Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 3». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У трэці том Поўнага збору твораў увайшлі аповесьці «Мёртвым не баліць» (1965 г.), «Праклятая вышыня» (1968 г.), «Сотнікаў» (1970 г.), «Сьцюжа» (1971 г.).
1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 268
Перейти на страницу:

— Які к чорту ДОП! Вось яны як урэжуць да ранку — будзе тады і ДОП і поп.

— Таварыш капітан!

Каця махае рукой.

— Ды ну яго, младшой!

Яна ўскоквае ў перадок, я ўвальваюся ў фурманку. Ездавы агравае коней і, аб’ехаўшы «студэбекеры», мы імчым па начной вуліцы. А ў сяле так па-вячэрняму ўтульна і мірна, што мне аж робіцца страшна. Я ўжо прадбачу, чым можа скончыцца такая ідылія. Не, што б там ні стала, трэба знайсці камандзіраў ці штаб. У адным двары, дбайна прыціснуты да сцяны, стаіць «віліс», ля якога моўчкі поркаюцца двое, — мусіць, знімаюць сваё майно. Дзе «віліс», там заўжды начальства, і таму, згледзеўшы машыну, Каця адразу спыняе фурманку.

— Сядзі, младшой. Я сама.

Я застаюся ў возе, а яна бяжыць у двор і нешта тлумачыць тым двум. Неўзабаве яны ўсе выходзяць на вуліцу і ідуць да фурманкі.

— Вось младшы лейтэнант наткнуўся… Камандзіра роты забілі, — кажа дзяўчына і змаўкае, з надзеяй пазіраючы на чалавека.

Я таксама ўзіраюся ў яго, — гэта мажны, падпяразаны па шынялі мужчына, на плячах шырокія з двума прасветлінамі пагоны. Іншых знакаў там не відаць, але ён у вушанцы: маёр або падпалкоўнік.

— Вы дзе бачылі танкі? — спакойна звяртаецца ён да мяне.

— У стэпе, таварыш падпалкоўнік. — (На ўсякі выпадак я бяру большае з магчымага, за гэта не крыўдзяцца.) — Кіламетры праз тры адсюль. Штук з дванаццаць стаяць стваламі сюды.

— Вы думаеце, гэта нямецкія?

— Нямецкія, — кажу я. — Нас абстралялі. Камандзіра роты забілі. Мы вось ледзьве ўцяклі з палонным.

Падпалкоўнік моўчкі азірае мяне, потым немца, які сціпла стаіць ля фурманкі і трасецца ад сцюжы.

— Так. Добра. Можаце ехаць, — памеркаваўшы, кажа камандзір.

Ля яго моўчкі чакае другі, у целагрэйцы — мусіць, шафёр або ардынарац. Мала што разумеючы з гэтага дазволу, я пытаюся:

— А куды палоннага здаць?

— Палоннага ў Іванаўку. Згодна з распараджэннем камандуючага, зборны пункт для палонных у Іванаўцы.

— Дык тут усе параненыя, — кажа Каця. — Вазьміце вы немца.

— Не, адпраўляйце ў Іванаўку, — спакойна, але з няўхільнай цвёрдасцю кажа камандзір. — I, дарэчы, паведаміце там пра танкі. Скажыце, падпалкоўнік Стах паслаў, — нечакана загадвае ён.

Вось табе і раз! Мы — ім, а яны нам. Дамовіліся! Атрымалі загад! Падпалкоўнік з тым, што ў целагрэйцы, адыходзяць з дарогі пад сцяну хаты і закурваюць. Мы стаім на месцы і збянтэжана пазіраем на іх. Чутна, як той, другі, сцішана прапануе начальніку:

— Мусіць, трэба змывацца… Ну іх к д’яблу, гэтыя танкі…

Я не чую, што адказвае падпалкоўнік. Хутка яны ўдвух хаваюцца ў двары, і тады я лаюся. Нешта ва мне надрываецца. Вытрымка мая на тым скончылася, я гатовы абурацца і крычаць — што ж гэта робіцца? У возе стогнуць параненыя. Каця таксама злуецца:

— Тылавікі праклятыя! Канцэнтратаў аб’еліся — не праб’еш! Хоць каравул крычы!

— Паганяй! — крычу я на ездавога. — Паганяй!

Ездавы зноў паганяе. Мяне ахоплівае нецярплівасць — чорт з імі, паедзем у Іванаўку! Толькі дзе яна, гэтая Іванаўка? Як яе знойдзеш уначы, і колькі на тое спатрэбіцца часу! А тут яшчэ два небаракі ў падводзе!.. I немец, што трухае ззаду. I мая мокрая ад крыві нага, якая ўжо задубела і нема баліць ад раны і марозу…

На завароце вуліцы мы ледзьве не збіваем з ног некалькі байцоў. Ратуючыся ад коней, яны, лаючыся, ускокваюць на прызбу хаціны. Адзін нехта прыціскаецца да плота, і па ладнай цыгейкавай шапцы на галаве, а найбольш па сумцы ля боку, я пазнаю ў ім камандзіра. Раптоўная надзея ўспыхвае ва мне. Я хачу спыніць фурманку, але яна спыняецца сама — гэта ён у злосці хапае за цуглі коней і завяртае фурманку ўпоперак вуліцы.

— Стой!

Голас яго злы, уладарна-нецярплівы, здаецца, зусім недарэчы такая сустрэча. Але цяпер гэта мяне мала засмучае: што там далікатнасць, калі ў тылы прарваліся танкі! Я хачу крычаць яму пра іх, ды ён апярэджвае мяне:

— Хто такія? Чыя павозка?

— Ды параненыя! Не бачыце хіба? З батальёна Шароніна, — адказвае Каця.

— Таварыш камандзір, — кажу я. — Трэба як перадаць у штаб, у разведаддзел… Камдзіву. У стэпе недалёка танкі. Нямецкая засада.

Камандзір усё гэта зацята выслухоўвае, падыходзіць да павозкі, зазірае ў яе і, нібы не чуючы маіх слоў, тонам, які не дапускае пярэчання, загадвае:

— Злезці ўсім!

— Ды вы што? — усхопліваецца на перадку Каця. — Вы што: тут цяжкапараненыя!..

— Санінструктар, так? Ка мне, санінструктар! Вы, паранены, таксама! — не прымаючы пад увагу пярэчанні, ківае ён на мяне.

Аднекуль ля яго з’яўляецца аўтаматчык, цяпер іх ужо двое. Камандзір стаіць за два крокі ад мяне, грозны і няўмольны, як генерал. Я ўзіраюся ў яго плечы, імкнучыся вызначыць званне, але там нічога не зразумееш. Угары ззяе месяц, і мне не відаць яго твару, зацененага шапкай. Але я ўгадваю, што твар гэты не абяцае дабра.

1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 268
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)