Ціша
- Автор: Федарэнка Андрэй
- Год: 2014
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 978-985-02-1519-2
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Ціша». Краткое содержание книги:
Кароткі прагляд газет, тэлевізар і «Акіян» з’яўляліся для Стэфана адзіным адпачынкам. Увесь астатні час ён не мог без працы — усё нешта габляваў, стукаў, капаў, альбо, калі ўжо зусім не было чаго рабіць, падмятаў двор, на якім і так ні акурачка, ні трэсачкі, ні саламінкі; але дзядзька Стэфан усё роўна гадзінамі мог вышкрэбваць зямлю венікам. Цётка Поля, яго жонка, па сакрэце расказвала Петрыкавай маці, што нават уночы ў ложку ён не мае спакою, варочаецца, уздыхае, не любіць спаць, лічачы сон марнай тратай часу.
— Нервенны чалавек, — напаўголаса дадавала цётка Поля.
Яна была ціхім ценем мужа — такая ж працавітая, гаспадарлівая, эканомная, як руплівая мыш, і надта была ахвотніца рабіць запасы. У сенцах, каморках, баковачках, па ўсіх кутках, дзе дазваляла месца, паліцы былі застаўлены слоікамі варэння, розных закрутак, закатак, саленняў, марынадаў, мачэнняў; цесна стаялі палатняныя мяшэчкі з сухімі грушамі, яблыкамі, абрыкосамі, вішнямі, слівамі; на глухой сцяне ў верандзе віселі на цвічках і давалі прыемны пах пучкі зёлак, усялякі зверабой, мята, меліса, чыстацел, каліна, рабіна; на кухні каля пліты, у кутку, прыкрытыя чыстай марляю, звісалі з жэрдачкі нізкі цыбулі, часнаку, сухіх белых грыбоў… Свае запасы яна трымала ў надзвычайнай акуратнасці, ведала месца кожнаму слоіку, але здаралася, што Стэфан, доўга што-небудзь шукаючы і не могучы знайсці, не вытрымліваў, ставіў на паліцу руку і змахваў за раз на ўсё падлогу. Ляцела, звінела, білася!.. Ён называў гэта — «грабянуць». І калі ён, будучы не ў гуморы, памаўчаўшы, папярэджваў:
— Зараз грабяну! — як толькі вымаўляў гэтае слова, Поля з усіх ног ляцела бараніць сваё дабро, целам яго закрывала.
«Нервенны які, з характарам», — шаптала яна, а ўголас сказаць баялася.
Дзядзька Стэфан, калі прыбег да яго імяніннік, падграбаў пад яблынямі ў садзе лісце і складаў на тачку, каб вывезці потым на вуліцу на сметнік. Петрык увязаўся за ім. Дзядзька Стэфан ссыпаў лісце ў кучу. Закурыў.
— Во-о-сь, — сказаў ён. — Капораў певень сюды панадзіўся хадзіць. У тым годзе. Я лісце выводжу, ворах насыпаю, а ён ходзіць і ходзіць. Чаго ты ходзіш? Неяк я сабраўся гэты ворах спаліць. Плюхнуў бензіну, ляп-ляп па кішэнях — сернікаў няма, толькі машынка. А з машынкаю ж не падступішся. Пайшоў па сернікі. Вяртаюся — а певень залез на кучу, стаіць і бензін нюхае. Мяне не бачыць. Я ззаду падкраўся — чырк запалку! кідзель! як ударыла полымя! як шуганула! як узвіўся певень! Во-ось.
Ён дастаў з кішэні маленькія нажнічкі, адшчыкнуў чорны канец цыгарэты, паклаў недакурак назад у пачак. Паўза была неймаверна доўгая.
— На дванаццаць метраў уверх! — сказаў нарэшце Стэфан. — Так, значыць, спалохаўся. Ён жа не чакаў! Капора потым пытае — што з маім пеўнем, не есць, пер’е пачало выпадаць? Я кажу, я ж не ведаю, што ў твайго пеўня ў галаве. Так пакрысе схуднеў, абліняў — і памёр, бедны. Ад стрэсу. Вядома, памрэш! А то ў гэтага Капоры яшчэ сабака вые дзень і ноч, — паскардзіўся дзядзька Стэфан, беручыся за тачку. — Смерць наклікае… Няма каму па губах надаваць. А вы куды ўчора ездзілі? Зноў да таго Меднага?
Петрык, пад ўражаннем гісторыі з пеўнем, які перажыў стрэс, не адразу пачуў пытанне.
— Да яго… А ў мяне імяніны сёння! — успомніў ён.
— Колькі табе?
— Восем.
— Вялікі расці, — ветліва сказаў Стэфан.
Вярнуліся ў двор. Дзядзька, крэкчучы, нагнуўся пад яблыню, падняў антон.
— На, — выцер аб штаны і працягнуў Петрыку. — Вялікі расці. Ну, як там той дзяляга пажывае? Што казаў?
— Казаў, што ў вас як у латыша — хрэн ды душа, — міжволі наіўна вырвалася ў Петрыка. Ён прыкусіў язык, ды позна.
Дзядзька Стэфан памаўчаў, памыляў губамі.
— Во-ось што я табе, нябож, скажу. Другі раз пабачыш яго, дык перадай, — скажы, дзядзька Стэфан перадаў, што гэта не ў мяне, а ў яго, як у латыша — хрэн ды душа! Так і перадай! Не забудзеш?
— Не забуду.
У дзядзькавым голасе чулася не толькі крыўда, а яшчэ як бы і зайздрасць — надта ж трапным, дасціпным падалося яму выслоўе. Стэфан яўна перажываў, што не сам да такога дадумаўся. Таму, праводзячы пляменніка, ён расхваляваўся і ўсё паўтараў:
— Толькі не забудзь! Так і перадай! Так і скажы — гэта ў цябе, скажы, як у латыша! Чуеш? Во-ось…
— Ну што? — сустрэла сына маці.
— Во, яблык.
Маці абнюхала антон — позні, васкова-жоўты, цяжкі. Яблык на ўвесь пакой пах мёдам.
— І ўсё?
— Сказаў «вялікі расці».
Маці паклала яблык на канапу побач з гітарай. Яшчэ на канапе ляжаў канверт з пісьмом ад бацькі. У пісьме — вялікім, з рознымі прыгожымі лірычнымі апісаннямі, паведамлялася, што бацька хацеў зрабіць сыну на дзень нараджэння незвычайны падарунак — прыслаць асятровай ікры, прычым самай свежай, уласнага прыгатавання; ён хацеў напіхаць яе ў вялікія грэлкі і выслаць, прычым сам сабраўся налавіць асятроў, донкамі на жыўцоў-уюноў: «Асятры хапаюць ўюна, як ашалелыя!» — пісаў бацька. Але напароўся на рыбахову, а ў яго не было ліцэнзіі, і замест падарунка давялося заплаціць штраф за кожную «асятровую галаву». Асятроў адабралі і выпусцілі назад у Лену. Бацька прасіў прабачэння за гэта.