. I вечарам я яшчэ не прылучаў сябе да ўсіх, а раніцаю адчуў сябе няёмка. Гэта ж не хто іншы, а я па той дарозе езджу, і больш і часцей за іншых. Вось і цяпер прыехаў, а праўдзівей, прыплыў. Толькі з'ехаў з асфальту, сустрэў незнаёмага мне чалавека, спыніўся, павітаўся, спытаў:
— Даеду да вёскі, праезджая цяпер дарога?
— А гэта залежыць ад машыны,— адказаў ён мне.
— Машыну ж бачыце.
— Бачу, ды толькі на ёй не напісана, казённая яна ці свая.
— Свая,— адказаў я трохі жартам.— Да казённай яшчэ не дарос.
— Ну, тады не праедзеш. На сваёй ні ў жызні не праедзеш.
Напрарочыў. Я сядзеў на кожным метры, рабіў гаць, сёк кусты, добра, што прадбачліва запасся з дому сякераю. Выграбаючы гразь з каляіны, калі машына клалася чэравам на дарогу, дамкраціў то перад, то зад, падсоўваў пад калёсы рознае ламачча і бярвенне. Але сваім ходам дапоўз толькі да Курскай дугі. А далей была вада, мора разліванае. Вылез, прайшоўся, правяраючы каляю, здаецца, як кажуць, тупкая, пясок пад вадой, цвёрда. Трохі чакаў, мо падскочыць які трактарок, падстрахуе. Але так нічога і не дачакаўся — махнуў рукой: што будзе, тое будзе. Праехаў метраў з дваццаць, і ў салон праз шчыліны зацурчэла вада, заліла, пэўна, і матор, ён заглух. Яшчэ метраў дзесяць я выцягнуў на запальванні. А далей не дапамагло ўжо і запальванне, пэўна, пасадзіў акумулятар. Салон быў поўны вады. Я сядзеў у ім — як певень на седале. Вакол мяне плавалі гасцінцы, што вёз з горада ў вёску: тарты, боханы белага і чорнага хлеба, крупы. Я ўратаваў толькі тарты і хлеб, а на крупы плюнуў. Мне абрыдла раптам усё, не было сілы і пальцам нават варухнуць, не было жадання вылазіць з машыны. Ды, па праўдзе кажучы, вылезці немагчыма. Адчыні толькі дзверцы, і вада хлыне патокам. А боты ў мяне хаця і гумовыя, але кароткія, не вясковага крою і ладу. I, абыякавы да ўсяго, я сядзеў і слухаў, як скварчыць, сочыцца праз машынныя шчыліны вада, глядзеў скрозь лабавое шкло на пустую дарогу — як глядзяць з акна сваёй хаты на тую дарогу ці на вуліцу, прыладзіўшыся пад абразамі, вясковыя старыя. Чаго я чакаў, на што спадзяваўся. Цуду, пэўна, чакаў, дзіва. I яно аб'явілася мне ў вобразе і абліччы старэйшага Місцюковага сына, трактарыста. Ён падагнаў трактар амаль ушчыльную да радыятара маёй машыны, мне нават здалося, што трактар падамне машыну, сплюшчыць яе і мяне заадно ўжо. Місцюкоў жа сын добра мяне ведаў, колькі разоў бачыліся, хаця ніколі не сказалі адзін аднаму благога слова, добрага таксама не сказалі. I нічога добрага я не мог ад яго чакаць. Ён першы загаварыў са мной, затармазіў трактар і скочыў з кабіны ў ваду, якая ахапіла вышэй за халявы кірзавых ботаў яго ногі.
— Трос ёсць? — спытаў ён адразу, не трацячы час на пазнаванне.
Трос ляжаў у мяне ў багажніку, я пацягнуўся ўжо да ручкі дзверцаў, каб выйсці з машыны і адчыніць багажнік.
— Сядзі,— перапыніў ён мяне. Працягнуў у акно руку, і я падаў яму ключы. Ён сам узяў трос з багажніка, сам пачапіў адным канцом на крук трактара, а з другім ён валтузіўся даволі доўга. У маёй машыне не было крука для буксіроўкі. I, каб завесці трос, трэба было памаракаваць, мо і ў ваду лезці — а значыць, і вымакнуць. А гэтага я не мог дапусціць. Не мог дапусціць, каб з-за мяне і маёй машыны мучыўся іменна сын Місцюка, і зноў памкнуўся да ручкі, каб адчыніць дзверцы.
— Сядзі ўжо,— амаль што загадаў цяпер ён мне. Мо б я і паслухаўся яго, але гэтае яго маленькае «ўжо» выкінула мяне з машыны.
— Ну і дурань,— ацаніў і ўхваліў мой подзвіг, скоса зірнуўшы толькі на мяне, як на штосьці сапраўды бязглуздае і не вартае ўвагі і іншых слоў. I разам з цёкам халоднай вады, што хлынула зверху халяў маіх кароткіх ботаў, я зразумеў гэтае сваё глупства, адчуў сябе няёмка перад ім. I пачуццё няёмкасці не адыходзіла ад мяне ўсю дарогу, што засталася да вёскі, пакуль цягнуўся следам за трактарам на буксіры. I буксіраваў мяне сын Місцюка. Таго самага Місцюка, які ссёк маю яблыню, піў бярозавік з маёй бярозы, залез у маю хату, заняў яе. I я павінен быў ненавідзець яго. Ён вораг мой, з якога боку ні падыходзь. Але дзіўная справа, я не знаходзіў у сабе ні варожасці да яго, ні нянавісці. Больш таго, я спрабаваў апраўдаць яго. Што гэта, як растлумачыць мне сабе. Ці ў мяне вельмі кароткая памяць? Так жа можна дакаціцца і да сваяцтва з Місцюком. Забягаючы крыху наперад, я павінен прызнацца, што я сёння блізкі да таго, каб парадніцца з Місцюком. Мой сын і малодшая дачка Місцюка дружаць, праводзяць разам вечары, сустракаюць поўнач на лавачцы каля разбуранага дзетдомаўскага ганка. Занадта ж літаратурны сюжэт, ці не праўда? Я пракручваю яго ў галаве, ведаю, што ён немагчымы для мяне ў літаратуры: магу пісаць, магу не пісаць, але пісаць не буду. Але гэта тое, што тычыцца літаратуры, а як у жыцці? Што і як я павінен сказаць сыну. Забараніць сустракацца з любай яму дзяўчынай. Але чаму, чаму я павінен умешвацца ў яго жыццё, ламаць яго. Хаця, згодна логіцы, павінен.