Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 140
Перейти на страницу:

Не гараваў Агапій на тым пахаванні, але яго кароткая адлучка прыйшлася на Купалле, і, як высветлілася пасля, тады зацяжарала старэйшая дачка. Ён і не здагадваўся ні аб чым, калі апошні раз прыязджаў у Храмавы горад, падзівіўся толькі са змучанага выгляду сваёй пястункі: запалі яе фіялетавыя вочы, твар пацьмянеў, расплыўся. Толькі калі прыслалі па яго служку з жахлівай навіной, калі таяла яна на вачах васковай свечкай і не адказвала на ягоныя пытанні, а глядзела з нейкай далечыні, нібыта стаяла ўжо на другім беразе, які імкліва аддаляўся — вось тады ўспомніў, што апошнія глыткі ахвярнай каніны падаліся згарчэлымі, ажно не мог іх даесці.

Калі ж падносіў галаўню да яе пахавальнага кастрышча, рукі трэсліся так, што ледзь не папаліў на сабе адзенне, ажно Святазар ушчуваў за тое, што перашкодзіць баярын лёгка-імклівай душы несціся ў свой незваротны вырай, бо нашто гараваць, калі неадменна настане і твая чарга? Багоў не папракаюць; застаецца схіліць галаву перад іхняй воляй.

Толькі праз паўгода прыехаў Агапій глянуць на ўнучку. Зазірнуў у вочы — з фіялетавай глыбіні іх глядзела нешта грозна-бяздоннае, нібыта прыляцелая душа не асвойталася яшчэ з навакольным светам і раздумвала, а ці не варта вярнуцца назад. Нібыта іржавая піла разанула па жывому — адхіснуўся баярын, застагнаў, а дзяўчынка няўцямна-мудра глядзела на яго, не міргаючы. Тады як заслона спала з вачэй: уцяміў раптоўна сэнс кола з дванаццацю спіцамі, узнесенага над храмам Ашвінаў. Вечна паўтараецца ўсё на зямлі, таму што не спыняецца, як бег крыві, кругазварот неба і Зямлі. А там, дзе, як агромністы конь да кола, прывязаны да Кол-зоркі* Сусвет, там корань усяго. Адтуль адпраўляюцца людзі, рэчы і першапродкі на віткі касмічнай спіралі, сюды яны і вяртаюцца пасля таго, як прайшлі свае колцы быцця, непаўторна-вялікія для іх і такія маленькія для бяздоннай варонкі Быцця. Пра гэта талкаваў колькі разоў брат, дый малады Куп прапускаў жывую ваду складанай і простай той мудрасці, як рачны пясок празрыстую хвалю, не затрымліваючы яе. А ўсплыло, бач, калі… Толькі ён не народжаны для мудрасці, яму б супыніць тахканне неслухмянага сэрца, якое рванулася да маленькага, ружовага камячка плоці, з якога, як рассыпаныя па схіле браткі, глядзяць неўміручыя вочы ягонага кахання, якое, аказваецца, ніколі ў ім не памірала.

* Палярная зорка.

…Апамятаўся стары Агапій, сплішчыў паміж цвёрдымі дошкамі цёплыя лісты перагменту, над якімі праседзеў ноч, беражліва паклаў кнігу ў чэрава абабітага жалезам куфра, зверху атуліў кавалкам ватолы*. Успомніў прароцтва Святазара аб тым, што нельга набліжацца ягонай унучцы да княжага двара, і вырашыў трымаць яе на адлегласці ад Новагародка, каб зберагчы ад няшчасця.

* Тоўстае сукно.

Неспакойнымі для Новагародка, але і габіннымі* выдаліся наступныя гады. Вялікі князь Міндоўг рыхтаваў войска, шмат грошай даставалі кавалі і збройнікі, чаканшчыкі і сядзельнікі, але і ў княжацкую скарбніцу цяклі пенязі і ваверыцы, грыўны і талеры, бо набіраў сілу гандаль іншаземны, а багіня плоднасці Цёця, альбо, як казалі жрацы, Жытняя Баба, папрацавала напоўніцу: адным рукавом дажджы на глебу сыпала, другім хмары адхіляла, каб сонейка хапіла зярнятам. І так тры гады запар. Як зацяжаралі клеці і еўні, глякі і бочкі, свірны і катухі ў падклецях; куфры і сундукі пацяжэлі, хаты ад прыбудовак ушыр раздаліся. На замку высокая каменная вежа пастала, замест дубовай сцяны вырасла таўшчэзная валуновая. Спакойна спаў баярын Агапій: у стругах купецкіх, што ішлі па Дняпры да Рускага мора, а па Нёмане праз валокі да Балтыйскага, нямала было ягонага дабра. Дый у ладдзях, што плавалі да Хвалынскага мора, таксама сёе-тое месцілася. Ад яго перападала і храму Ашвінаў; новагародскія ж святары, ведаючы тое, маўчалі, бо шчодра адорваў баярын і старую, і новую цэрквы таксама.

1 ... 14 15 16 17 18 19 20 21 22 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)