Пахвалі пражыты дзень
- Автор: Ткачев Василь
- Год: 1988
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Пахвалі пражыты дзень». Краткое содержание книги:
Я часта ўспамінаю таго старшыню. Чую імя яго па радыё. Сустракаю ў газетах. Хваляць.
Цікава, пабудаваў ён усё ж сталовую ці 'не?
* * *
Цётку Марфу Мікалаеўну я ведаю даўно. Жыве яна з мужам, Васілём Трафімавічам, з сынам, нявесткай і ўнукамі. Не ў Беларусі жыве цётка Марфа — у далёкай ад нас Удмурціі, пад Іжэўскам. Я часта бываю там у сваякоў і абавязкова заходжу да Глездзянёвых — такое прозвішча ў гэтай дружнай сям'і. Гасцінныя яны людзі. Мёд на стол, яблыкі, ягады і абавязкова круглы бохан хлеба. 3 печы. I колькі я ні бываў у іх, ніколі не бачыў, каб падавалі да стала хлеб з магазіна, а магазін насупраць, вокны ў вокны, і хлеб прывозяць рэгулярна. А вось Марфа Мікалаеўна аддае перавагу свайму.
Аднаго разу заехаў да Марфы Мікалаеўны першы сакратар райкома партыі. Павітаўся.
— Ехаў побач і чую духмяны пах хлеба. Сама, значыць, Марфа Мікалаеўна, выпякаеш? Малайчына. Дзяцінства ўспомнілася. Мама... А мы каля печы, малеча, таўчэмся, чакаем, калі яна дастане боханы. Смачны быў хлеб. Сонцам на стале ляжаў. Дзякуй вам...
У нас жа, у Беларусі, я ніводнага разу не сустрэў Марфу Мікалаеўну. Усё спадзяюся. А раптам?..
* * *
Універсам. Ён у невялікім раённым гарадку, пра які звычайна гавораць: на адным вуглу слова скажаш — на другім пачуюць. Час даволі позні, за вокнамі шэрань, скуголіць завіруха. Дзве касы. Што мяне, новага чалавека ў гарадку, здзівіла, дык тое, што каля адной касы людзей багата, хоць у вузел завязвай, а каля другой — двое-трое. Пытаюся ў жанчыны, чаму так?
–Тая, расфуфыраная, ні за што цябе абразіць можа. I прычэпіцца ж да рознай дробязі. Таму ўсе ў гэтую касу ідуць. Ніхто не хоча настрой сабе псаваць. Гаварылі, і не адзін раз, загадчыцы, толькі дзіўна — сядзіць як сядзела... Цяпср хоць і ўсміхацца пачне, я да яе не стану... Няхай сядзіць. Лепш у чарзе пастаю. Вунь, вунь, — зноў спрачаецца з ёй пакупнік. Не наш ён, камандзіровачны, я сваіх тут усіх ведаю...
* * *
Чатыры сыны ў майго знаёмага Мацвея Міхайлавіча Чэкана. Волаты-хлопцы. Старэйшы, Аляксей, першы праклаў дарогу ў горад, жыве у Ленінградзе, працуе на заводзе. За ім паехалі і яшчэ двое, Павел і Сяргей. Дома застаўся толькі малодшы — Яша. Адслужыў ён у арміі, робіць на трактары. «Хоць адзін пры мне, і тое добра»,— радаваўся бацька. Нядаўна Яша ажаніўся, прывёў у хату вясковую прыгажуню Насцю. Жывуць.
– Ты вось што, сын,— сказаў неяк Мацвей Міхайлавіч,— будавацца думаеш ці не? Трэба, трэба. Хатка ў нас старая, сам бачыш, цесная. Нап твой век яе ўсё роўна не хопіць, так што калі-небудзь трэба пачынаць. Лепш цяпер, у маладыя гады. Ды і я падсоблю...
Сын здзівіўся:
– А навошта мне хату будаваць? Калгас вунь хутка здаваць будзе катэджы. Для нас, маладых. Гатовенькі дом бяры ды і жыві!
— Э не,— крутнуў галавой стары.— Так не пойдзе справа. Як жа ты будзеш заўтра, калі сёння табе дом адразу, жыць? Не, сын мой, не. Лёгка пачынаць жыццё таксама кепска. Спярша солі лізнуць трэба, а тады ўжо цукру. А ты паспрабуй наадварот? Цукар нясмачны будзе. Так- то! Ды і дом калі мазалём дасціся, тады ён навечна твой будзе, моцна ўрасцеш у нашу зямельку. А той, калгасны, хоць і прыгожы, але ўсё роўна чужы... Яго лёгка кінуць. Ён як інтэрнат. .Сёння ты пераначаваў, заўтра іншы хто. Не, сын, будзем дом для цябе будаваць. 3 бярвенняў. Пад шыферам. Хлеў побач паставім. Жыць дык жыць!
Мацвея Міхайлавіча многія палічылі ў вёсцы дзіваком: забараніў жыць у калгасным доме сыну — і хоць ты што!
Звіняць у Стараселлі сякеры, спявае піла, хораша пахне смалой. Будуецца дом.
* * *
Калектыў вярнуў дырэктара. Цяпер, як і раней, Леанід Іванавіч Аляшкевіч сядзіць у сваім кабінеце. Сядзіць — не тое, пэўна, слова, бо каб сядзеў ён, а не быў заўсёды сярод людзей, то яны б і не адваёўвалі яго.
Гомельскі тлушчакамбінат не выканаў план васьмі месяцаў. Дырэктара выклікалі ў Навабеліцкі РК КПБ. На «дыван». Спыталі: «Абяцаеце паправіць становішча, Леанід Іванавіч?» Дырэктар не паабяцаў. Не змог. Паабяцаць — значыць пакрывіць душой. I было прынята рашэнне: вызваліць ад займаемай пасады!
У райкоме партыі перастрахаваліся — стары, апрабаваны метад: калі спытаюць вышэй, якія меры прыняты, каб паправіць становішча на камбінаце, першым — і галоўным! — пунктам прагучыць: дырэктара знялі. Колькі ў нас добрых кіраўнікоў зляцела з-за такіх вось пера- страхоўшчыкаў! А рабочыя з тлушчакамбіната заявілі: вярніце нам дырэктара, іншага не прымем! Што гэта, калектыўная амбіцыя? Не, гэта калектыўны — і цвярозы! — падыход да справы. Людзі ў гэтай сітуацыі аказаліся вышэй, чым раённае начальства. Яны ведалі, па якой прычыне нс выканан план. Старое, дабітае абсталяванне, капітальны рамонт маянэзнага цэха зроблены няякасна. Ну, прызначаць новага кіраўніка, і што зменіцца? Тут хоць адразу двух дырэктараў давай, а карысці мала будзе. Зняць дырэктара — гэта не выйсце, няма нічога горшага, як зрабіць чалавеку балюча...