Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2008
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка». Краткое содержание книги:
– Баюся, ты маеш рацыю, Сэме, – згадзіўся Фрода, – аднак, спадзяюся, мы хоць раз яшчэ стрэнем Панну Эльфаў перад сыходам.
Не пасьпеў вымавіць, як пабачылі, быццам адказ, што панна Галадрыель сама набліжаецца да іх. Высокая, бялюткая, сьветлая, яна крочыла, нібы сьвітанак між дрэваў. Не сказала ані слова, але ж павабіла за сабою.
Павяла іх да паўднёвага схілу пагорку, на якім стаяў Карас Галадхан. Мінуўшы высокую жывую загароджу, крочылі ў сад за гаспадыняй. Тут не расьлі дрэвы й анічога над галавою не захінала нябёсаў. Вячэрняя зорка ўжо ўзышла й зьзяла белым полымем над заходнімі лясамі. Па доўгай лесьвіцы спусьціліся ў глыбокую зялёную лагчавіну, празь якую бег, шапочучы, срэбны струменік, які выцякаў з фантану на пагорку. На самым дне лагчавіны, на нізкім п'едэстале, вычасаным як галінастае дрэва, стаяла вялізная срэбная чара, шырокая й плыткая, а побач зь ёю – срэбны гарлачык.
Вадою з струменю Галадрыель напоўніла чару да краёў, тады дыхнула на яе, а калі паверхня супакоілася, сказала:
– Перад вамі Люстэрка Галадрыелі. Я прывяла вас сюды, каб вы зазірнулі ў яго, калі пажадаеце.
Паветра нерухома застыла, лагчавіну агарнуў змрок, а побач стаяла эльфская панна, бялюткая, высокая. Фрода ледзь адважыўся спытаць:
– А што мы пабачым там, сьветлая спадарыня, чаго нам чакаць?
– Я магу загадаць Люстэрку адкрыць мноства рэчаў і падзеяў. Некаторым я паказваю тое, што яны хочуць бачыць. Але Люстэрка раскрывае й відмы нечаканыя, няпрошаныя, і часта яны больш дзівосныя й карысныя за тое, што мы жадаем і чакаем. Што ты пабачыш, дазволіўшы Люстэрку выбіраць самому, мне невядома. Але яно заўсёды паказвае тое, што было й што ёсьць. Таксама тое, што можа быць. Але што менавіта – ня кожны з мудрых здолее зразумець. Ці жадаеш ты глянуць?
Фрода не адказаў.
– А ты? – панна павярнулася да Сэма. – Гэта ж менавіта тое, што твой народ кліча чарамі, як я разумею, хоць я й не зусім усьведамляю, што для вас значыць гэтае слова. Бо гэтаксама вы называеце падманы й мроі, якія стварае вораг. Але гэта, калі жадаеш, чары Галадрыелі. Ці ж ты не казаў, што прагнеш пабачыць эльфскія чары?
– Так, – пагадзіўся Сэм, вагаючыся паміж страхам і цікаўнасьцю. – Дый я ж адным вочкам, спадарыня, калі дазволіце.
– Я ня супраць пабачыць тое, што робіцца ля хаты, – дадаў, зьвярнуўшыся да Фрода. – Жудасна, колькі часу ня быў дома. Але ж тут, напэўна, толькі зоры якія й будуць ці шчэ што, чаго й уцяміць немажліва.
– Можа, так, а можа, і не, – ціхенька засьмяялася панна. – Ходзь сюды, зірні – пабач, што здолееш. Толькі не кранай вады!
Сэм ускараскаўся на п'едэстал і нахіліўся над чарай. Паверхня вады выглядала цьвёрдай ды цьмянай. У ёй адбіваліся зоры.
– Ну, адныя зоркі, як і думаў, – вымавіў Сэм, а пасьля вохнуў, бо зоры раптам зьніклі. Бы адшмаргнулі змрочную завесу, Люстэрка пашарэла, а тады праясьнілася. Паказала зыркі дзень і галіны дрэваў, якія калыхаў і хістаў вецер. Не пасьпеў Сэм зразумець таго, што ж такое яму паказваюць, як сьвятло ўжо сьцьмела й падалося, быццам зьбялелы Фрода ляжыць і сьпіць моцна пад вялізнаю чорнаю скалой. Потым пабачыў сябе ў доўгім цёмным праходзе, а тады на бясконцай лесьвіцы-вітуніцы. Уявілася выразна, што шукае нечага тэрміновага, надта патрэбнага, але чаго – так і ня ўцяміў. Выява зрушылася, бы сон, і зноў зьявіліся дрэвы. Але цяпер яны былі ня так блізка, як раней, і Сэм разабраў, што робіцца: гэта ня вецер церабіў галіны, гэта яны падалі разам з дрэвамі й ламаліся з храскам аб зямлю.
– Ну вы там! – раззлаваўся Сэм. – Гэна ж Тэд Пяшчак сячэ дрэвы! Ды хто яму дазволіў? Іх жа нельга секчы, яны растуць паабапал шляху ад млыну да Прырэчча, каб цянёк быў! Ну, патрапіў бы я зараз да яго, ну, я яму пасек бы!
Але раптоўна Сэм заўважыў, што й сам стары млын зьнік, а на ягоным месцы тырчыць вялікі будынак з чырвонай цэглы. Ля яго варушылася мноства народу. Побач вытыркнулася высачэзная цагляная труба печы. Чорны дым засьціў паверхню Люстэрка.
– Дурныя справы робяцца ў Шыры, – вымавіў Сэм. – Спадар Эльранд ведаў, што казаў, калі прапаноўваў адаслаць спадара Мэры дахаты.